У Менску адбыўся прыватны прэм’ерны паказ фільма рэжысёраў Вячаслава Ракіцкага і Андрэя Куцілы «Даволі! Да Волі…». Гэты дакумэнтальны фільм распавядае пра падзеі, што разгарнуліся ў Менску 19 снежня 2010, пасля прэзідэнцкіх выбараў, пра масавыя маніфэстаці і рэпрэсіі супраць іх удзельнікаў. Праца над ім трывала цэлы год. Але, хоць гэты фільм распавядае пра палітычныя падзеі, ён зусім не… палітычны.
У фільме Ракіцкага і Куцілы ставяцца ня гэтак канкрэтныя палітчныя праблемы, як праблемы этычныя, маральныя, людзкія.Бо перадусім аўтары ставілі сабе на мэце распавесці не пра лідараў грамадзянскае супольнасці, апазыцыі, кандыдатаў у прэзідэнты ды іх каманды, а пра канкрэтных людзей, менавіта шэраговых удзельнікаў акцыі пратэста 19 снежня. Вынікам паходу па Волю для болей як 700 чалавек сталі зьняволеньні ад некалькіх сутак да 6 гадоў. Добрыя і разумныя людзі ў тыя грозныя дні думалі пра будучыню — гэта важная і рэдкая якасць. І тыя, хто ўмее чуваць сэрцам, будзе згадваць пра іх з удзячнасцю. Вось жа многія з іх, гэрояў гэтага фільма, аўтары і запрасілі на прэм’ерны паказ. Сярод такіх гасцей была інжынер Тацяна Кім, Мікіта Ліхавід, Наста Палажанка ды іншыя, хто меў час і магчымасць сабрацца разам і ўпершыню ўбачыць гісторыю кінематаграфічную пра сваю гісторыю ўласную. А сябры і калегі рэжысёраў мелі магчымасць пачуць меркаваньне саміх герояў непасрэдна, з першых вуснаў…
Але спачатку было кіно. Доўгае і цяжкае, што пакідае магутнае ўражанне і не дае аслабіць увагу ні на хвіліну. Вусцішнае ўражаньне робяць на гледача рэальныя сведчаньні людзей пра збіццё, арышты і катаваньні. У выніку таго, што фільм здымаўся цягам цэлага году, гэтыя сведчанні, пераасэнсаваныя ўдзельнікамі падзеяў, вынашаныя імі і распаведзеныя аўтарам, становяцца праўдзівым гістарычным дакумантам.
Калі роўным спакойным голасам у ціхай студыі жанчыны і мужчыны, маладыя і старыя кажуць пра здзекі і абразы, пра салідарнасць і сваю веру, цяжка душыць свае слёзы, не даючы ўласным пачуццям хлынуць навонкі.Слухаць гэтых разважных, прыгожых і годных людзей асабліва цяжка. Эмацыйны катарсіс наступае пасярэдзіне фільма, калі на экране з’яўлюцца маткі і сваякі арыштаваных і засуджаных, якія крычаць нема, або заліваюцца слязьмі па сваі дзецях… Тыя кадры стварылі пералом у карціне, зьбіўшы яе з гераічнага тропу.
Фільм падзелены на паасобныя главы, напрыклад — Да Волі, Сцяна, Краты, паміж якімі стаяць асобныя гісторыі асобных людзей, што здымаліся цягам году.
Гэта гісторыя шэраговых людзей, якіх нішто не зламіла.І слухаючы іхныя словы, якія даюцца каму лягчэй, каму цяжэй, разумееш, што шлях да волі ляжыць праз пакуты. І гэтыя пакутнікі ясна ўсведамляюць гэта. І не шкадуюць пра раны свае душы. Бо яны былі ня марныя. Прынамсі на тое спадзяюцца яны й стваральнікі гэтага фільма.
Фільм Ракіцкага і Куцілы зняты ў манахромнай гаме: белы сьнег, бель сьцягоў і чырвань на іх, чырвань на сьнезе, а яшчэ чорнае неба і чорныя адзежы тых, хто рве сцягі, б’е жанчынаў і хаваецца за чорныя маскі. Гэтая скупая каляровая гама надае фільму асаблівы дух гістарычнае аб’ектыўнасці. Як і кадры з саміх гістарычных аб’ектаў — сумнавядомае «Валадаркі», што, аказваецца, сперазалі стальнымі цягамі, каб не развалілася дашчэнту, «Амэрыканкі», дзе катавалі ды забівалі за беларушчыну яшчэ ад часоў Сталіна… Нечувана, безнадзейна дэпрэсіўнымі аказаліся кадры з нішчымных ваколіцаў і вуліцаў Талькі, дзе жыве пазбаўленая працы настаўніца Тацяна Іллініч ды Асіповічаў, дзе жыве яшчэ адзін герой фільма — Ігар Сімбіроў. Гэтая нішчыміца дашчэнту разбівае ўсялякія міты пра квітнеючую краіну і ад гэтага ў гледачоў з’яўляецца супярэчлівае пачуццё іррэальнасьці гэтае брутальнае банальнальнасьці. Бо менавіта так, як у гэтых мястэчках, або на ўскраінах вялікіх гарадоў і мінае штодзённасць бальшыні беларусаў. Мінімалізм сродкаў, што скарысталі аўтары, яшчэ больш падкрэслівае іх свядомае ўніканне ўласных камэнтароў, уласных эмоцыяў. Праца над дакументальным фільмам — школа праўды. Блізу ўвесь тэкставы шэраг прамоўлены вуснамі гэрояў 19 снежня. І пра гэтую задачу і пра тое наколькі нязносна складана было выслухаць гэтых людзей, а пасля зноў і зноў вяртацца да іх горкіх і цяжкіх словаў падчас працы, падчас прэзентацыі казаў Вячаслаў Ракіцкі.
Але пазьбегнуўшы дыдактыкі і мітынговага патасу, аўтары далі магчымасць выказацца і тым, хто не стаўшы быў непасрэднымі персанажамі фільма — тысячам беларусаў на плошчах і вуліцах.
Таму асабліва кранальным і важным стаўся выступ пасьля паказу фільма клясыка дакумэнталістыкі Віктара Нічыпаравіч Дашука, настаўніка абодвух рэжысёраў. Ён правёў паралелі з цяперашнім паноўным рэжымам і нацыстамі, пра дзейнасць якіх Дашуку ведама як нікому. Звяртаючыся да тых, хто сабраўся на прэм’еру, славуты дакумэнталіст паставіў перад сабой і гледачамі найцяжэйшае пытанне: як адбываецца гэты пераход у тых, хто працуе на рэжым, ад людзкасці да бязлітаснага шаленства? А яшчэ, дадаў Дашук, ён убачыў у фільме таленавітах грамадзянаў. Бо ў нас не бракуе творцаў — таленавітых пісьменнікаў ці мастакоў, а вось жа таленавітых Грамадзянаў — вобмаль…
Тацяна Кім, у сваю чаргу сказала, што менавіта такі фільм і быў патрэбны. Ёй і іншым удзельнікам тых гістарычных падзеяў. Бо, як казала яна, доўгі час нват баялася выйсці на тую плошчу, дзе
Вячаслаў Ракіцкі і Андрэй Куціла стварыўшы свой фільм «Даволі! Да Волі…» распавялі нам пра цэлы год жыцця Беларусі, няпросты і драматычны год нашага жыцця.
І азіраючыся на гэты год, згадваючы 1996, 1991, 1988, урэшце, калі людзі рушылі на Курапаты, мы ўсведамляем, наколькі доўгая нашая дарога і наколькі неацэнным ёсць вычын тых, хто выйшаў на вуліцы і плошчы Мінска 19 снежня 2010 году. Бо яны ня страцілі надзеі і не зламіліся ў адчаі.