17.12.2011 / 18:15

Расійцы набылі чвэрць пакета дзяржаўных акцый «Гомелькабеля»

Расійскае прадпрыемства «Людзінавакабель» (Калужская вобласць) набыло чвэрць пакета дзяржаўных акцый СААТ «Гомелькабель», паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.

16 снежня адбыўся сёлета апошні аўкцыён па продажы дзяржакцый беларускіх прадпрыемстваў згодна з трохгадовым планам прыватызацыі на 2011–2013 гады.

Цана продажу 288.177 акцый «Гомелькабеля» (25,7% статутнага фонду беларускага прадпрыемства) склала 26 млрд. 381 млн. 470 тыс. рублёў. Акцыі прададзены з павелічэннем першапачатковай цаны на 5%.

Да 22 снежня ўдзельнік, які выйграў аўкцыён, абавязаны кампенсаваць затраты на арганізацыю і правядзенне аўкцыёну ў памеры 29 млн. 250 тыс. 800 рублёў. Дагавор куплі-продажу акцый паміж прадаўцом і пераможцам аўкцыёну павінен быць падпісаны да 6 студзеня 2012 года.

Расійскі кабельны завод «Людзінавакабель» створаны ў ліпені 1993 года. Вырабляе энергетычныя правады і кабелі. На прадпрыемстве працуюць больш як 700 чалавек, наменклатура вытворчасці перавышае 3 тысячы найменняў. Прадукцыя, што выпускаецца прадпрыемствам, прымяняецца практычна ва ўсіх галінах прамысловасці Расіі.

Прадпрыемства «Гомелькабель» створана ў 1958 годзе. З 1991 года завод з’яўляецца ўласнасцю Беларусі і падпарадкоўваецца Міністэрству прамысловасці. У 1996 годзе завод пераўтвораны ў ААТ «Гомелькабель». У верасні 1998 года ААТ «Гомелькабель» было зарэгістравана ў якасці рэзідэнта свабоднай эканамічнай зоны «Гомель-Ратон». У 2004 годзе ААТ «Гомелькабель» становіцца сумесным адкрытым акцыянерным таварыствам «Гомелькабель». На прадпрыемстве працуюць 360 чалавек.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру