«Лісты да Волі» — так называецца новая кніга Уладзіміра Някляева, якая выйшла з друку пры падтрымцы беларускага інфармацыйнага цэнтру ў Вільні.

Яе склалі тры дзясяткі вершаў, паэма «Турма», уступ аўтара і ягонае апошняе слова на судзе.

У выходных звестках пазначана, што кніга падпісана ў друк 19 снежня 2010 года. І сапраўды, калі б не было гэтае даты ў жыцці паэта і кандыдата ў прэзідэнты, не было збіцця, выкрадання з бальніцы і саракадзённага зняволення ў «амерыканцы», не было хатняга арышту і прысуду — не было б і гэтае кнігі.

Першы верш у ёй пазначаны датай 1.01.2011.

Як плашчаніца, бел-чырвона-бела
Лунаў над лёсам сымбаль Твой сьвяты…
Калі ўдыхнуў Гасподзь душу мне ў цела —
Ёй стала Ты.
Ты, Воля беларуская, Ты, мара
Крывіцкая, Ты, крэўная мая!..
Калі Табе патрэбная ахвяра —
Ёй стану я.

І потым — кожны студзенcкі дзень па адным вершы. Апошні з гэтае нізкі напісаны ўжо дома, але ўсё роўна пад пільным вокам ахоўнікаў.

Нечакана легла карта
Мне й табе.
Днём і ноччу ў хаце варта
КДБ.

Тры дзясяткі балюча-пранізьлівых твораў паэт прысьвяціў жонцы, вызначыўшы іх жанр як лісты, лісты да Волі. Імя каханае жанчыны, зь якою разлучыла яго турма, паэт асацыюе з воляй. Гэтае шматзначнае слова-імя праходзіць праз усю турэмную лірыку паэта, аналягаў якое ня ведае сучасная беларуская літаратура.

Зьбіты опэрам, на нары
Лёгшы ніц,
Я прыпомніў, як штукарыў
Дацкі прынц.
Тут ягоныя хістаньні
Не ў цане,Тут нямашака пытаньня
Быць ці не.
Калі ты каля парашы
Ніцма лёг,
Толькі б выжыць, зубы сьцяўшы,
Даў бы Бог.

Паэма «Турма» — гэта канцэнтрацыя болю, роспачных развагаў у кароткіх перапынках паміж допытамі і катаваньнямі і скрушлівых высноваў аўтара пра беларускую рэчаіснасьць.

…Турма ў турме — і воля ў ёй.
Усе за кратамі ў краіне,
Дзе дух крывіцкі нема гіне,
Разьняты з моваю сваёй.

Прага да волі не пакінула паэта зламаным на турэмных нарах. Апошняя кропка ў паэме «Турма» пастаўленая летась у пераднавагодні вечар у «амэрыканцы» скалечаным фізычна, але неверагодна моцным духоўна творцам і грамадзянінам.

….Сьцяна між намі межавая —
Турэмная сьцяна. Ах, Яска!
Даруй, даруй мне, калі ласка,
Сьцяну! Вы, камяні ў сьцяне,
Даруйце мне, даруйце мне!
Вы ў садзе камянёў маглі
Ляжаць — ды воля на зямлі
Альбо свая, альбо чужая!..
Яна ў вязьніцы выжывае
У гэтым краі страт і скрух,
Але расьце, але мужае,
І разам зь ёй мужае дух,
Якому толькі воля трэба —
Нічога болей!..
Гэты дым,
Які чапляецца за неба
B растае высока ў ім…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?