31 студзеня Эўрапейская камісія прыняла камунікат пра «Арыентыры разьвіцьця транспартнага сэктару ў Эўропе і суседніх краінах», якое стане першым крокам да стварэньня агульнай транспартнай прасторы паміж ЭЗ і яго суседзямі.

«Умацаваньне транспартных сувязяў з нашымі суседзямі будзе ня толькі садзейнічаць усталяваньню больш цесных стасункаў зь імі, але і дасьць стымул для разьвіцьця гандлю і турызму», — пракамэнтавала падзею Эўракамісар па справах вонкавых дачыненьнях Бэніта Фэрэра‑Вальднэр.

Дакумэнт зьяўляецца першым крокам да маштабнай інтэграцыі транспартных сэктараў Эўразьвяза і краінаў‑суседзяў. Пры дапамозе новай палітыкі ў транспартнай сфэры ЭЗ імкнецца стварыць з суседнімі дзяржавамі зону адзіных транспартных правілаў і рэгуляцыяў, садзейнічаючы разьвіцьцю шырокай эўрапейскай транспартнай прасторы.

Арыентыры грунтуюцца на рэкамэндацыях Групы высокага ўзроўню па транспартных пытаньнях, заснаванай камісіяй у 2004 г.

Праект прадугледжвае разьвіцьцё пяці транснацыянальных транспартных восяў. Адной зь іх стане гэтак званая Цэнтральная вось, што злучае цэнтр ЭЗ з Украінай і садзейнічае разьвіцьцю транспартных сувязяў Украіны з касьпійскім рэгіёнам і транссібірскай транспартнай магістральлю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0