Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) абрала птушкай 2012 года ў Беларусі чорнага стрыжа.

Як паведаміў спецыяліст па экалагічнай адукацыі АПБ Руслан Шайкін, чорны стрыж — гэта птушка цёмна-бурага колеру са светлым горлачкам памерам крыху большая за ластаўку, якая жыве перадусім у гарадах. З-за сваіх анатамічных асаблівасцяў — вельмі доўгіх серпападобных крылаў і кароткіх лапак — стрыж не можа хадзіць па роўнай паверхні і большую частку свайго жыцця праводзіць у паветры, нават здольны спаць у палёце. Чорны стрыж — таксама адна з самых хуткіх птушак у свеце, якая можа развіваць хуткасць больш за 100 км/гадз.

У Беларусі налічваецца 140–160 тыс. пар чорных стрыжоў.

Паводле слоў Шайкіна, гэты від вырашана абвясціць птушкай года ў сувязі з тым, што ён «упэўнена займае сваю экалагічную нішу» — гэта практычна адзіны гарадскі від, які сілкуецца лятучымі насякомымі. Акрамя таго, сёння для птушкі існуе праблема ў суіснаванні з людзьмі. Стрыж селіцца ў шчылінах у вышынных дамах, і нярэдкія выпадкі, калі падчас рамонту і рэканструкцыі будынкаў яго гнёзды заканапачваюць ці замуроўваюць.

Як паведаміў спецыяліст, асноўным мерапрыемствам кампаніі 2012 года ў падтрымку чорнага стрыжа будзе выраб і развешванне ў горадзе штучных гняздоўяў для птушак. Да гэтай працы будуць прыцягвацца не толькі прадстаўнікі АПБ, але і грамадскасці. Будуць арганізаваныя таксама разнастайныя ўлікі і назіранні за стрыжамі. Шайкін спадзяецца, што дзякуючы гэтым мерапрыемствам стрыжоў перастануць блытаць з ластаўкамі. Акрамя таго, будуць праводзіцца традыцыйныя акцыі — конкурсы малюнкаў і казак для дзяцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?