17.12.2011 / 10:01

«Забойства як і не было. А я сына пахавала…» 3

Месяц таму ў Слуцку да смерці збілі мужчыну.

Па афіцыйнай версіі Анатоль Елісееў памёр ад атрыманых удараў падчас бойкі. Родныя Анатоля не вераць следству і дабіваюцца, каб справу забрала Мінская абласная пракуратура.

Тры тыдні не высыхала кроў

Галіна Елісеева — маці 36-гадовага Анатоля, якога знайшлі мёртвым 13 лістапада. Жанчына прыводзіць на месца здарэння — каля інтэрната спорткомплекса «Дэльфін». Паказвае на лужыну. Тут і знайшлі яе сына. Жанчына кажа, што тры тыдні кроў не сыходзіла ў зямлю — стаяла вось такой самай лужынай. Галіна Анатольеўна не стрымлівае слёз. Запальвае свечку і моліцца.

Аглядаюся. Гэты ўчастак добра праглядаецца з вуліцы Леніна — цэнтральнай вуліцы горада. Адлегласць да яе — каля сарака метраў. З аднаго боку стаіць інтэрнат, дзясяткі вокнаў якога выходзяць менавіта сюды. З другога — крама, на якой усталяваны дзве відэакамеры.

І ніхто нічога не бачыў і не чуў. Звярталіся ж і да запісаў камер.

Выявілася, што менавіта ў гэты дзень праз нейкую няспраўнасць запіс не вёўся — стужка аказалася чыстай.

Знайшлі Анатоля падлеткі. Ён ляжаў на зямлі. Перавярнулі на спіну. Убачылі акрываўлены твар. Затым прыехала міліцыя.

Званок у міліцыю

«Злачынства раскрытае», — паведаміў «НН» начальнік Слуцкага РАУСа Аляксей Стром. Затрыманы адзін чалавек. Справа распачата па частцы 3 артыкула 147 КК (наўмыснае прычыненне цяжкога цялеснага пашкоджання, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацярпелага). Караецца пазбаўленнем свабоды ад пяці да пятнаццаці гадоў.

Па словах Строма,

канфлікт паміж мужчынамі адбыўся на глебе асабістай непрыязнасці.
Загінуламу нанеслі «адзін альбо некалькі ўдараў» (гэта яшчэ павінна вызначыць экспертыза).

Стром адзначыў, што толькі пасля Новага года справу перададуць у пракуратуру для далейшага накіравання ў суд.

Білі толькі па галаве

Родныя Анатоля не вераць у афіцыйную версію. І лічаць, што справа павінна быць заведзеная па артыкуле 139 — забойства. Тыя траўмы, што атрымаў яе сын, жанчына лічыць не чым іншым, як жорсткім мэтанакіраваным забойствам. На руках сына яна не ўбачыла ніякіх слядоў — значыць, не адбіваўся альбо проста не мог.

Маці сцвярджае, што ў Анатоля быў вырваны кадык, лопнулі вочы, быў раструшчаны чэрап, апухлыя счарнелыя вушы, костка пераносся прабіла мозг… Галіна Анатольеўна кажа, што справу адразу хацелі завесці такім чынам, нібыта яе сын памёр пасля падзення.

І толькі прысутнасць на анатаміраванні сталічнага спецыяліста не дазволіла гэта зрабіць.
Але на месцы вызначыць прычыну смерці не змаглі — накіравалі матэрыялы на экспертызу ў Мінск. Пакуль адказу не было.

Маці Анатоля пэўны час не прызнавалі пацярпелай. Толькі яе зварот у абласную пракуратуру вырашыў пытанне. Ёй надалі адпаведны статус 5 снежня. Тады і адбылася першая размова са следчым. Да гэтага да бацькоў ніхто не звяртаўся, іх не выклікалі ў міліцыю.

Усё пачалося за дзень да смерці

Як расказала Галіна Елісеева, 12 лістапада Анатоля запрасілі ў інтэрнат спорткомплеса «Дэльфін» на дзень нараджэння. Праз штосьці там пачалася бойка. Мужчыну збілі пяцёра. На наступны дзень ён расказаў пра здарэнне старэйшаму брату Вадзіму. Разам паехалі ў інтэрнат разабрацца. Але як толькі зайшлі ў пакой, іх пачалі біць тыя ж пяцёра. А пасля выкінулі на калідор.

Браты вярнуліся дадому, дзе Анатоль заўважыў, што ў яго знік мабільнік. Вадзім паклікаў двух сяброў, і ўчатырох зноў паехалі ў інтэрнат. У пакоі былі толькі двое мужчын. Анатоль папрасіў вярнуць тэлефон. Тыя адмаўлялі, што ён у іх. Зноў завязалася бойка. Але ў выніку мабільнік аддалі. І браты адразу з’ехалі. Але па дарозе адзін з сяброў заўважыў, што ў яго знік дарагі гадзіннік. А ў Анатоля ў тэлефоне не аказалася сімак.

Ужо ўдвух яны паехалі назад па свае рэчы. Думалі, што ў выпадку патасоўкі справяцца самі.

Уваходзілі ў інтэрнат разам. Калі сябар зайшоў у пакой, там было шмат міліцыянтаў (іх выклікалі суседзі). Ён пачаў патрабаваць, каб яму вярнулі гадзіннік. А пасля ўбачыў, што побач няма Анатоля. У гэты час, як выявілася, мужчыну вывелі на вуліцу і пачалі біць.

Людзі ў цывільным

Крымінальная справа была заведзеная 16 лістапада. Галіна Анатольеўна не разумее, чаго чакалі тры дні. Калі ўжо трынаццатага быў затрыманы Андрэй Л., які ўсю віну ўзяў на сябе. Маўляў, ён біўся з Анатолем. Па словах жанчыны, у справе фігуруюць яшчэ двое невядомых мужчын. Жанчына не можа ўявіць, як невядомыя людзі маглі ўмяшацца ў бойку, калі б яна і была, паміж сынам і Андрэем. І лічыць, што Андрэй Л. ведае тых людзей, але з нейкай прычыны не называе.

Галіна Анатольеўна настойвала, каб затрымалі ўсіх пяцёх чалавек, што збівалі яе сына за дзень да смерці (іх прозвішчы вядомыя). І нібыта чатырох забіралі ў міліцыю. Але пасля людзі бачылі іх у інтэрнаце. Быў сярод іх і Андрэй Л.

Сябры Анатоля, кажа маці, паспрабавалі пасля яго смерці пашукаць у інтэрнаце сведак. Але ўжо на вахце да іх падышлі два міліцыянты і двое ў цывільным. Параілі сыходзіць.

А для даходлівасці аднаго з мужчын ударылі ў жывот.

Галіна Анатольеўна спрабавала знайсці вахцёрку, якая працавала ў той вечар. Не змагла. У інтэрнаце сказалі, што яна больш там не працуе.

«У жыцці трэба, каб дзеці нас хавалі, а не мы іх, — з горам кажа жанчына. — Я хачу справядлівасці. За яго смерць павінен сесці той, хто вінаваты». Жанчына не верыць, што Андрэй Л. здзейсніў злачынства. Лічыць, што віну на сябе ён узяў не проста так. «Забойства як і не было. А я сына пахавала…»

Сын-падлетак застаўся без бацькі

Анатоль збіраўся пайсці ў адпачынак. Хацеў да Новага года закончыць рамонт у хаце бацькоў…

Працаваў мужчына электрыкам шостага разраду на прадпрыемстве электрычных сетак у Слуцку. Па словах Галіны Анатольеўны, яму неаднаразова прапаноўвалі перайсці працаваць майстрам. Усё адмаўляўся — любіў сам рукамі працаваць. Яго на ПЭСе і Кулібіным называлі, бо ўсё мог зрабіць. Яго праца неаднаразова і адзначалася. Была грамата нават ад Міністэрства энергетыкі.

У Анатоля засталіся жонка і 15-гадовы сын.

***

Некаторыя случакі праводзяць паралель са справай, якая мела месца ў Слуцку ў 1967 годзе. Тады ў парку быў знойдзены мёртвым мясцовы жыхар. Як высветлілася, яго білі, а ўдар у жывот прывёў да таго, што адкрылася язва. Мужчына памёр. Пад падазрэнне трапілі загадчык аддзела культуры гарвыканкама і яго брат. Ход расследавання не агалошваўся. І гэта выклікала ў людзей насцярожанасць. Суд праходзіў пад пільнай увагай мясцовых жыхароў. Хаця зала суда і не магла змясціць усіх, людзі стаялі каля будынка. У першы дзень бацька забітага выступіў з адводам суддзі. Але яго хадайніцтва не задаволілі. Мужчына пакінуў залу. Случакі ўспрынялі суд як спробу апраўдаць абвінавачаных. На трэці дзець працэсу, 12 кастрычніка, было вырашана абвінавачаных вывезці ў Мінск. Са сталіцы прыехалі міліцыянты. Але іх было мала. Людзі пачалі бунтаваць. У выніку ў будынак суда кінулі некалькі бутэлек з бензінам. Згарэла суддзя, у бальніцы памёр міліцыянт. Абвінавачаных нібыта асудзілі ў іншым горадзе. Завадатараў беспарадкаў асудзілі таксама, двух з іх — на смяротнае пакаранне.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Сяргей Макарэвіч, Слуцк—Мінск

0
vik / Адказаць
17.12.2011 / 11:35
Выпадак 1967 года годны, не гледзячы на яго канец. А па справе - няясна, хто у iнтэрнаце жыве и чаму адзiн узяу вiну на сябе.
0
следователь / Адказаць
17.12.2011 / 12:32
Такая вот следственная волокита и многочисленные странности свидетельствует о том, что ниточки тянутся скорее всего к ментам. Кто-то из тех пяти либо мент либо гэбшник.
0
Петр Петрович / Адказаць
17.12.2011 / 13:23
Сябры Анатоля, кажа маці, паспрабавалі пасля яго смерці пашукаць у інтэрнаце сведак. Але ўжо на вахце да іх падышлі два міліцыянты і двое ў цывільным. Параілі сыходзіць. А для даходлівасці аднаго з мужчын ударылі ў жывот. Неужели Лукашенко не понимает, что как его люди поступают с гражданами, так и граждане относятся к нему? Если он признает что милиция стала бандой, значит нужен концлагерь для этой банды, нужно садить их по закону, который они нарушают.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру