12.02.2007 / 15:57

Магілёў: Дзесяці грамадзянам ЗША пагражае адміністрацыйнае пакараньне 3

Яны праводзілі заняткі ангельскай мовы без дазволу Міністэрства адукацыі.

Дзесяцёра грамадзянаў Злучаных Штатаў Амэрыкі будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці — за парушэньне правілаў знаходжаньня ў Беларусі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, яны праводзілі заняткі ангельскай мовы без дазволу Міністэрства адукацыі.

У аддзеле грамадзкіх сувязяў абласной міліцыі пацьвердзілі, што 9 лютага затрымалі амэрыканскіх грамадзянаў. На іх склалі пратакол паводле артыкулу 185 Адміністрацыйнага кодэксу — «Парушэньне правілаў знаходжаньня замежных грамадзянаў у Рэспубліцы Беларусь» і адпусьцілі.

Амэрыканцы знаходзяцца ў Магілёве каля месяца. Іх запрасіла сюды дабрачыннае аб’яднаньне «Стэфан» дзеля бясплатных сэмінар‑практыкумаў вывучэньня ангельскай мовы. Пастар аднаго з малітоўных дамоў гораду даў памяшканьне для заняткаў. Кажа амэрыканская настаўніца:

Настаўніца: «Пастар гэтай царквы, калі быў у Амэрыцы, жыў з намі — і мы сталі для яго сям’ёй. Мы добрыя сябры, і ён дазволіў выкарыстоўваць гэты будынак бясплатна. Мы атрымалі нашы візы ад арганізацыі, якая займалася гэтымі пытаньнямі, — і яны сказалі, што мы можам тут выкладаць ангельскую мову».

Ва ўправе адукацыі Магілёўскага аблвыканкаму зазначылі, што амэрыканскія грамадзяне ня мелі права выкладаць — у іх не было дазволу. Хаця супрацоўніца ўправы адукацыі пацьвердзіла, што па дазвол яны зьвярталіся.

Супрацоўніца ўправы адукацыі: «Аднак ім было рэкамэндавана зьвярнуцца ў Міністэрства адукацыі, бо пытаньне знаходзіцца ў кампэтэнцыі гэтага органу дзяржаўнага кіраваньня».

Паводле кіраўніка дабрачыннага аб’яднаньня «Стэфан» Дзьмітрыя Канцавенкі, нагодай для гэткага абыходжаньня з амэрыканскімі грамадзянамі сталася нібыта іхная рэлігійная дзейнасьць у Магілёве.

Канцавенка: «Рэлігійнай дзейнасьцю нібыта яны тут займаліся, хаця Камітэт у справах рэлігіі казаў ім, што аніякай рэлігійнай дзейнасьці тут не было».

Калі на амэрыканцаў накладуць адміністрацыйнае пакараньне, Дзьмітры Канцавенка зьбіраецца яго абскарджваць, а таксама будзе дамагацца, каб спынілі ўсе адміністрацыйныя дзеяньні датычна ягоных гасьцей. Паводле Адміністрацыйнага кодэксу, амэрыканскім грамадзянам пагражае папярэджаньне альбо штраф да дваццаці мінімальных велічыняў.

0
zhelezka / Адказаць
12.02.2007 / 19:05
Ну выкладалі ды няхай выкладалі б далей, дзякуй бы лепш сказалі амерыканцам тым ды па прадпрыемствах павазілі, азнаёмілі з эканамічным цудам. Ці яны, не дай Бог, слову democracy магілёўцаў вучылі? Тады, канешне, за краты...
0
Shtolik / Адказаць
12.02.2007 / 20:20
хадзіў я на такія курсы ў менску. нічога дрэннага яны не рабілі. дэмакрацію ня сеялі. хаця "рэлігігійнай дзейнасьць" гэта ўсё ж такі можна было назваць, але зусім не назойліва/надакучліва. І без аніякага прымусу ці сектызму ці выцыганьваньня грошай.
0
Бадзяга / Адказаць
12.02.2007 / 21:03
Дзiва, што iм шчэ парушэньне закону аб веравызнустве не iнкрымiнавалi! А то любяць на БТ круцiць жахлiукi пра замежныя сэкты, што у змове з "дзермакратамi" цягнуць "сiнявокую" у заходняе пекла.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру