18.12.2011 / 14:52

Памёр Вацлаў Гавэл дапоўнена 38

Апошнім, што ён зрабіў для Беларусі, была падтрымка вылучэння Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію міру.

Гавэл уручае Бяляцкаму прэмію «Homo homini» («Чалавек - чалавеку»).

Гавэл на выпадковым фота ў цішотцы салідарнасці са Свабоднай Беларуссю.

Станіслаў Шушкевіч і Вацлаў Гавэл. Прага, канец 1990-ых гадоў. Svaboda.org.

Васіль Быкаў і Вацлаў Гавэл у Пражскім Градзе, 2001 год. Svaboda.org.

Андрэй Дынько, Вацлаў Гавэл і Мадлен Олбрайт. 2003 год. Гавел перадаў Дынько прэмію імя Ганны Эленбоген. Praguesociety.org.

Вацлаў Гавэл, Аляксандр Мілінкевіч і Іна Кулей, 2006 год. Svaboda.org.

Івонка Сурвіла і Вацлаў Гавэл, адзначэнне 80-годдзя БНР. Прага, 2008 год. Svaboda.org.

Вацлаў Гавэл і ўдзельнікі «Вольнага тэатру»: Уладзімір Шчэрбань, Мікалай Халезін і Наталля Каляда. Прага, 2009 год. Europeanbelarus.org.

Загарадны дом Гавэла ў Градэчку, дзе ён памёр. Фота blesk.cz

Перш чым стаць прэзідэнтам, ён адседзеў 4,5 года ў турме.

У нядзелю ў 75 гадоў памёр апошні прэзідэнт Чэхаславакіі (1989–1992) і першы прэзідэнт Чэхіі (1993–2003) Вацлаў Гавэл.

Палітык і драматург Вацлаў Гавэл памёр у выніку ўскладненняў, выкліканых працяглай хваробай.

Вацлаў Гавэл нарадзіўся 5 кастрычніка 1936 года ў Празе ў заможнай сям’і. Скончыў Акадэмію мастацтваў.

Пасля падзей Пражскай Вясны 1968 г. неаднаразова арыштоўваўся. У 1975 г. напісаў «Адкрыты ліст Густаву Гусаку» [кіраўніку тагачаснай васальнай Чэхаславаччыны], быў адным з ініцыятараў падпісання знакамітай «Хартыі-77».

У 1979 г. супраць Вацлава Гаўла і пяці іншых чэшскіх дысідэнтаў было вылучана абвінавачванне ў падрыўной дзейнасці. Гавэл быў кінуты ў турму і асуджаны на 4,5 года зняволення.

З выступу пражскіх студэнтаў глыбокай восенні 1989 года ў Чэхаславакіі пачалася «Аксамітная рэвалюцыя».
Гавэл стаў адным з ініцыятараў стварэння «Грамадзянскага форуму».

29 снежня 1989 г. на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат федэральнага сходу Чэхаславацкай Савецкай Рэспублікі ён быў абраны прэзідэнтам. Пасля таго як Чэхія і Славакія мірна сталі самастойнымі дзяржавамі ў 1993 годзе, Гавэл стаў першым прэзідэнтам незалежнай Чэхіі, кіраваў краінай да 2003 года.

Гавэл вядомы як адзін з самых яркіх палітычных дзеячаў Еўропы перыяду, які паследаваў за разбурэннем Берлінскай сцяны.
Яму ўдалося правесці паспяховыя эканамічныя рэформы ў постсацыялістычнай краіне, якія супадалі з ідэаламі дэмакратыі і гуманізму, якія вызнаваў Гавэл. Пры ім чэхі дабіліся вываду савецкіх войскаў. Рэвалюцыйныя перамены адбыліся без адзінай чалавечай ахвяры.

Гавэл прыязна ставіўся да беларускага дэмакратычнага грамадства, сімпатызаваў беларусам, рэзка крытыкаваў Лукашэнку, выступіў у абарону Алеся Бяляцкага, патрабаваў вызвалення беларускіх палітвязняў, разумеў і падтрымліваў змаганне беларусаў за сваю мову, культуру, бачанне гісторыі.

У 2003 годзе Гавэл перадаў рэдактару «Нашай Нівы» сваю прэмію «За грамадзянскія заслугі» імя Ганна Эленбоген. «Нашу Ніву» ён назваў тады «востравам незалежнасці» сярод дыктатуры.
Тая падтрымка была нязмерна важнай для газеты.
Апошнім, што ён зрабіў для Беларусі, была падтрымка вылучэння Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію міру.
Месяц таму Гавэл далучыўся да «Камітэта Бяляцкага». Сімвалічна, што ў свой час Гавэл атрымаў тыя самыя 4,5 года турмы, што цяпер — Бяляцкі. Застанецца невядомым, ці ён паспеў даслаць у Нобелеўскі камітэт свой намінацыйны ліст.

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Юрась Півуноў / Адказаць
18.12.2011 / 14:58
А вось гэта,браце,страта...Гэткіх годных людзей - пашукаць!...Сьветлая памяць!
0
Антось / Адказаць
18.12.2011 / 14:58
R.I.P
0
Yauhen / Адказаць
18.12.2011 / 15:03
R. I. P.
Паказаць усе каментары/ 38 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру