22:30

Як перадае карэспандэнтка НН з-пад муроў Ельскага РАУСа, зараз дзяўчаты знаходзяцца ў аддзеле міліцыі. Унутр нікога не пускаюць. Прыехаў на некаторы час консул, сваякі дзяўчат перадалі копіі пашпартоў. Вядзецца разбіральніцтва, чаму яны апынуліся ў памежнай зоне без дакументаў.

Журналісты, якія бачылі, як дзяўчат прывезлі з бальніцы, сцвярджаюць, што яны выглядалі стомленымі і прыгнечанымі: у Іны Шаўчэнкі і Аксаны Шачко парэзаныя валасы (Аляксандра Нямчынава была і дагэтуль каротка падстрыжана). Твары запэцканыя зялёнкай.

У бальніцы значных пашкоджанняў у іх не выявілі, у асноўным -- гематомы на руках і іншых частках цела.

У момант, калі міліцыя выводзіла актывістак з лякарні, журналістам удалося задаць некалькі пытанняў дзяўчатам, дадае БелаПАН. Прадстаўніцы Femen паведамілі, што былі затрыманыя ўвечары 19 снежня на Усходнім аўтавакзале ў Мінску.

Іх затрымлівалі шэсць мужчын, якія не прадставіліся, але адразу ж насунулі шапкі на вочы актывісткам і павезлі іх у невядомым кірунку.

Па словах дзяўчат, у выніку іх вывезлі ў лес, дзе пагражалі і ўсяляк здзекаваліся, прымушалі распранацца дагала, аблілі галовы зялёнкай, прымушалі трымаць плакаты з фашысцкай свастыкай. Усё гэта здымалася на відэакамеру.

Консул Украіны з'ехаў, да журналістаў выйшаў прэс-аташэ пасольства Украіны Аляксей Емяльяненка, які сказаў, што з дзяўчатамі усё ў парадку, асаблівых пашкоджанняў у іх няма.

22:22

Паводле словаў начальніка РАУСа Анатоля Якімца, трое ўкраінак сапраўды знаходзяцца ў іх. Ніякіх каментароў ён не дае, кажа, што ідзе разбіральніцтва, паведамілі Еўрарадыё па тэлефоне.

Тым часам журналісты з Мінска прыехалі ў Ельск.

Беларускія навіны дадаюць, што цяпер актывісткі Femen праходзяць медыцынскі агляд у Ельскай раённай бальніцы. У бальніцы дзяжураць супрацоўнікі Ельскага РАУС.

Міліцыянеры патлумачылі, што дзяўчаты былі знойдзены ў памежнай зоне ў вёсцы Бякі. У іх не было дакументаў, таму яны былі дастаўлены ў аддзел міліцыі для разбору. Туды ж прыбыў консул Украіны, які там чакае актывістак.

Міліцыя паведаміла, што пасля медагляду дзяўчаты будуць дастаўленыя ў аддзел для далейшага разгляду.

Як лічаць міліцыянты, дзяўчаты, якія ў панядзелак правялі акцыю каля беларускага КДБ, нічога не парушылі, бо патлумачылі, што ў памежную зону трапілі не па сваёй волі. У дачыненні да іх былі здзейсненыя гвалтоўныя дзеянні, іх вывезлі ў памежную зону і кінулі ў лесе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?