Школьнік з Гродна стварыў рэальна перспектыўную мадэль электрамабіля.

Школьнік з Гродна стварыў рэальна перспектыўную мадэль электрамабіля.

Калі беларускія ўлады аб’явілі пра надыход Года прадпрымальнасці, яны спадзяваліся, што Беларусь выйдзе на ўзровень перадавых еўрапейскіх краінаў. «Асноўным рухавіком рыўка з’яўляюцца прадпрымальнасць, актыўнасць і ініцыятыва», — гаварылася ва ўказе кіраўніка дзяржавы.

Большасць беларусаў скіравала сваю прадпрымальнасць на тое, каб знайсці даляры па старым курсе ці танна купіць прадукты. Аднак некаторыя нашыя суайчыннікі насамрэч праявілі актыўнасць і ініцыятыву і прадставілі сёлета свае вынаходніцтвы.

«Наша Ніва» прапануе хіт-парад арыгінальных ідэй беларускіх Леанарда да Вінчы за 2011 год. Вытворчасць кожнага з пералічаных ніжэй тавараў магла б быць удалай бізнэс-ідэяй, але пакуль што чакае сваёй рэалізацыі.

Аўтамабіль, які працуе на паветры

Аўтар гэтай на першы погляд немагчымай ідэі — Сяргей Латышаў. Ягоны аўтамабіль (на фота) не проста не спажывае электраэнергію, але яшчэ і стварае яе. «Калі машына ездзіць гадзіну, яна вырабляе мінімум 10 кілаватаў. Можна стварыць апараты, якія будуць гэтую энергію забіраць і выкарыстоўваць для іншых патрэбаў», — кажа вынаходнік.

Адкуль жа бярэцца энергія для руху? Для яе назапашвання працуе ўвесь аўтамабіль. «Дах пакрыты сонечнымі фотапераўтваральнікамі, ёсць восем ветрагенератараў, спецыяльныя прыстасаванні выкарыстоўваюць энергію тармажэння», — расказвае Сяргей Латышаў. У рух аўтамабіль прыводзіцца сціснутым паветрам, якое разганяе электрагенератар. Калі ж яно скончыцца, энергію можна падкачаць педаллю.

Па меркаванні аўтара ідэі, цана машыны можа складаць $40–50 тысяч, аднак яна павінна акупляцца за кошт эканоміі на паліве.

Рысасушылка

Гэты праект пагражае стаць міжнародным. Прынамсі, ім усур’ёз зацікавіліся ў В’етнаме. Падчас візіту беларускай дэлегацыі мясцовыя спецыялісты паскардзіліся, што не могуць наладзіць механічную сушку рысу, якога ў краіне збіраюць 40 мільёнаў тон штогод. Дамоўленасць на пастаўку апаратаў ужо заключаная, і беларусам застаецца толькі наладзіць масавую вытворчасць.

Інфрачырвоная каструля

Падсмажваць бульбу проста ў рондалі прапануе загадчык лабараторыі інфрачырвонай тэхнікі БДУІР Міхаіл Тхастоў. Ягонае вынаходніцтва спажывае мала энергіі, а працуе ўдвая хутчэй за аэрагрылі. Даследчык выкарыстоўвае старыя савецкія распрацоўкі, якія пасля развалу СССР сталі непатрэбнымі дзяржаве. Праўда, матэрыялы для чароўнага рондаля патрэбныя імпартныя, бо ні галагенныя лямпы, ні спецыяльнае шкло, якое прапускае інфрачырвонае выпраменьванне, у Беларусі не робяць.

Электрамабіль ад школьніка

Гэтае вынаходніцтва адрозніваецца ад аўтамабіля Сяргея Латышава, названага вышэй, не толькі крыніцай энергіі для руху. Электрамабіль змог стварыць гродзенскі адзінаццацікласнік Аляксандр Казлоў з дапамогай сяброў. Максімальная хуткасць машыны складае 35 км/г, і ездзіць без падзарадкі аўто зможа тры гадзіны. Каб цалкам зарадзіць акумулятары, патрэбна 5 кілават — яны каштуюць каля 1000 рублёў.

«Адзін з акумулятараў знаходзіцца пад капотам, яшчэ тры стаяць у салоне, — расказвае вынаходнік. — Раму мы варылі з жалеза, а колы ўзялі ад мапеда».

Прадстаўлены праект — пілотны. Школьнік думае над тым, як павялічыць магутнасць рухавіка.

Робат-экскурсавод

Яшчэ адзін праект ад маладых навукоўцаў распрацаваны ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце. Тут пачалі падрыхтоўку да Чэмпіянату свету па хакеі, які мае прайсці ў Беларусі ў 2014 годзе, і стварылі робата-экскурсавода. Ён будзе дапамагаць балельшчыкам на «Мінск-Арэне», паведамляючы даведкавыя дадзеныя. Стваральнікі спадзяюцца, што яны паспеюць навучыць робата адказваць на пытанні, якія будуць задаваць яму госці чэмпіянату.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?