Вядомая беларуская журналістка Святлана Калінкіна пракаментавала на сайце «Белорусский партизан» зварот лідэра дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандра Мілінкевіча да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам пачаць дыялог з беларускай апазіцыяй і, як вынік, палепшыць стасункі з Захадам.

Па словах Калінкінай, у Брусэлі ўсё часцей чутныя галасы тых, хто лічыць немэтазгодным прабачаць Лукашэнку яго грахі толькі таму, што ў беларускага лідэра сапсаваліся стасункі з Масквой. «Спыніць механізм перамоваў, які працуе ўхаластую, цяпер можа вельмі просты ход: Лукашэнка павінен атрымаць спарынг‑партнёра. У ролі такога і выступіў Аляксандр Мілінкевіч. Калі Аляксандр Уладзіміравіч больш выразна сфармулюе сваю ідэю, то ён проста не пакіне Лукашэнку шанцаў дурыць галаву еўрапейскім службоўцам», – лічыць журналістка.

У адрозненні ад прапановы сацыял‑дэмакрата Уладзіміра Нісцюка, якая ў свой час таксама стала сенсацыяй, Мілінкевіч не высоўвае перамовы як дастатковую ўмову рэабілітацыі рэжыму. Але пакуль яшчэ выразна не фармулюе і асноўнае патрабаванне – унутраны дыялог і палітычныя рэформы павінны папярэднічаць знешняму, адзначае Калінкіна.

«Чыста тэарэтычна можна ўявіць, на якіх умовах Лукашэнка мог бы імітаваць перамовы з Еўропай. Але ў сцэнары еўрапейскай гульні афіцыйнага Менска самае слабае звяно – апазіцыя. Дзяржаўная прапаганда завіхаецца, каб ні ў каго ў Беларусі не ўзнікла нават думкі пра тое, што Лукашэнка робіць рэверансы Еўропе пад ціскам сваіх палітычных супернікаў», – лічыць Святлана Калінкіна.

«Менавіта таму пра тое, што кіраўнік ПАРЕ Рэнэ Ван дэр Ліндэн сустракаўся не толькі з афіцыйнымі асобамі, але і з лідэрамі апазіцыйных партый – ні слова. Пра тое, што агенцтва «Рэйтэр» узяло інтэрв’ю не толькі ў Аляксандра Лукашэнкі, але і ў Аляксандра Мілінкевіча – ні паўслова. Інфармацыя выбудоўваецца так, быццам не Менск кінуўся шукаць спагады на Захадзе, а, наадварот, еўрапейскія краіны раптам усвядомілі значнасць Лукашэнкі. У гэтым сэнсе горшай «дапамогі», чым рука, працягнутая Аляксандрам Мілінкевічам, беларускі лідэр і прыдумаць не мог. Таму вось ужо некалькі дзён дзяржаўная прапаганда нават не ведае, як адрэагаваць. Маўчыць», – адзначае журналістка.

Поўны тэкст артыкулу Сьвятланы Калінкінай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?