Суд Партызанскага раёна Мінска 16 снежня задаволіў пазоў падатковай інспекцыі аб спагнанні падаткаў з праваабаронцы Валянціна Стэфановіча.

Падчас судовага пасяджэння Стэфановіч сцвярджаў, што грошы, якія пералічваліся на яго рахунак у літоўскім банку, не з’яўляюцца яго даходам і не падлягаюць падаткаабкладанню. Сродкі, якія паступалі на яго рахунак, прызначаліся для ажыццяўлення праваабарончай дзейнасці і для перадачы іх трэцім асобам. Аднак суд палічыў, што Стэфановіч не падаў пераканаўчых доказаў таго, што замежныя фонды пералічвалі грошы на яго рахунак для іншых асоб. Акрамя таго, суд адзначыў, што Валянцін Стэфановіч не падаў копіі дагавораў з заходнімі фондамі пра выкананне ім якіх-небудзь паслуг.

У сувязі з гэтым суд вырашыў, што іскавыя патрабаванні інспекцыі па падатках і зборах Партызанскага раёна Мінска падлягаюць задавальненню.

Такім чынам, Стэфановіч павінен выплаціць падатак і пеню на агульную суму 54 млн. 357 тыс. 370 рублёў.

Разгляд пазову інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Партызанскага раёна сталіцы да Стэфановіча пачаўся 2 снежня. Прадстаўнікі інспекцыі лічаць, што праваабаронца павінен быў плаціць падаходны падатак з грошай, якія пералічваліся яму на рахунак у літоўскім банку. У пачатку судовага працэсу падатковая інспекцыя Партызанскага раёна заявіла хадайніцтва аб павелічэнні сумы іску да 43 млн. 474 тыс. 110 рублёў, з якіх падатак складае 31 млн. 515 тыс. 540 рублёў. Пры гэтым прадстаўнікі інспекцыі спаслаліся на тое, што істотна вырасла пеня па нявыплачаных падатках.

Пасля заканчэння судовага пасяджэння Стэфановіч заявіў, што не лічыць рашэнне суда справядлівым і будзе абскарджваць яго ў Мінскім гарадскім судзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?