Лідар руху «За свабоду!» Аляксандр Мілінкевіч, каментуючы гадавіну падзей 19 снежня 2010 года на плошчы Незалежнасці ў Мінску, адзначыў, што для дэмакратычных сіл было прынцыпова захаваць мірны стан Плошчы. Аб гэтым палітык заявіў 19 снежня на пасяджэнні круглага стала, прысвечанага гадавіне прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

«Сцэнар быў чымсьці падобны на кіеўскі — мы спадзяваліся, калі атрымаецца зрабіць мірную Плошчу, то на наступны дзень прыйдзе больш людзей. Таму што людзі пачуюць, што не б’юць, не саджаюць Для нас было прынцыпова захаваць мірны стан Плошчы», — адзначыў Мілінкевіч.

Лідар руху «За свабоду!» ацэньвае вынікі Плошчы-2010 як трагічныя.
«Народ прайграў шанц на еўрапейскую інтэграцыю, на цывілізаванае жыццё, улада прайграла,
апазіцыя прайграла — толькі Масква на 90 працэнтаў выйграла», — перакананы Мілінкевіч.

Яго словы пацвярджае і экс-кандыдат у прэзідэнты Грыгорый Кастусёў. «Самая галоўная мэта была запрасіць людзей на мірную акцыю пратэсту, якая сведчыла б аб тым, што ў Беларусі не адбылося сапраўдных выбараў, адбыліся парушэнні, фальсіфікацыі і што вынікі выбараў мы не прызнаём», — сказаў Кастусёў.

Паводле слоў кіраўніка АГП Анатоля Лябедзька, на прэс-канферэнцыі, якая была праведзена ім і экс-кандыдатам у прэзідэнты Яраславам Раманчуком, яны адмовіліся ад адказнасці «за тое, што не ўмеюць рабіць». «Раманчук казаў, што ён і яго каманда можа ўзяць адказнасць за рэформы. Гэта быў правільны пасыл, таму што за Плошчу мы не браліся.

Мы туды заклікалі, гэта быў больш маральны складнік, чым палітычны»,
— адзначыў Лябедзька.

У сваю чаргу лідэр партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін лічыць кампанію дэмакратычных сіл 2010 года «ніякай». «Апазіцыя панесла вельмі моцныя страты. І ў чалавечым плане, і ў тым сэнсе, што ўладзе ўдалося нагнаць такую тэмпературу страху, што мы сёння ніяк не можам астудзіць грамадства», — заявіў Калякін.

На думку прадстаўніка кампаніі «Гавары праўду!» Міхаіла Пашкевіча, галоўная памылка Плошчы-2010 была ў адсутнасці канкрэтнай стратэгіі. «Стратэгія заключалася ў адным — сустрэнемся на плошчы. Мы не маглі даць адказ людзям, а што далей. Дрэнна мы спрацавалі, калі наш план ляснуўся за 2–3 хады. Трэба ведаць аб гэтым і наступным разам не клікаць людзей проста на плошчу. Суцэльны разгром апазіцыі — вельмі добры ўрок, які ніхто не хоча прызнаць», — сказаў Пашкевіч.

Сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі лічыць, што 10 снежня 2010 года трэба было раней «браць ініцыятыву на сябе». «Вельмі вялікую памылку мы зрабілі, што ў гэтых умовах мы не вылучылі свой сцэнарый Плошчы. Гэта вялікая памылка мая персанальна і ўсяго нашага штаба», — сказаў Рымашэўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?