У пятніцу былі апублікаваныя першыя вынікі перапіса насельніцтва Расіі, які праходзіў у 2010 годзе.

Для беларускай меншасці ў гэтай краіне вынікі былі прадказальна змрочнымі:

з 818 тысяч у 2002 годзе наша колькасць упала да 521 тысячы. Упершыню расійскіх беларусаў стала меней, чым асецінаў, казахаў і ўдмуртаў.
Па колькасці носьбітаў беларускай мовы дадзеных пакуль няма, але там сітуацыя бадай што яшчэ горшая.

Паводле апошняга перапісу часоў СССР, у 1989 г. у Расіі пражывала ажно 1,2 мільёна беларусаў.

Ва ўмовах адсутнасці падтрымкі беларускай культуры з боку Рэспублікі Беларусь ідзе імклівая асіміляцыя і губленне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусамі ў РФ.
Калі беларускасць незапатрабаваная дзяржавай і вымушаная змагацца за выжыванне ў самой Беларусі, яна тым хутчэй будзе губляцца ў замежжы.
Ад гэтага больш за ўсё будзе губляць сама Беларусь, у тым ліку ў плане эканамічным і геапалітычным.
Дрэнна і ганебна, што кіраўнікі Беларусі гэтага не разумеюць.

У канцы савецкага перыяда ў Польшчы пражывала да 300 тысяч беларусаў. Цяпер іх колькасць скарацілася да 49 тысяч — у шэсць разоў. І за гэта, я перакананы, трэба дзякаваць у самую першую чаргу палітыцы уладаў у Менску і асабіста Аляксандру Лукашэнку, якія нават не размаўляюць па-беларуску. Больш за тое,

і саму Беларусь з яе рэпрэсіўным палітычным рэжымам і адсталай эканомікай яны ператварылі ў міжнароднае пудзіла, з якім людзі беларускага паходжання за мяжой усё меней жадаюць сябе асацыяваць.

Пры амбасадзе Беларусі ў Маскве няма нават культурнага цэнтра, хаця ёсць цэлая кіпа камерцыйных структур па продажы няякаснага абутку і мэблі. Падтрымка беларускай дыяспары ў Расіі абмяжоўваецца падачкамі палітычна лаяльным групоўкам, створаным у супрацьвагу старой дыяспары, якія займаюцца лабіраваннем інтарэсаў рэжыму Лукашэнкі ў Крамле. А самі расійскія беларусы тым часам знікаюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?