19.12.2011 / 11:56

Па факце зносу першай мінскай электрастанцыі распачатая крымінальная справа 4

У справе фігуруюць прозвішчы мэра Мінска і іншых дзяржчыноўнікаў.

Нагадаем, што ў траўні 2010 года кіраўнік Беларусі падпісаў указ аб будаўніцтве ў Мінску побач з цыркам шматфункцыянальнага комплексу «Кемпінскі».

Пытанні ў гараджан да будаўніцтва з’явіліся пасля таго, як сёлета стваральнікі комплексу вырашылі разбурыць будынак першай мінскай электрастанцыі. Яна была пабудаваная па ініцыятыве мінскага губернатара Караля Гутэн-Чапскага і пачала даваць першы ток у 1895 годзе. Аднак у 2011 гэты помнік архітэктуры пачаў перашкаджаць новай горадабудаўнічай палітыцы.

У выніку быў знойдзены кампраміс. Будынак вырашана было перамясціць трохі ў бок да моста праз Свіслач. Пры гэтым захаваць разабраную цэглу і вярнуць яе ў працу вельмі складана. «Можна аднаўляць будынак з матэрыялу, падобнага да таго, з якога ён пабудаваны», — заявіў Чарняўскі.

Аднак, як сцвярджаюць у Беларускім таварыстве аховы помнікаў гісторыі і культуры, сама магчымасць такога «кампрамісу» заканадаўствам не прадугледжаная. А значыць, знос будынка электрастанцыі незаконны.

Кажа старшыня рэспубліканскай рады Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч:

— Заявы, зробленыя прадстаўнікамі Міністэрства культуры, разлічаныя на натоўп. Каб людзі супакоіліся. Перанос двух карпусоў: трансфарматарнай падстанцыі і машыннай залы — гэта ўсё роўна найгрубейшае парушэнне дзейнага заканадаўства ў сферы аховы помнікаў гісторыі і культуры. Варта ўлічваць, што ў дзяржаўны спіс аб’ектаў, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы, уваходзіў комплекс будынкаў электрастанцыі. Ён будаваўся ў канцы XIX — 20-х гадоў XX ст. Аднак Міністэрства культуры на падставе рашэння навукова-метадычнай рады дало дазвол на знос часткі будынкаў электрастанцыі і перанос двух самых старых карпусоў.

Але! Міністэрства культуры і навукова-метадычная рада не мелі паўнамоцтваў на прыняцце рашэння аб зносе гэтых будынкаў. Таму што рашэнне аб знішчэнні гісторыка-культурнай каштоўнасці можа прымацца толькі на ўзроўні Савета міністраў Беларусі і толькі ў выпадку, калі гаворка ідзе аб ліквідацыі наступстваў катастроф, стыхійных бедстваў, ваенных дзеянняў. Тады для рашэння пэўных аператыўных задач можа быць знесеная пэўная гісторыка-культурная каштоўнасць, якая перашкаджае ажыццяўляць такія аператыўныя задачы. Гэта гаворыцца ў 28 артыкуле Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Акрамя таго, у палажэнні аб рабоце навукова-метадычнай рады, зацверджаным пастановай Саўміна № 762, прадпісана прымаць толькі навукова абгрунтаваныя рашэнні. Навукова абгрунтаваныя — гэта рашэнні, прынятыя на падставе праведзеных на аб’екце гісторыка-культурнай спадчыны комплексных навукова-даследчых пошукаў. Такія працы ўключаюць у сябе і археалогію, і архітэктурныя абмеры, і зандаж, і гістарычныя росшукі — гэта значыць цэлы комплекс архіўна-бібліяграфічных і археалагічных даследаванняў. Але такія даследаванні ў дадзеным выпадку не праводзіліся.

— Справа распачатая па якіх артыкулах? Ці ёсць канкрэтныя фігуранты?

— Крымінальная справа распачатая як па факце разбурэння электрастанцыі, так і па факце незаконных узгадненняў гэтага разбурэння. Разглядаюцца два артыкулы — 344 і 428 Крымінальнага кодэкса — «знішчэнне гісторыка-культурных каштоўнасцяў» і «службовая халатнасць». Справа распачатая Партызанскім РУУС Мінска.

— А Вы самі верыце, што вінаватыя ў зносе гісторыка-культурных каштоўнасцяў панясуць заслужанае пакаранне?

— Шчыра кажучы, не. У справе завязаныя людзі на высокіх пасадах. Два апошніх корпусы электрастанцыі былі разбураныя паводле вуснага загаду мінскага кіраўніка горада Мікалая Ладуцькі. Гэта я кажу не галаслоўна. У мяне на руках прамежкавыя матэрыялы адной з праверак, якую ладзіў АБЭЗ. У іх гэта зафіксавана. Акрамя таго, у працэсе разбурэння першай мінскай электрастанцыі непасрэдна «замазаныя» чыноўнікі Міністэрства культуры. Таксама варта ўлічваць, што адным з заснавальнікаў кампаніі «Эліт Эстэйт», якая выступае заказчыкам будаўніцтва «Кемпінскі», з’яўляецца фірма «Трайпл». Таму я асабліва ў судовую перспектыву гэтай справы не веру. Але прынамсі была праведзеная вельмі кваліфікаваная праверка. Яе прамежкавыя матэрыялы паказалі, што сапраўды адбылося. Гэта ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі, калі праваахоўныя органы на паперы даюць нармальную прававую ацэнку стаўлення чыноўнікаў да гісторыка-культурнай спадчыны.

0
Бенедзікт / Адказаць
19.12.2011 / 12:44
Усё адгукнецца гэтым герастратам-беларусафобам, што за цэнт гатовыя прадаць краіну. Бокам ім выйдзе, зробленае злачынства. Антон Астаповіч - мужны і пасьлядоўны абаронца гістарычнай спадчыны... Дзякуй яму і людзям, якія змагаюцца за нацыянальныя помнікі.
0
valkyrija / Адказаць
19.12.2011 / 13:14
Няма эліты, якая захоўвае сваю спадчыну. Ёсць толькі халопы, якія жадаюць наварыць бабла :(
0
Antek / Адказаць
19.12.2011 / 13:25
Па факце зносу першай мінскай электрастанцыі распачатая крымінальная справа В таком случае в Гродно надо было бы все начальство закатать под плитку, которую положили вместо вечного старого брука. Уничтожили старую мельницу и добивают целый уникальный район Новый свет, распродали неизвестно кому Красный дом, гостиницу Белосток. И еще много чего что находится под так называемой охраной государства, теперь в зданиях все развалено и раскрадено. Но никаких уголовных дел, бывший мэр антоненко сидит в парламенте, а бывший губернатор Савченко на хлебной должности, гонит на Россию левые продукты.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру