21.12.2011 / 16:34

Расстрэл бастуючых у Жанаазэні — відэа 49

Тое, што спрабавалі схаваць казахскія ўлады.

Відэа знята на мабільны тэлефон з жылога дома, вокны якога выходзяць на вуліцу, з якой уцякаюць некалькі соцень чалавек. За імі, прыкладна крокаў за пяцьдзясят, ідзе спецназ са шчытамі ў руках. Прыкладна на 34-й секундзе спецназ пачынае страляць.

Заднія з натоўпу падаюць параненымі, некаторыя з іх яшчэ спрабуюць падняцца і ўцячы ад паліцэйскіх.

Пазней у поле зроку камеры трапляюць сілавікі, якія прыцэльна страляюць з пісталетаў на паражэнне.

Адзін з параненых, якому патрапілі ў нагу, спрабуе скакаць на цэлай назе, але падае на зямлю. Да яго падбягаюць амонаўцы і дабіваюць параненага дубінкамі па галаве.

Беспарадкі ў Жанаазэні пачаліся ў мінулую пятніцу, на Дзень незалежнасці Казахстана. Страйкуючыя паўгода з прычыны нізкіх заробкаў нафтавікі разграмілі сцэну для свята і спалілі офіс сваёй кампаніі.

Адразу пасля падзей улады краіны заблакавалі Twitter, перапынілі тэлефонную сувязь з Жанаазэнем і ўвялі ў горадзе рэжым надзвычайнага становішча.

А вось што адыбвалася ў часе беспарадкаў:

А вось перадгісторыя: спецназ разганяе забастоўку:

І фон — Алія Назарбаева прэзентуе калекцыю золата і брыльянтаў:

Пратэсты ў казахскім Жанаазэні мы папрасілі пракаментаваць лідара апазіцыйнай незарэгістраванай партыі «Алга» Уладзіміра Казлова.

Ён сам з Мангістаўскай вобласці Казахстана, дзе пражыў 40 гадоў. Толькі апошняе дзесяцігоддзе, калі апынуўся ў палітыцы, жыве ў Алматы. Пратэсты пачаліся 16 снежня падчас святкавання Дня Незалежнасці Казахстана. Дэманстрантамі выступілі звольненыя нафтавікі, якія сем месяцаў праводзілі сваю акцыю на цэнтральнай плошчы Жанаазэня. Сілавікі ўжылі зброю. Больш за дзясятак чалавек было забіта.

«Наша Ніва»: Спадар Уладзімір, што адбываецца ў Жанаазэні?

Уладзімір Казлоў: Быў там двое сутак пасля пратэстаў. У горадзе абвешчаная каменданцкая гадзіна. Па вуліцах зусім не хо-дзяць людзі, асабліва мужчыны. З прадуктамі вялізныя праблемы, няма паставак. Цяпер туды вазілі журналістаў, дык іх нават не пакармілі ў гатэлі, бо не змаглі набыць ежу. Адно яйка цяпер каштуе 2 даляры. Міністр унутраных справаў заявіў, што будуць страляць у выпадку паўтарэння падобных пратэстаў.

«НН»: Казахская прапаганда паказвае пратэстоўцаў як дэградаваных людзей.

УК: Для гэтага трэба ўзгадаць падзеі 1986-га, калі ў Алма-Аце маладыя людзі выйшлі пратэставаць супраць прызначэння стаўленіка Крамля Генадзя Колбіна, які замяніў першага сакратара ЦК Кампарыі Казахстана Дзінмухамеда Кунаева. Тады тых людзей Назарбаеў таксама называў кучкай наркаманаў. А сёння іх імёны выбітыя на стэле ў Алматы, яны нацыянальныя героі. Гэта тыя самыя словы, тыя самыя метады, той самы Назарбаеў.

«НН»: Гэта выпадковасць, што паўстанне ў Жанаазэні ўспыхнула якраз у 25-ю гадавіну тых пратэстаў?

УК: Магчыма, нешта такое планавалася. Але ў горадзе адбывалася святкаванне Дня Незалежнасці.

Па казахскай традыцыі на цэнтральнай плошчы паставілі юрту, дзе гатавалі бешбармак, іншыя мясныя стравы. Там засядала гарадская адміністрацыя. У адзін з момантаў у бок нафтавікоў, якія былі на плошчы сем месяцаў — праводзілі эстафетную забастоўку, — паляцеў пакет з косткамі. Гэта і стала адной з прычын.

«НН»: Ці ёсць у пратэстоўцаў нейкі палітычны аспект?

УК: Не было. Апазіцыя таксама не навязвала ім свае погляды. Гэтыя людзі патрабуюць лепшых умоваў для сваёй працы. Вось і ўсё. Паказваць сёння, што гэта нейкія пагромшчыкі, проста абсурдна. Людзі сем месяцаў пратэставалі. І ніякіх інцыдэнтаў не здаралася, яны нават піва не пілі на плошчы.

«НН»: Улады Казахстана спрабуюць паказаць пратэсты як правакацыю з боку замежных дзяржаваў, каб расшатаць стабільнасць у краіне.

УК: Гэта канёк нашай прапаганды. Самае галоўнае — улады адкрылі агонь супраць пратэстоўцаў. Такое магчымае толькі ў краінах кшталту Лівіі, адкрытых дыктатурах. Нідзе ў свеце супраць дэманстрантаў не ўжываюць аўтаматы.

«НН»: У чым спецыфіка Заходняга Казахстана ў цэлым і Мангістаўскай вобласці ў прыватнасці?

УК: Гэта самы аддалены рэгіён краіны. Вялікія адлегласці. Там няма прыроднай чыстай вады, яе даводзіцца купляць у магазінах, каб нешта прыгатаваць. Гэта пустыня, пясок, пыльныя буры, там нічога не расце. Жорсткі клімат: плюс 30 летам і мінус 50 зімой. Тым не менш, гэты рэгіён з’яўляецца асноўным донарам краіны па здабычы нафты. Але па ўзроўні жыцця Мангістаўская вобласць адна з апошніх у краіне і адна з першых па ўзроўні розных захворванняў.

«НН»: А якія заробкі ў нафтавікоў?

УК: Вялікая разбежка паміж менеджарамі і рабочымі. Калі рабочыя атрымліваюць дзесьці 1500 даляраў у месяц, то менеджары 30—40 тысяч. Першаснае патрабаванне страйкоўцаў — годныя ўмовы працы.

«НН»: А ісламскія ўплывы ў Мангістаўскай вобласці вялікія?

УК: Яны мусульмане, але не ісламісты. Самі казахі смяюцца, што яны «найгоршыя ў свеце мусульмане». Калі там з’явіліся нейкія ісламісты, то іх проста выгналі.

«НН»: Ці могуць пачацца пратэсты ў іншых рэгіёнах краіны?

УК: Могуць. Племя адой, што жыве ў Жанаазэні, падтрымлівае вельмі цесныя сацыяльныя сувязі са сваімі супляменнікамі. Калі ў адным месцы супраць іх сваякоў ужываюць сілу, то гэтую несправядлівасць адчуваюць адойцы у іншых гарадах.

«НН»: Папулярнасць Назарбаева сапраўды настолькі вялікая, як гэта паказваецца на выбарах?

УК: Не, вядома. Рэальна Назарбаева падтрымлівае 30—35% насельніцтва.

«НН»: У казахскім інтэрнэце кіпелі размовы пра ўдзел беларускага спецназа ў разгоне дэманстрантаў у Жанаазэні. Нешта пра гэта чулі?

УК: Думаю, што гэта «качка». Беларусы ўсё ж моцна адрозніваюцца ад казахаў, мы б заўважылі. Але дыму без агню не бывае. Калі я ляцеў у Актау, то ў бізнэс-класе самалёта ляцеў нейкі вайсковец, не зразумеў адкуль. Яго сустракалі афіцэры казахскай арміі. Магчыма, ёсць нейкая дапамога на кансультацыйным узроўні.

* * *

Жэлтаксан

16—18 снежня 1986 года ў Алматы студэнты і працоўная моладзь выйшлі на Плошчу. Яны гвалтоўна пратэставалі супраць прызначэння расейца Колбіна кіраўніком рэспублікі. Масква была ў шоку: лічылася, што самасвядомасць казахаў нізкая і яны паспяхова асімілююцца. На той момант, за час кіравання Дзінмухамеда Кунаева, казахі ўжо сталі меншасцю ва ўласнай рэспубліцы. Багатую на карысныя выкапні і чарназём краіну Расія праўдамі і няпраўдамі запаўняла перасяленцамі.

Выступ у Алматы паказаў, што казахі пачынаюць таксама адчуваць сябе нацыяй са сваімі правамі і інтарэсамі.

У часе падаўлення паўстання сілавыя структуры затрымалі 8500 чалавек, больш за 1700 чалавек атрымалі траўмы. Праз допыты ў пракуратуры і КДБ прайшлі 6200 чалавек. Крымінальна асуджаны былі 99 чалавек, звольнены з працы 319 удзельнікаў паўстання, адлічаны з ВНУ 309 студэнтаў.

КДБ не знайшоў прыкметаў наяўнасці арганізаванай апазіцыі за падзеямі. Было вырашана, што адбыўся стыхійны ўсплёск.

Тыя падзеі цяпер вядомыя пад назвай «Жэлтаксан» — казахская назва месяца «снежань».

Паўтор 1986-га?

Сутычкі ў Жанаазэні сімвалічныя тым, што адбыліся на 25-годдзе падзей у Алматы. Тады гэта быў першы ўсплёск нацыянальных пачуццяў, а цяпер — першы ўсплёск абурэння сацыяльнай няроўнасцю. Цікава, што ў 1989-м у тым самым Жанаазэні адбыліся моцныя сутычкі на нацыянальнай глебе. Мясцовыя жыхары выгналі з горада гандляроў-каўказцаў. Жыхароў Заходняга Казахстана вылучае моцнае пачуцце этнічнай салідарнасці.

Назарбаеў

Бунтары 1986-га хацелі, каб рэспублікай кіраваў малады старшыня ўрада Назарбаеў, а не прысланы з Масквы Колбін. З часам Масква вымушана была з гэтым згадзіцца. Бунтары 2011-га патрабуюць больш справядлівага размеркавання нацыянальнага багацця, якое кантралююць цяпер той самы Назарбаеў са сваімі дочкамі.

Кайрат

Пры разгоне мітынгаў 1986-га казахі масава аказвалі супраціўленне. Загінуў нават адзін супрацоўнік сілавых структур (дружыннік). Вінаватым у ягонай смерці зрабілі 20-гадовага Кайрата Рыскулбекава, ураджэнца аула ў паўднёвай Джамбыльскай вобласці. Рыскулбекаў акурат прыйшоў з дэсантных войскаў, вучыўся на інжынера-будаўніка. Сваёй віны ён не прызнаў. Ён даказваў, што ўсяго толькі пабіў міліцыянта, які біў дзяўчыну, удзельніцу мітынгу.

Рыскулбекава асудзілі да смяротнага пакарання, але замянілі смерць на 20-гадовае зняволенне. Тым не менш, ён быў знойдзены павешаным у перасыльнай турме. Афіцыйна, ён засіліўся на майцы рэцыдывіста, які з ім сядзеў. Аднак у 1992 той урка прызнаў у адкрытым лісце, што забіў Кайрата на замову савецкіх спецслужбаў.

За просты факт публікацыі фота з суда, дзе Рыскулбекаў горда трымае галаву, былі звольнены рэдактары многіх казахскіх газет.

Рыскулбекава рэабілітавалі ў 1992-м. Выдалі ягоныя вершы асобнай кнігай. А ў 1996-м Назарбаеў прысвоіў яму імя «Героя Казахстана». Ягоным імем назвалі вуліцу ў Алматы, на якой стаяў універсітэт, дзе ён вучыўся.

0
Офицер / Адказаць
21.12.2011 / 16:40
Они добивали раненых? ну и ну
0
ranen / Адказаць
21.12.2011 / 16:46
диктаторские холуи и моральные уроды.
0
S. / Адказаць
21.12.2011 / 16:51
В принципе как и у нас)
Паказаць усе каментары/ 49 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру