Уладзімір Сарокін застаецца адной з самых спрэчных фігур расійскай літаратуры. Найвыбітнейшы стыліст, які стварыў культавыя раманы «Блакітнае сала», «Норма» і «Лёд» выклікае абурэнне часткі чытачоў звышнатуралістычнасцю і наўмыснай жорсткасцю тэксту. Аднак іншыя называюць Сарокіна «апошнім расійскім рэалістам».

Прапуцінскія арганізацыі кшталту «Наших» і «Идущих вместе» імкнуліся забараніць творчасць пісьменніка, падаўшы на яго ў суд за парнаграфію ў рамане «Блакітнае сала».

Тады Сарокіну пагражала пакаранне — два гады ўмоўна
за «літары, якія нікога не ўзбуджаюць». Пасля працэсу Сарокін напісаў «Дзень апрычніка» і «Цукровы Крэмль» — кнігі пра Расію недалёкай будучыні, дзе адроджаная манархія, пабудаваная сцяна па заходняй мяжы, загранпашпарты спаленыя ля Крамля, дзейнічае новая апрыччына, а людзі жывуць катэгорыямі часоў Івана Жахлівага, прыпраўленымі высокімі тэхналогіямі, сяброўствам з Кітаем і ласункам у форме цукровага Крамля.

Пасля выхаду кніжкі ў калялітаратурных колах з’явіўся анекдот пра тое, што

рэкламшчыкі крадуць ідэі ў Пелевіна, а ў Сарокіна ідэі крадзе кіраўніцтва Расіі.

«Наша Ніва» звязалася з пісьменнікам, каб паразмаўляць пра маскоўскія пратэсты, верагоднасць перамены ўлады ў Расіі і сітуацыю ў Беларусі. Пісьменнік пагадзіўся на гутарку пасля таго, як упэўніўся, што НН — не «орган бацькі».

Наша Ніва: Грамадскіх пратэстаў такога маштабу ў Расіі не было ад 90-х. Чым выклікана такое моцнае абурэнне?

Уладзімір Сарокін: Насамрэч апошні раз такое было недзе ў сярэдзіне 90-х гадоў. З таго часу наступіў такі перыяд калі, як бы мовіць, тэктанічная пліта заставалася ў спакоі. Цяпер яна загайдалася. Галоўная перадумова — рэжым, які існуе апошнія дзесяць год, Яго «стылістычная» вычарпанасць. З’явілася стома, якая паступова перарастае ў раздражненне.

НН: Ці не падаецца вам, што ў Расіі магчымы «беларускі» сцэнар?

УС: Я думаю, што такога не адбудзецца. Рэаліі Расіі зусім іншыя. У нас краіна вялікая, а Масква — гэта дзяржава ў дзяржаве, і ў гэтай унутранай дзяржаве расце незадаволенасць.

НН: Але ў вашых кнігах «Дзень апрычніка» і «Цукровы Крэмль» шмат хто ўбачыў палітычнае прадказанне…

УС: «Дзень апрычніка» выйшаў у 2006 годзе. Менавіта тады пайшлі размовы, што Расія — багатая (ад слова Бог), самадастатковая краіна, якая можа адгарадзіцца ад Захаду, яго шкоднага ўплыву. Тады я паспрабаваў змадэляваць гэтую ізаляцыю зараз. Атрымалася мадэль пагружэння ў далёкае мінулае. Гэта прынцыпова адрозныя ад савецкіх форма і стыль ідэалогіі.

Выйшла квазіманархічная Расія, дзе праваслаўе — галоўная ідэалогія, а замест мовы — валапюк з царкоўнаславянкай і мовы высокіх тэхналогій.

Я бачу, што нейкі рух у тым кірунку адбываецца, гэта мяне засмучае як грамадзяніна, але цешыць як пісьменніка.

НН: Цяпер вы адышлі ад «царскай» тэматыкі, у якім кірунку працуеце зараз?

УС: У мяне выйшла кніга «Мяцеліца», прысвечаная жыццю ў расейскай правінцыі, і зборнік «Монаклон», які кардынальна адрозніваецца ад папярэдніх трох кніг. Зараз я працую над сабой, як пісаў Пастэрнак.

НН: Вашыя кнігі, у прыватнасці «Монаклон» ляжаць у інтэрнэце ў вольным доступе. Як вы да гэтага ставіцеся?

УС: Мне ўсё адно. Калісьці выдавецтва, якое надрукавала «Блакітнае сала» распачало судовы працэс з чалавекам, які павесіў «сала» ў сеціве.

Заўважце, як гучыць гэтая фраза — «павесіў сала ў сеціве»
. І працэс быў праіграны. Я лічу што ў любым разе нешта забараняць тут абсалютна бессэнсоўна.

НН: Апошнім часам у Расіі ўзмацніўся ціск на пісьменнікаў. Зараз вернецца Пуцін, якія гэта можа мець наступствы для творцаў?

УС: Чаму вы так упэўнены, што ён вернецца? Я б пакуль што так не казаў. Гэтай сістэме ўвесь час даводзіцца ціснуць, але ціснуць на вялікую колькасць людзей цяжка. У Расіі ёсць такая тэндэнцыя:

як толькі улада ператвараецца ў гратэск і самапародыю, яна змяняецца.
Вазьміце царскую Расію, ці апошнія дзесяць гадоў савецкай улады. Зараз падобная сітуацыя. Мне гэта нагадвае 1984 год.
Канстанцін Чарненка быў абсалютна гратэскнай істотай — сімвалам дэградацыі.
Пасля яго ўсё канчаткова стала развальвацца. Па апошнім звароце Пуціна да людзей бачна, што гэта таксама гратэск і парадыйнасць.

НН: А як вы ацэньваеце сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі?

УС: Да свайго сораму, я мушу сказаць, што ніколі не быў у Беларусі. Хаця мне неаднараразова абсалютна

розныя людзі казалі, што беларускі — гэта самыя прыгожыя жанчыны Еўропы.
І яшчэ, мне вельмі б хацелася ўбачыць рэліктавыя дубы ў Белавежскай пушчы, як чалавеку, які вельмі любіць дрэвы. Што тычыцца сітуацыі, то прадказваць нічога не вазьмуся. Аднак ёсць адна абсалютная ісціна: усе дыктатары не вечныя. Таму будзем чакаць і спадзявацца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?