Мінская міліцыя шукае заручальны пярсцёнак, разлічваючы з яго дапамогай раскрыць жорсткае забойства 11-гадовай даўніны,
паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязей ГУУС Мінгарвыканкама.

У сакавіку 2000 г. на здымнай кватэры аднаго з дамоў па Партызанскім праспекце ў Мінску ураджэнец Азербайджана знайшоў трупы сваёй сужыцелькі, яе брата і сям’і сваіх суайчыннікаў, сярод якіх было і цела пяцігадовай дачкі.

Усяго ў гэты дзень загінула пяць чалавек,
а сам гаспадар застаўся ў жывых толькі дзякуючы адсутнасці ў кватэры на момант жорсткай расправы.

Пры аглядзе памяшкання, дзе злачынцы зрабілі беспарадак, было ўстаноўлена, што нападнікі выкралі дакументы і вялікую колькасць залатых ювелірных вырабаў, у тым ліку і заручальны пярсцёнак адной з загінулых жанчын.

На ўнутраным баку пярсцёнка быў выгравіраваны памятны надпіс «Эльхан і Мяджыд».
Гэта злачынства застаецца не раскрытым да цяперашняга часу.

У ходзе расследавання аператыўнікі ўстанавілі, што пярсцёнак з надпісам у далейшым набыў адзін з жыхароў нашай краіны і зараз захоўвае яго ў сябе.

«Гэта ювелірны выраб з’яўляецца ключавым рэчавым доказам па крымінальнай справе, у сувязі з чым упраўленне крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі ГУУС Мінгарвыканкама звяртаецца з просьбай да ўладальніка пярсцёнка выдаць яго, чым выканаць свой грамадзянскі абавязак і дапамагчы расследаванню», — гаворыцца ў паведамленні ГУУС.

Усіх грамадзян, якія валодаюць якой-небудзь інфармацыяй аб гэтым жорсткім злачынстве і лёсе выкрадзенага пярсцёнка, міліцыя пераканаўча просіць звярнуцца ва ўпраўленне крымінальнага вышуку па тэлефонах: 239 40 96, 375 29 373 43 03 (vel.) альбо ў дзяжурную частку ГУУС Мінгарвыканкама па тэлефонах: 102, 227 02 21, 375 29 356 02 02, 375 29 861 79 02.

Канфідэнцыйнасць і ўзнагароджанне гарантуюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?