Трагедыя здарылася ў вёсцы Будслаў на Мядзельшчыне. Цела 25-гадовай Алесі знайшлі раніцай 9 снежня. Алеся была практыканткай, адпрацоўвала па размеркаванні ў суседнім Ілаве. У Будславе яна наймала хатку.

Шукаць Алесю пачалі пасля таго, як яна не выйшла на працу. На тэлефанаванні таксама не адказвала. Прыехалі да яе дахаты…

Забойства, мяркуюць мясцовыя жыхары, адбылося ўначы. Забойца трапіў у хату да дзяўчыны праз акно (шыба была пабітая). На целе загінулай былі нажавыя раненні, мноства сінякоў.

Па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства ўжо затрыманая сямейная пара з Будслава. Людзі кажуць, што да іх дому прывёў службовы сабака, які «ўзяў след» на месцы злачынства.

Крымінальная справа заведзеная па артыкуле 139, ч.2, п.6 КК (забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю). Караецца ад васьмі гадоў пазбаўлення свабоды да смяротнага пакарання.

Вядзецца следства. Міліцыя каментароў пакуль не дае.

«Яна была вельмі вясёлай. Заўсёды ўсміхалася.
У яе ніякіх сакрэтаў ні ад каго не было, заўжды падзеліцца, параіцца. Стылёвая, сімпатычная, даверлівая… Увогуле добры чалавек і адказны работнік. Яна займала пасаду агранома: даглядала сад. Але заўжды казала: «Хутчэй бы адпрацаваць». Шмат хто зайздросціў ёй», — расказала Таццяна. Яна пазнаёмілася з Алесяй летам у Будславе, калі тая толькі прыехала працаваць.
«У яе быў хлапец з Горак. Летам неяк прыязджаў. Але замуж яна не збіралася пакуль не адпрацуе.
Я не ведаю, з кім у яе маглі быць праблемы. З мяcцовымі яна амаль не кантактавала», — адзначыла Таццяна.

Алеся была з Кіраўскага Магілёўскай вобласці. Сёлета скончыла аграэкалагічны факультэт Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Прыехала па размеркаванні на прадпрыемства «Ілаўскае» ў в. Ілава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?