У ходзе візіту ў Лондан дэлегацыя беларускай апазіцыі 15 снежня сустрэлася з міністрам замежных спраў Вялікабрытаніі Уільямам Хейгам і міністрам па справах Еўропы Дэвідам Лідынгтанам.

Як паведаміў экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч, які ўваходзіць у склад дэлегацыі, удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі праблему беларускіх палітзняволеных, разважалі над тым, што можа зрабіць Вялікабрытанія для іх вызвалення. Абмяркоўвалася таксама сітуацыя з асуджаным праваабаронцам Алесем Бяляцкім і яго вылучэннем на атрыманне Нобелеўскай прэміі міру.

«Абмяркоўвалі і іншыя пытанні: як можна арганізаваць грамадскую кампанію за вызваленне беларускіх палітзняволеных, як зрабіць працу Вялікабрытаніі ў ААН больш эфектыўнай для таго, каб прыцягнуць увагу гэтай структуры да праблемы палітзняволеных у Беларусі.

Дамовіліся, што яны паспрабуюць паўплываць на брытанскі Чырвоны Крыж, каб ён заняўся пытаннем катаванняў і здзекаў з беларускіх палітзняволеных.
Найперш гэта тычыцца Саннікава і Статкевіча, з якімі ўжо больш за месяц ні ў кога не было кантактаў», — адзначыў Міхалевіч.

Візіт прадстаўнікоў беларускай апазіцыі ў Вялікабрытанію праходзіў 13–15 снежня па запрашэнні МЗС гэтай краіны. У дэлегацыю ўваходзілі старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, Ірына Багданава (кампанія «Еўрапейская Беларусь»), Ігар Драка («Гавары праўду!»), сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Віталь Рымашэўскі, лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч.

Вечарам 13 снежня прадстаўнікоў беларускай апазіцыі прымалі ў Палаце абшчын Вялікабрытаніі. Арганізатарамі сустрэчы выступілі лорд Добс, член правячай Кансерватыўнай партыі, і дэпутат ад Лейбарысцкай партыі Памэла Нэш. У сустрэчы ўдзельнічалі 15 брытанскіх парламентарыяў. На сустрэчы таксама абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі і, у прыватнасці, праблема беларускіх палітзняволеных.

У Лондане беларуская дэлегацыя таксама сустрэлася з прадстаўнікамі брытанскіх НДА, праваабаронцамі і журналістамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?