Як паведаміў загадчык аддзела міжнародных адносін мэрыі Вільні Жыльвінас Абаравічус, мэр Вільні яшчэ ўвесну гэтага года збіраўся наведаць Астравец, дзе будуецца беларуская АЭС.

Яго запрасіў туды кіраўнік Астравецкага раёна Адам Кавалько падчас свайго візіту ў Вільню. У гэтым раёне жыве вялікая літоўская дыяспара, і Артурас Зуокас таксама хацеў сустрэцца з суайчыннікамі.

Аднак, калі Зуокас стаў збірацца з візітам у Беларусь,

з ім сустрэўся пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын і стаў угаворваць не ехаць у Астравец. Дыпламат клятвенна абяцаў, што летам у Астраўцы будзе арганізавана канферэнцыя сумесна з Мінэнерга Беларусі па пытаннях атамнай энергетыкі, і мэра абавязкова на яе запросяць. Аднак ніякай канферэнцыі ў Астраўцы так і не было праведзена.

Нарэшце, у лістападзе мэр сабраўся ехаць у беларускі прымежны пасёлак Гервяты, куды яго запрасіла мясцовая літоўская грамада.

Але

ў беларускім пасольстве Артурасу Зуокасу адмовілі ў дзелавой візе для наведвання Беларусі, сказаўшы, што яму неабходна запрашэнне ад афіцыйных уладаў. У выніку мэр падаў дакументы на турыстычную візу, але нават не атрымаў адказу з амбасады.

Як адзначыў загадчык аддзела міжнародных адносін мэрыі Вільні Жыльвінас Абаравічус, ён таксама падаваў дакументы на візу ў Беларусь. У гэтыя выходныя ён павінен быў выступаць на канферэнцыі па самакіраванні ў Мінску. Аднак і яму было адмоўлена ў беларускай візе.

Нагадаем, што

21 кастрычніка мэр Вільні сустрэўся з лідэрамі беларускай апазіцыі і жонкамі палітычных зняволеных.

З беларускага боку на сустрэчу былі запрошаныя першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, жонкі палітвязняў Змітра Бандарэнкі і Мікалая Статкевіча Вольга Бандарэнка і Марына Адамовіч, рэдактар ​​сайта charter97.org Наталля Радзіна, былы палітвязень Аляксандр Атрошчанкаў, каардынатары грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Павал Марыніч і Яўген Афнагель, кіраўнік Беларускага Дома правоў чалавека ў Вільні Ганна Герасімава, кіраўнік Таварыства беларускай культуры Хведар Нюнька, кіраўнік Беларускага палітычнага прадстаўніцтва ў Літве Алег Мяцеліца, прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Аляксандр Калбаска, культуролаг, гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі, адзін з кіраўнікоў тэлеканала «Белсат» Эдуард Мельнікаў і іншыя.

Артураса Зуокаса, у першую чаргу, цікавіла палітычная сітуацыя ў Беларусі. Ён адзначыў, што тое, што адбываецца ў краіне па суседстве з Літвой, не з’яўляецца нармальным і татальнае парушэнне ў Беларусі правоў чалавека выклікае непакой.

Палітык падрабязна распытаў ў прысутных, з якімі праблемамі сёння сутыкаюцца беларускія дэмакратычныя актывісты. Асабліва яго цікавіў лёс палітычных зняволеных Андрэя Саннікава, Змітра Бандарэнкі, Мікалая Статкевіча, Змітра Дашкевіча і іншых.

Зуокас заявіў, што гатовы зрабіць усё, што ў яго ў сілах, каб пра сітуацыю ў Беларусі як мага больш ведалі ў Літве, і каб літоўскія палітыкі і бізнэсмэны былі больш прынцыповыя ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?