У нядзелю, 11 лютага, ў Малым Сітне Павал Севярынец атрымаў прэмію імя Алеся Адамовіча.

Гэтую прэмію Беларускі ПЭН-Цэнтар традыцыйна ўручае найлепшаму публіцысту году. Павал Севярынец уганараваны за цыкл публікацыяў «Лісты зь лесу», што друкуецца ў «НН» ад самага пачатку Паўлавай высылкі.

Зь Менску ў Малое Сітна накіраваліся пісьменьнік Уладзімер Арлоў, перакладчык Лявон Баршчэўскі, дырэктар зачыненага ліцэю імя Якуба Коласа Ўладзімер Колас, рэдактар «НН» Андрэй Скурко. У Полацку да іх далучыліся пісьменьнікі Ірына Жарнасек, Лера Сом і Вінцэсь Мудроў.

Апроч дыплёму ды памятнага мэдаля везьлі Севярынцу, як зазвычай, гарбату, чакаляд, але найперш яблыкі, бананы, апэльсыны. Бо цяпер у Сітненскай краме можна знайсьці вітаміны толькі аднаго гатунку — салянка ў слоіках.

Павал сустракае гасьцей на ганку інтэрнату, ён рады бачыць кожнага, хто прыязджае да яго. Ля ног Севярынца круціцца кот Партызан.

Праходзім у пакой. Паўлаў сусед перапрашаецца і зьнікае, «каб не замінаць». Трымаючы ў руках дыплём, Севярынец адзначыў: «Атрымаць прэмію, названую ў гонар Алеся Адамовіча — вялізная адказнасьць. Алесь Адамовіч быў тым чалавекам, які ў страшным для беларусаў 20-м стагодзьдзі сфармуляваў беларускі адказ на мілітарызм, нацыянальны прыгнёт, на падаўленьне ўсяго беларускага».

Павал частуе гасьцей гарбатай з кавай. Ён асьцярожна разважае пра датэрміновае вызваленьне. Камісія па разглядзе ягонай справы прызначаная на 15 лютага. Кажа, што на вызваленьне цяпер намякаюць і Міколу Статкевічу.

Тым часам у маленькім чорна-белым тэлевізары Максім Мірны спрабуе перамагчы Робіна Сэдэрлінга. «Мірны мусіць выйграць, — кажа Павал, а пасьля ўдакладняе. — Пасьля двух дзён прайграем два-адзін, але ўся барацьба яшчэ ўперадзе». «Добра, што ў цябе тэлевізар чорна-белы і ты ня бачыш колераў формы Мірнага», — пасьміхаюцца госьці.

Паўла не зломіш, ён працягвае жартаваць, дзяліцца ідэямі, расказвае пра пляны стварэньня ў Сітне філіі ТБМ. Кажа, што яму бракуе інфармацыі, таму распытвае абсалютна пра ўсё што робіцца ў Менску. Расказваем, як можам, але высьвятляецца, што ў Сітне пра ўсё гэта ўжо ведаюць.

У Паўла новыя суседзі па інтэрнаце. «За час маёй «хіміі» празь мяне чалавек 30 пасьпела праплысьці, а я, як тая малпа з показкі, сяджу і лічу», — кажа ён. Адзін Паўлаў сусед нядаўна п’яным выкраў Севярынцаў мабільнік і пабег на гару, дзе «цягне» сувязь, тэлефанаваць «опэру», але яго атрымалася выкрыць.

Севярынец паказвае паштоўкі салідарнасьці, што прыходзяць зь дзясткаў краінаў. За час зьняволеньня Павал атрымаў больш за тысячу лістоў.

Тры гадзіны гасьцяваньня ў Севярынца пралятаюць імгненна, ужо час ехаць дадому, бо пачынае цямнець. Севярынец паціскае на разьвітаньне кожнаму руку і доўга яшчэ махае нам усьлед рукой. Нехта ў спадзяваньні кажа: «Няхай бы болей нікому не было патрэбы сюды прыязджаць да Севярынца».

Між Дрэтуньню і Полацкам на дарозе мы бачым пару ласёў з маленькімі ласянятамі. «Нашая беларуская Сібір», — жартуе Ўладзімер Арлоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?