Паражэнне ад латвійскага «Вентспілса» ў 3-м кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў-2009/10 «адназначна больш балючае», чым ад іспанскай «Барселоны» ў групавым турніры ЛЧ-2011/12, заявіў галоўны трэнер барысаўскага БАТЭ Віктар Ганчарэнка ў праграме «Актуальнае інтэрв’ю» на канале «Беларусь 1». Гутарка была запісаная 9 снежня і паказаная 13-га.

Вынікі гульняў з «Барселонай» — «гэта ўдар, так, непрыемна, вельмі негатыўныя эмоцыі былі пасля другога нашага матчу, але калі адсачыць вынікі матчаў „Барселоны“ з іншымі клубамі, то,

калі каманда прыехала на „Ноў камп“ і не прайграла 5:0, напэўна, усе будуць гэтаму здзіўляцца».

Ганчарэнка зазначыў, што пасля матчаў Лігі чэмпіёнаў каманду вельмі цяжка настройваць на гульні ўнутранага першынства. «Іншы раз ёсць прытчы, але ў асноўным нейкія павучальныя словы. Іншы раз яны бываюць на павышаных танах… Іншы раз гэта неабходна, каб падштурхнуць усіх на трэніроўцы, каб больш якасна гуляць», — сказаў ён.

У сувязі з няўдалымі канцоўкамі двух апошніх гадоў трэнерскі штаб БАТЭ перагледзіць працэс падрыхтоўкі да сезона. Разам з тым Ганчарэнка падкрэсліў, што галоўнымі з’яўляюцца матчы кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў у ліпені-жніўні.

Паводле слоў трэнера, у беларускім чэмпіянаце ёсць моцныя футбалісты, але і ў БАТЭ сабраныя выканаўцы высокага ўзроўню, таму, каб не рабіць «тэхнічныя» запрашэнні, ідзе пошук замежных футбалістаў, «якія гатовы ў наступным годзе вырашаць высокія задачы».

Адказваючы на пытанне, ці не лічыць ён узровень беларускага футбола вышэйшым за ўзровень беларускай спартыўнай журналістыкі, Ганчарэнка заявіў: «Не ведаю, напэўна, гэта будзе крыўдна, але я ў гэтым упэўнены. Большасць не падазравалі, што мы можам стаць чэмпіёнамі ў матчы з „Тарпеда“ (Жодзіна), па гэтай прычыне не было ніводнай камеры на стадыёне, і пра гэта даведаліся, напэўна, пасля таго, як мы пачалі радавацца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?