Ветэраны вайны ў Афганістане просяць генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка спыніць уціск на Мікалая Аўтуховіча. Пры гэта паведаміў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання ветэранаў баявых дзеянняў «Абаронцы Айчыны» Алег Волчак.

Паводле яго слоў, 15 снежня ён і старшыня аргкамітэта па стварэнні ГА «Абаронцы Айчыны» Аляксандр Камароўскі падалі на імя генпракурора заяву, у якой гаворыцца, што ў калоніі № 5 у Івацэвічах (Брэсцкая вобласць) парушаюцца правы ветэрана баявых дзеянняў у Афганістане Мікалая Аўтуховіча.

«Аўтуховіч утрымліваецца ў атрадзе № 13. За час яго знаходжання ў папраўчай калоніі мы не раз ад яго атрымлівалі інфармацыю, што адміністрацыя калоніі парушае яго правы», — сказаў Волчак.

Паводле яго слоў,

Аўтуховічу пасля прыбыцця ў калонію кіраўніцтва настойліва прапаноўвала падпісаць абавязацельства аб супрацоўніцтве з адміністрацыяй калоніі, дзе ён прызнае сваю віну і паведамляе, што стаў на шлях выпраўлення.
«Аўтуховіч жа не прызнае сябе вінаватым і лічыць, што асуджаны па сфальсіфікаванай крымінальнай справе за тое, што ў пачатку студзеня 2009 года звярнуўся з патрабаваннем да Лукашэнкі, каб ён вярнуў ільготы ветэранам баявых дзеянняў, якія той сваім указам адмяніў», — сказаў Волчак.

«З верасня ў нас не было сувязі з Аўтуховічам. У лістападзе нам стала вядома, што яго памясцілі ў штрафны ізалятар. Падставай з’явілася тое, што ён адмаўляецца хадзіць у сталовую. Аднак Аўтуховіч не раз заяўляў адміністрацыі, што па стане здароўя мае патрэбу ў дыетычным харчаванні, якое яму не даюць. У сувязі з гэтым ён не мог прымаць ежу ў сталовай, таму і раней не хадзіў у сталовую. Але чамусьці тады адміністрацыя за гэта не накіроўвала яго ў ШІЗА», — адзначыў Волчак.

Пры гэтым Волчак паведаміў, што

з асабістай справы Аўтуховіча «дзіўным чынам» зніклі звесткі медыцынскага характару аб тым, што Аўтуховіч мае праблемы са здароўем, і дакументы аб тым, што ён з’яўляецца ўдзельнікам вайны, мае дзве баявыя ўзнагароды — ордэн «Чырвоная Зорка», медаль «За Адвагу», шэраг грамат і іншых заахвочванняў.
«Аднак Аўтуховічу было адмоўлена ў амністыі ў 2010 годзе, хоць ён, як удзельнік вайны, пад яе трапляў. Таксама адміністрацыя калоніі была абавязаная падрыхтаваць дакументы на ўмоўна-датэрміновае вызваленне ў сувязі з адбыццём паловы тэрміну пакарання. Але пакуль ніхто з адміністрацыі не зрабіў гэтага», — адзначыў Волчак.

«Мы лічым, што ўсе гэтыя падзеі, звязаныя з Мікалаем Аўтуховічам, — працяг палітычнага пераследу метадам катаванняў і маральна-псіхалагічнага ўціску. Ветэраны афганскай вайны ставяцца да гэтага вельмі негатыўна», — заявіў Волчак.

Ён спадзяецца, што

Аляксандр Конюк, які сам з’яўляецца ветэранам вайны ў Афганістане, зможа разабрацца з парушэннем правоў Аўтуховіча.

Нагадаем, у маі 2010 года ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч рашэннем Вярхоўнага суда быў прыгавораны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму за перавозку і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?