Алег Стасевіч з імплантантамі ў руках.

Алег Стасевіч з імплантантамі ў руках.

«Наша Ніва»: Наколькі пластычная хірургія папулярная ў Беларусі? Ці могуць простыя беларусы сабе гэта дазволіць?

Алег Стасевіч: Да сакавіка 2011 года гэта было даступна амаль што ўсім. Напрыклад, адна пацыентка, якая павялічыла сабе грудзі, працавала кранаўшчыцай. Цяпер я думаю, што не ўсім. Хоць цэны ў валюце ў параўнанні з тым самым сакавіком сталі ніжэйшыя. Для беларусаў аперацыя стала ўдвая даражэйшай, а для замежнікаў — таннейшай. На сёння працы менш не стала, але сярод пацыентаў беларусаў стала паменела.

«НН»: З якіх краінаў прыязджаюць кліенты?

АС: З усяго свету, нават з Новай Зеландыі. У асноўным — Расія, Украіна, Германія, США, Ізраіль, Швейцарыя. Але як правіла гэта людзі беларускага паходжання, беларускі, што выйшлі за замежнікаў. Бракуе рэкламы Беларусі як краіны, іначай замежных кліентаў магло б быць больш.

«НН»: Ці ёсць у нашай краіне найноўшыя тэхналогіі ў галіне пластычнай хірургіі?

АС: На сёння ў Беларусі даступна практычна ўсё. Калі яшчэ на пачатку года ў нас не было фракцыйных лазераў, то цяпер і яны ёсць. Сёлета цэнтры пластычнай хірургіі абсталяваліся вельмі добра.

«НН»: Дзе, апроч сталіцы, можна наведаць пластычнага хірурга?

АС: У любым абласным цэнтры, а таксама ў некаторых невялікіх гарадах. Напрыклад, ва Уздзе, у Оршы.

«НН»: Якія аперацыі самыя папулярныя?

АС: Першае месца з вялікім адрывам займаюць амалоджвальныя працэдуры. Гэта блефарапластыка (падцяжка павекаў), ін’екцыі ботаксу, лазерныя працэдуры, фэйс-ліфтынг, падцяжка скуры шыі, увядзенне пад скуру напаўняльнікаў, ліпафілінгі і гэтак далей. Усё гэта выкарыстоўваецца з мэтай падмануць час і публіку наконт свайго ўзросту.

«НН»: Як вы асабіста ставіцеся да такога «падману» прыроды?

АС: Гэта тэндэнцыя часу. Цяпер адным з сінонімаў прыгажосці з’яўляецца маладосць. Кажуць, малады — значыцца прыгожы.

«НН»: Ці азначае гэта, што ў першую чаргу да вас звяртаюцца публічныя асобы: вядомыя вядучыя, артысты?

АС: Я б не сказаў, што гэта так. Доля «вядомых» асоб сярод пацыентаў такая ж, як і ў жыцці.

«НН»: Колькі гадоў можна «скінуць» пасля аперацыі?

АС: Усё залежыць ад асаблівасцяў канкрэтнай асобы: наяўнасці хранічных захворванняў, ужывання тытуню, што вельмі важна. Большасць людзей разумеюць шкоднасць тытуню толькі тады, калі сутыкаюцца з медыцынай, завязанай на жыццяздольнасці тканак. Ужыванне тытуню значна павялічвае колькасць ускладненняў пасля аперацыі і вельмі моцна ўплывае на канчатковы вынік. Людзі, якія ніколі не ўжывалі тытуню, лепш выглядаюць і да пластычнай хірургіі, і пасля яе. Цяжка адказаць, «наколькі я памаладзею». Часцей за ўсё пасля аперацыі людзі выглядаюць на свой век, але больш здаровымі, прывабнымі. Кшталту «неяк ты пасвяжэла, мая даражэнькая». І насамрэч такую мэту ставіць большасць нашых пацыентаў.

«НН»: З якога ўзросту можна рабіць амалоджвальныя працэдуры?

АС: Звычайна прыходзяць людзі ад 40 і старэйшыя. Хоць гэта залежыць ад сітуацыі. Напрыклад, было, што адносна малады чалавек моцна схуднеў, і ў яго адвісла скура. Самай старой маёй кліентцы было за 70 гадоў.

«НН»: Колькі каштуе «маладосць»? Напрыклад, прыбраць зморшчыны ля вачэй?

АС: Ад трох мільёнаў і больш. Кошт працэдуры фракцыйнага лазеру — каля мільёна рублёў (увесь курс уключае 6-7 працэдур).

«НН»: Які працэнт няўдачы?

АС: Кожны пластычны хірург мае пэўны працэнт добрых і няўдалых вынікаў. Калі гэта добры хірург — іх менш. Калі не вельмі дасведчаны ці не вельмі ахайны — больш. Працэнт няўдачы залежыць ад віду аперацыі. Для рынапластыкі (пластыка носа) гэта 10-12%, хірургіі малочнай залозы — 3-5%. Што да інтымнай пластыкі, то ўскладненняў амаль не бывае… Але на сёння пластычная хірургія, апроч медыцынскай галіны, яшчэ і бізнэс. Таму, па законе рынка, хірург, які зрабіў шмат ускладненняў, раней ці пазней з рынку знікне. Сам факт, што чалавек працуе і працуе за грошы, сведчыць, што ён здольны задаволіць густы і запатрабаванні канкрэтнага чалавека.

«НН»: Якія іншыя працэдуры пластычнай хірургіі карыстаюцца попытам?

АС: Павелічэнне грудзей, пластыка вушэй, носа, ліпасакцыя… Летась вельмі папулярнай сярод жанчын стала інтымная пластыка.

«НН»: У гэтым годзе ў інтэрнэце з’явілася «Сусветная мапа памеру грудзей», паводле якой самыя маленькія грудзі ў Еўропе аказаліся ў беларусак. Вы згодныя з гэтым?

АС: Я б сказаў, беларускі баяцца вялікіх грудзей. Для іх памер С ці D лічыцца вялікім. У заходняй хірургіі гэтыя памеры не лічацца вялікімі. Але цяпер у нас назіраецца тэндэнцыя павялічваць грудзі да большых аб'ёмаў.

«НН»: З якога ўзросту можна павялічыць грудзі?

АС: Па рэкамендацыях сустветнага прафесійнага аб'яднання пластычных хірургаў, такую аперацыю варта рабіць не раней за 21 год. Гэта не тычыцца жанчын, якія былі цяжарнымі, якія маюць нейкія псіхалагічныя комплексы ці відавочныя фізічныя недахопы (напрыклад, ярка выражаная асіметрыя грудзей). У такіх выпадках можам зрабіць аперацыю і больш маладым.

«НН»: Ці можна карміць немаўля «штучнымі» грудзямі?

АС: Можна. На кармленне аперацыя ніяк не ўплывае. Імплант размяшчаецца пад тканкай залозы, а не ўнутры яе.

«НН»: Колькі каштуе такая аперацыя?

АС: 8-12 мільёнаў плюс кошт імплантаў ад 7 да 16 мільёнаў за пару. Апроч павелічэння ёсць іншыя віды аперацый: падцяжка, змяншэнне грудзей, у тым ліку для мужчын.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?