На дарогах Беларусі апошнія дні пачасціліся лабавыя сутыкненні, паведаміла старшы інспектар па асаблівых даручэннях аддзела арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння і прапаганды бяспекі дарожнага руху УДАІ МУС Беларусі Ганна Банадык.

Старшы інспектар растлумачыла, што 20 і 21 снежня на аўтадарогах краіны было зафіксавана па два лабавыя сутыкненні. Так, ва Ушацкім раёне 21 снежня 47-гадовы вадзіцель, кіруючы «Аўдзі 80», на закгругленні дарогі не справіўся з кіраваннем, выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з аўтобусам КАўЗ. У выніку вадзіцель «Аўдзі» быў паранены і трапіў у бальніцу, а 51-гадовая аднасяльчанка, якая ехала з ім, загінула. У той жа дзень у Добрушскім раёне 51-гадовы жыхар Гомеля на аўтамабілі ВАЗ-21061 абганяў іншы транспарт і выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з «ГАЗеллю». Вадзіцель «Жыгулі» памёр па дарозе ў бальніцу.

***

У ДАІ падкрэслілі, што пры абгонах могуць падвесці неабачлівыя паводзіны на слізкай дарозе. Гэта асабліва важна цяпер, калі пачынаецца пахаладанне. «Першы снег прынёс пэўныя цяжкасці кіроўцам, асабліва складана кіроўцам-пачаткоўцам», — адзначыла Ганна Банадык і дадала, што першы час на зімовай дарозе і больш вопытныя кіроўцы (асабліва за горадам) адчуваюць сябе няўпэўнена. Да гэтага дабаўляецца яшчэ дрэнная бачнасць, а таксама непрадказальныя паводзіны некаторых пешаходаў.

Існуе некалькі асноўных «зімовых» правіл.
Па-першае, трэба абавязкова «пераабуцца» ў зімовыя шыны. Акрамя таго, неабходна памятаць, што на слізкай дарозе замест павышаных перадач трэба аддаваць перавагу паніжаным. Так аўтамабілем лягчэй кіраваць на спусках, пад’ёмах і ў патоку машын. «Не забывайце, што нават пры невялікай скорасці галалёд не даруе рэзкасці ў рухах ні пры пераключэнні перадач, ні пры разгоне, ні пры манеўраванні», — адзначыла старшы інспектар.

На слізкай дарозе пажадана наогул не карыстацца тармазамі, бо рэзкае, а часам і плаўнае тармажэнне прыводзіць да блакіроўкі колаў і немінучага юзу або заносу. Тармазіць трэба імпульсна, адпускаючы тормаз пры самым малым намёку на слізганне. Таксама не трэба забываць, што галалёдзіца асабліва небяспечная на мастах, эстакадах, высокіх насыпах, а таксама на пад’ездах да прыпынкаў грамадскага транспарту, скрыжаваннях і пераходах. Лёд там утвараецца нярэдка нават тады, калі яго няма на астатніх участках дарогі. Тармазіць на такіх участках вельмі небяспечна. Трэба загадзя зніжаць хуткасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?