На пачатку лютага Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію галоўнаму рэдактару нацыяналістычнай расейскай газэты «Завтра» Аляксандру Праханаву. Беларускі галава зноў выясьняе адносіны з кіраўніцтвам Расеі і заяўляе пра намер працаваць з Захадам. Стэнаграма інтэрвію зьявілася на сайце радыёстанцыі «Эхо Москвы».

А.Лукашэнка: Калі б вы мелі нейкую стратэгію замежнай палітыкі. Вам усе задаюць пытаньне: даражэнькія, скажэце, чаго вы хочаце. Якую палітыку вы ўвогуле праводзіце, і будзеце праводзіць на міжнароднай арэне. Якія каштоўнасьці вы, урэшце, сёньня спавядаеце. Мы асацыявалі вас з каштоўнасьцямі Савецкага Саюзу. І сёньня. А якая яна, Расея. А куды ідзе. А чаго яна хоча. А з кім яна, а хто ёй патрэбны. А з дакорам пасьля Югаславіі. Пачынаючы ад таго Слабадана, з каторым я сустракаўся ў войну, каторы са сьлязьмі сядзеў і плакаў, казаў: чаму Расея нас кінула. Што нам заставалася рабіць. Нас папракаюць за дэнвэрскія пагадненьні з амэрыканцамі. А што нам заставалася рабіць. Я ж быў там удзельнікам. Я зь Ельцыным колькі разоў на гэтую тэму размаўляў. Расея вельмі слабая, каб процістаяць натаўскай агрэсіі ў Югаславіі. Ды яны аднаго батальёну, каторы зьдзейсьніў рэйд, спалохаліся і так затрымцелі, што далей няма куды. А калі б два-тры караблі ўвайшлі туды, а калі б Расея хоць як варухнулася б. няпраўда, што яна была слабая.

Давайце мы падлічым, колькі мы для вас добрага робім

Проста Югаславію здалі, базы на Кубе здалі. Камрань здалі. Усё гэта ня трэба, ня трэба, ня трэба. А сьвет бачыць гэта. Вось я скажу ўжо шчыра, кітайцы не разумеюць. Яны задаюць пытаньне: а чаго яны хочуць. Таго, што і я сёньня думаю: а што трэба Расеі. Вось што трэба Расеі? Усё пераведзена на бухгальтэрыю. Вы хочаце падлічыць, колькі каштуе Беларусь для Расеі. У бухгальтэрыі важны балянс. Давайце мы падлічым, колькі мы для вас добрага робім. Называю вам лічбу, ад Масквы да заходніх ускраін нашай колісь вялікай краіны ў Расеі засталіся дзьве няпоўныя дывізіі. Пытаньне бясьпекі для Расеі, асабліва пасьля разьмяшчэньня амэрыканскай проціракетнай сыстэмы ў Польшчы, Чэхаславаччыне, цяпер ва Ўкраіне, яны разьмесьцяць яе, гэта РЛС і ўдарныя сыстэмы ракетныя. Сёньня гэты напрамак набывае надзвычайнае значэньне. Ня так? Так. Для таго, каб вам збудаваць такі кардон у выглядзе, як яго цяпер уяўляе беларускае войска, абараняючы Расею, нам такая армія не патрэбная. Таму што мы нікога гэтай арміяй не заваюем, груба кажучы, і ні ад кога не абаронімся гэтай арміяй. Мы толькі ў Расеі, з Расеяй зможам тут процістаяць. У гэтым была сутнасьць маіх прапановаў стварэньня саюзнай групоўкі войскаў. Супольныя вучэньні дамовіліся летась правесьці, расейцы рыхтаваліся разам зь беларусамі тут, вы не ўяўляеце, у іх вочы гарэлі. Вашае кіраўніцтва адмовілася ехаць, каб іх не папракнулі, што, бачыце, незразумела, чаго тут Расея хоча. Ну, дык атрымайце. Калі вы не разумееце проціракетнай сыстэмы. Ці цяпер вам зразумела? Як беларускі прэзыдэнт я вымушаны быў паехаць. Гэта была некарэктна з майго боку, калі мы мусілі з Пуціным і іншымі прэзыдэнтамі быць тут, у АДКБ, ён адмовіўся. Я мусіў быў паехаць. Мы правялі цудоўныя вучэньні, і мы паказалі, што сёньня на парадак войска Беларусі падрыхтавана болей, чым расейская. Каб вам стварыць такое, вам трэба 21 млрд даляраў, дык гэта толькі адзін фрагмэнт. А транзыт, сотні мільёнаў тон грузу праз нас. Абсалютна ў лепшых камфортных умовах, чым у самай Расеі. Вы ўяўляеце. З Захаду на Ўсход, з Усходу на Захад. Чыгунка, паветраны, наземны транспарт. У найлепшых умовах. Вы тут ня маеце ніякіх болей бандытаў, ніхто вам не замінае. А мяжа. Мы захавалі ўзровень той мяжы, на якой я служыў у савецкі час, яна сёньня лепей. Гэта ж наша сёньня супольная мяжа. І мытная, і памежныя войскі. Колькі гэта каштуе штогод. Колькі каштуе Калінінград, ён на нас вісіць. Што проста рускі чалавек Праханаў Аляксандар Андрэевіч, які прыяжджае ў Менск, ён тут адпачывае, разумееце. Пасьля Масквы. Гэта што, танна каштуе для рускага чалавека.

А.Праханаў: Ацаніць практычна немагчыма. Ці ўступае ў хаду нейкая жудасная... кансьпіралёгія.

А.Лукашэнка: У вас няма сёньня палітыкі эфэктыўнай, калі гэта не завязана на асабісты інтарэс. Няма ў вас дзяржаўных прадпрыемстваў. Гэта лухта, што ў вас там акцыі 33% дзяржавы і інш. Усё там парэзана, расьпілавана на часткі і кожны мае свой асабісты інтарэс. І яны б’юцца за гэта, учапіўшыся сьсінелымі пальцамі, гэтыя грошы возяць на Захад, там хаваюць. Таму што рана ці позна Расея ўсё роўна паўстане з каленяў, і рускі народ прымусіць праводзіць тую палітыку, якую трэба. Даруйце мне маю рэзкасьць. Вы вельмі благі прыклад на зломе паказалі Ўкраіне. Ведаеце, яны выгналі амэрыканцаў і іншае, пайшла хваля добрая. А што датычыць Беларусі, я толькі што распавёў. А агеньчык гэты цепліцца. Будзе няпроста выруліць. Вельмі няпроста. І мы нават не прагназуем нейкіх зьмяненьняў у вас у Расеі. І вось ваша імпэрыя. Вы хочаце сказаць, што нейкія сымптомы да таго, што будзе крызіс і інш., я баюся, каб гэты крызіс не прывёў да таго, што наагул не захлопнулася вакол Расеі ўсё.

Мільён штогод страчваем насельніцтва, калі ня больш

Таму што Расея ня мае сёньня ні чалавечага рэсурсу, вельмі слушную думку ў мяне сарвалі. Мільён штогод страчваем насельніцтва. Калі ня больш. А дадайце да гэтага беспрытульных, дзяцей, ад якіх адмовіліся, каторым вы плястырам рот залепліваеце з гэтымі, жудасныя кадры. Для мяне гэта дзеці ўсё. У рускага чалавека гэтага ўвогуле, у прынцыпе, не было, і быць не магло. Рускі чалавек падбіраў дзетак на вуліцы, асабліва ў часы Дзяржынскага. У нас ніводнага не было беспрытульнага, хоць уся Расея была і мы, у тым ліку, беспрытульныя. Мы далі рады гэтай праблеме мамэнтальна. Чаму вы, зарабляючы сотні мільярдаў, падлічваючы гэтыя грошы, напрамілы бог, калі вы зь Беларусі ўзялі больш і гэтым беспрытульным аддасьцё і кінутым дзеткам, а лепей сем’ям вернеце каштоўнасьці тыя, якія былі, ня будзе ніякіх кінутых. Мы болей вам аддамо.

Расея больш ніколі ня будзе імпэрыяй, яна ня мае на гэта рэсурсаў

. Таму я баюся, каб гэты ўсясьветны крызіс для Расеі і для нас, у тым ліку, я не аддзяляю сябе пакуль ад Расеі ў гэтым выпадку, не зачыніў увогуле дзьверы. Вы ня думайце, што крызіс будзе разьвівацца ў тым напрамку, што разваліцца амэрыканская імпэрыя і іхная палітыка. А калі наадварот, крызіс прывядзе да абвастрэньня і апраўданьня тае палітыкі, якая сёньня праводзіцца. Яны ж для гэта зробяць усё, каб зачыніць перад намі навокал усё. Вось вам Турэччына, сябра НАТО на поўдні. Грузія, дзе пабудаваныя ўжо сёньня шпіталі пры кожным аэрадроме шыкоўныя для таго, каб прызямліць там самалёты амэрыканцаў і стварыць тую самую сыстэму ПРА. Вось вам гэта супраць Ірану, але радары вакол глядзяць. І ўстаноўкі ракетныя паварачаюцца ў любы бок. Я ўжо сябе некарэктна паводжу з расейскім кіраўніцтвам, але далей ужо цярпець гэтую вакханалію і бязьдзейнасьць немагчыма.

А.Праханаў: Цяпер у грамадзкай сьвядомасьці Расеі ўпершыню, можа быць, за апошнія паўтара-два гады сутыкнуліся дзьве канцэпцыі ўвогуле ў існаваньні расейскай дзяржавы. Адна канцэпцыя — імпэрская, Расея ня мажа быць монанацыянальнай дзяржавай. Гэта імпэрыя, нават у тым выглядзе, у якім яна цяпер існуе. І па-ранейшаму гэта ўсечаная канцэпцыя нацыянальнай дзяржавы. Груба кажучы — Расея для рускіх. Вось мы і атрымалі гэтую нацыянальную дзяржаву, якая ня мае ані выхаду на Захад, ані выхаду на поўдзень, і ў выніку губляем у асобе Беларусі надзейнага, суцэльнага, гарманічнага, здаровага маральна і палітычна хаўрусьніка.

А.Лукашэнка: Аляксандар Андрэевіч, я вас вельмі расчарую. Але вы, мусіць, самі гэта адчуеце. Расея ніколі больш ня будзе імпэрыяй. Расея ня мае для гэтага рэсурсаў. Вы кавалкамі ўсё страцілі. Усё. Выключна прычына таго і віна — вы самі. Вось ідзе паседжаньне СНД. Калі Ельцын, ён вельмі баяўся. Вось «старэйшы брат», канёк быў сувэрэнітэт гэтых рэспублік і інш. І ўсё нейк ня тое, што пабойваліся, — лічыліся з гэтым меркаваньнем. Цяпер так: а, вы не хочаце, ну і ня трэба. Не, каб нешта прапанаваць добрае. Ня трэба падачак гэтых.

Ну навошта Беларусі плаціць. Мы самі заробім. Вы — Расея — не замінайце

Ня трэба, як у вас кажуць, плаціць трэба за тое, каб падцягнуць да сябе рэспублікі. Ну, навошта Беларусі плаціць? Мы самі заробім. Вы не замінайце. Вы дапамажэце, каб мы маглі зарабіць разам з вамі і з карысьцю для вас. Вы ня сілай, моцай сваёй, не гаршыма, рэсурсамі, вы нічым не працягнулі, не зацікавілі тых дзяржаваў.

А.Праханаў: Я мяркую, што вы цяпер у сваім лёсе, жыцьці і прэзыдэнцкай кар’еры перажываеце найвастрэйшы пэрыяд. Мабыць, самы востры за ўсю вашу гісторыю прэзыдэнцкую. Вы самі кажаце: я ня ведаю, што рабіць, як быць. Вы дэманструеце такое раздарожжа. Сапраўды, як быць. Ва ўмовах такога ціску, адарваньня зьняважлівага і прамога, патрэбная ж рэакцыя. Канечне, асабістая рэакцыя, дый нават калі ісьці на Захад, гэта ж пераарыентацыя ўсёй стратэгіі, размова з народам мусіць быць іншая. Гэта па сутнасьці пераацэнка ўсяго таго, што было зроблена ў вашай ідэалёгіі, палітыцы праз усе гады. Гэта ж пакутны працэс. Для вас гэта, мне падаецца, найдраматычны працэс. Ён вам начамі спаць не дае.

А.Лукашэнка: На жаль, трапна пацэлілі. А ўявіце, што было да Новага году і ў Новы год і пасьля Новага году. Мы ведалі ўжо танкеры канкрэтныя, каторыя б выгрузіліся ў Прыбалтыцы, і нафта паступіла на нашыя нафтаперапацоўчыя заводы. Але нават у гэтай сытуацыі я патэлефанаваў Пуціну і сказаў: хай неадкладна выконвае тое, пра што мы дамовіліся. А нам гэта было скрайне невыгодна. А калі б я пайшоў на тыя ўмовы, як мне прапаноўвалі, дзе б вы былі сёньня. І я ўжо вось так наеўся.

Я патэлефанаваў Пуціну і сказаў: выконвай тое, пра што мы дамовіліся

Ужо проста сілаў ня маю. Паўтара дзясятка гадоў, а можа быць і дваццаць, вось гэта барацьба, барацьба. Бесьперапынная барацьба. І пытаесься, усе ж, здаецца, мусяць разумець, што не для сябе ты гэта робіш. Няўжо так многа трэба чалавеку нават тых грошай, ну навошта вашым чыноўнікам мільярды даляраў. Ну, сто мільёнаў хопіць на сябе і яшчэ на два пакаленьні. Калі нармальна проста жыць.

А.Праханаў: І тлумачэньне толькі такое, бо ж нафта, якую пампуюць празь Беларусь, расейскую нафту, і расейская грамадзкая думка кажа, так, наша нафта, гэта ж не расейская нафта. Гэта нафта алякпераўская, гэта нафта Абрамовіча, Вексельберга. Гэта нафта іншых людзей. Гэта не расейская нафта. А гэтыя нафтадаляры, якія мы атрымліваем, нават газавыя даляры, Стабілізацыйны фонд. Што такое Стабілізацыйны фонд? — гэта рэпарацыя, якую Расея плаціць Амэрыцы.

А.Лукашэнка: А калі заўтра абясцэніцца даляр. Вы разумееце, што сёньня на 30% абясцэніўся даляр. Вы мелі 100 млрд, а стала 70.

А калі заўтра абясцэніцца даляр?

А.Праханаў: Канечне.

А.Лукашэнка: А гэтыя што 30 млрд нельга было ў дарогі ўкласьці і нешта збудаваць у Расеі. І нас прымушаюць павялічваць рэпарацыі. Таму ну як мы да гэтага можам ставіцца.

А.Праханаў: Ну, як. Эмацыйна я разумею як. У чым стратэгія?

А.Лукашэнка: Ведаеце, у нас вельмі правільна была распрацаваная стратэгія замежнай палітыкі — шматвектарнасьць. Мы ў цэнтры Эўропы, нам трэба жыць з усімі суседзямі нармалёва. Я вам сказаў, мы пабудавалі сваю палітыку так, і я ўжо гэта даўно адчуў, што калісьці прыйдзе час, што нас проста вось так акунуць.

Ужо проста сілаў ня маю. Паўтара дзясятка гадоў, а можа быць і дваццаць, вось гэта барацьба, барацьба.

Былі ў іх такія размовы, у вашых, нідзе не падзенуцца. Вось Беларусь ужо нідзе не падзенецца. Вось з Казахстанам будзем размаўляць, таму што могуць недзе падзецца. А гэтым ужо ўсё вырашана. Прыходзькі вашыя ды інш. Усё вырашана. Я часта казаў: Уладзімер Уладзімеравіч, падзенемся. Вядзіце сумленную палітыку адносна беларускае дзяржавы і народу. Канечне, мы цяпер будзем выкарыстоўваць любы момант для таго, каб наладзіць адносіны з Захадам. Ну чаму мы мусім зь імі сабачыцца.

А.Праханаў: Канечне.

А.Лукашэнка: Маючы на ўвазе, што мы ж вам пастаўлялі на пачатку майго прэзыдэнцтва 70 зь нечым адсоткаў тавараў, сёньня вам пастаўляем 30%, а ЭЗ — 45%. Калі нас будуць ціснуць, вось, дапусьцім, у нафтавай сфэры, гэта зноў, у нас супэрзаводы. Мы іх мадэрнізавалі. Чаму, вось, ведаеце, у чым спрэчка. Мы купілі ў вас нафту. 21,5 млрд летась паводле дамовы, як належыць. Але ж вы прадаяцё гэтую нафту і вам выгодна прадаваць. Мы ж за сусьветныя цэны яе ў вас купляем. Гэтую нафту, што мы купілі за свае грошы, а што вашыя кампаніі на давальніцкіх схемах гэта ім вельмі выгадна, прывезьлі ў Беларусь на гэтыя заводы два мадэрнізаваныя, дзе глыбіня перапрацоўкі сёньня 75%, а ў вас 50%. А мы мадэрнізавалі, глыбіня перапрацоўкі, выхад сьветлых нафтапрадуктаў вышэй, чым у вас. Прытым якасьць адпавядае эўрапейскай. Там жа стандарты высокія. У іх нафты няма, яны, як Саудаўская Арабія, прадаюць сьветлыя нафтапрадукты, бэнзін, газу, ракетнае паліва, салярку і гэтак далей. Як гэта так. На гэтым зарабляюць. Зайздрасьць, разумееце. Вось як яны бяз нафты, бяз газу, тут яшчэ варушацца. Трэба прыціснуць. Вось там журналістаў расейскіх Лукашэнка сабраў, рэгіянальшчыкі вашыя, дзякуй, заўсёды былі, вось ён ім там распавядае і г.д., што тут адбываецца ў гэтай Беларусі. Паглядзіце, якая гістэрыя была ў момант гэтага канфлікту. Дый доўжыцца. А яна б для вас скончаная была другім перакрыцьцём крану. Так жа сама выцьцё было б. І мы ўжо на Захадзе былі б. Пасьля ўсяго гэтага мы б ужо на Захадзе былі.

А.Праханаў: А там на вас чакаюць, зрэшты.

А.Лукашэнка: Я кажу, вось, мне трэба было гэты кран зачыніць, я б толькі ведаў...

А.Праханаў: Вам там ложак пасьцялілі там.

А.Лукашэнка: Ну, канечне. Але я гэтага не зрабіў.

А.Праханаў: Значыцца, усё-ткі ёсьць яшчэ шанцы для альянсу.

А.Лукашэнка: Усё залежыць ад кіраўніцтва расейскага. Але яму гэтага ня трэба, Аляксандар Андрэевіч. Я сумняюся нават, ці трэба нам нашу Беларусь у складзе Расеі, як яны хочуць. Гэта проста падкідаюць здыхляціну гэтую, ведаючы, што я на гэта не магу пайсьці. Гэта ж вы ў Расеі імпэрскі чалавек, вы нават разумееце, што сёньня формы мусяць быць зусім іншыя.

А.Праханаў: Ну, канечне. Абсалютна іншыя.

А.Лукашэнка: Сёньня Беларусь яна фактычна ў складзе Расеі. Больш, чым у складзе Расеі. Таму што тут рускаму чалавеку нашмат лепш, чым у самой Расеі ў многіх месцах. Сюды людзі прыяжджаюць усе, расейцы, рускія і кажуць: слухайце, я тут сябе пачуваю як удома. Гэта ж няпроста было зьняць людзей з чамаданаў пасьля Шушкевіча, супакоіць іх, і сьледам надаць расейскай мове пасьля гэтага нацыяналістычнага ўгару роўны статус зь беларускай, зрабіць яе дзяржаўнай мовай. Колькі мне давялося вытрываць. Колькі мы рускіх людзей прытулілі з Казахстану і дагэтуль.

Гэта ж крык душы, да расейцаў

А.Праханаў: Вось вы надоечы сказалі, вашыя ж выступы ў Расеі сапраўды альбо іх няма, альбо фрагмэнты. Вы сказалі, што трэба састыгнуць.

А.Лукашэнка:Так, было такое.

А.Праханаў: Вось мы цяпер стыгнем, усё яшчэ ці ўжо састыглі?

А.Лукашэнка: Гэта ж крык, спакойны крык душы. Да расейцаў. Заклік. Яны і не нагрэтыя. Гэта нам трэба састыць.

А.Праханаў: Вось за гэты час ці былі якія-кольвек спробы зьняць гэты жах, гэтую бяду.

А.Лукашэнка: Ды не, які жах. Сустрэча з Мэркель — апраўданьне, што гэта вось яны ідыёты. Сустрэча з кімсьці ў Давосе, вы ж чулі, Чубайс, хоць, фрагмэнты, але зразумелі. Наадварот ідзе нагнятаньне. Вось гэтыя сілы цяпер актывізаваліся, каб даціснуць. Але ў чым пралічыліся. Лукашэнка, маўляў, гарачы, ведаеце, калі бацька рэзьне, дык усё. А ён узяў і ня рэзнуў. Кажа: трэба састыгнуць. Яны думалі, што я ў сілу свайго эмацыйнага характару зараз пачну ўсё ламаць, крышыць і заўтра гэтую сыстэму праамэрыканскую пад Смаленскам пастаўлю. А так не атрымалася. Таму ніякага тут павароту няма. Гэта вельмі страшна, калі дзяржава робіць такія рэзкія павароты. А што такое, зрэшты, здарылася, каб зрабіць такі паварот. Што вайна, так адбыўся канфлікт. Прыкры канфлікт. Так, мы ўсе разумеем, хто вінаваты. Нават тыя, хто гэта зрабіў. Той самы Пуцін разумее, хто вінаваты. Ну дык давайце зробім высновы. І ня трэба зноў выстройваць гэтую палітыку. Давайце возьмем дамову і ўсе пагадненьні да гэтае дамовы аб стварэньні адзінай дзяржавы. І пачнем гэта выконваць. Вы пачалі выкатваць, як я кажу, нам непрыймальныя прапановы. Адзіная валюта, навошта? Расейскі рубель, не супольная валюта, як ён сёньня казаў, а расейскі рубель. Давайце ўвядзем у Беларусь, ліквідуем беларускі рубель. Калі пайшло ўзмацненьне нашай беларускай валюты. Нашае насельніцтва давярае болей беларускаму рублю. Давайце ўхвалім Канстытуцыю. У Канстытуцыі будзе прапісаная палітычная, эканамічная, фінансавая сыстэма нашага ўтварэньня. Пытаньні агульнага справаваньня, пытаньні Беларусі і Расеі. Якая сыстэма ўлады кіраваньня будзе ў гэтым саюзе і гэтак далей. І там будзе прапісаны разьдзел: валюта. Чаму мы выхопліваем гэта і кажам: давайце расейскі рубель.

Мы вас, мядзьведзя, не баімся, а вы спалохаліся

Каб я ў Крэмль за заробкам езьдзіў? Мы маем дамову пра стварэньне саюзнае дзяржавы. Моц закону набыла гэтая дамова. І там усё дакладна прапісана. І напісана, калі рэфэрэндум трэба правесьці. Мы маем дамову. У яго моц вось такая, а ты прапаноўваеш Канстытуцыю вось з такой моцай. І ісьці на рэфэрэндум да народу. Навошта мне вашая Канстытуцыя, калі дамова, што цяпер дзейнічае, мацней за Канстытуцыю. Дый зрэшты, вы чаго баіцеся. Мы вас, мядзьведзя, не баімся, а вы спалохаліся. І нам прапаноўваюць Канстытуцыю, праект, каторы ўтрая слабейшы, груба кажучы, гэтай дамовы.

А.Праханаў: І Канстытуцыя можа быць хітрыкам. Вы пагадзіцеся на Канстытуцыю і яе...

А.Лукашэнка: Вось і ўсё. Вы слушна сказалі. Адыход ад гэтай палітыкі — гэта такі маральна-псыхалягічны ўдар. Гэта мая палітычная сьмерць. Канечне, мы прапануем спакойна, ціха заплаціць нам за зямлю. А ведаеце, калі газаправод Ямал-Эўропа будаваў, Рэм Вяхіраў да мяне прыехаў, вось як ён будаваўся. Другая нітка. «Белтрансгаз» ёсьць дзьве трубы. А Ямал-Эўропа транзытны газаправод, каторы Шушкевіч фактычна пахерыў. Амэрыканцы не, і ўсё. Прыяжджае да мяне Рэм Вяхіраў: Аляксандар Рыгоравіч, мы хочам у вас пабудаваць газаправод. Давайце. Ну, памажыце нам. Расея тады ўвогуле нішчымная была. 8 даляраў барэль нафты каштаваў. Я кажу: чым дапамагчы. Мы самі ў разрусе цалкам. — Ну, давайце мы дакумэнтацыю, прывязкі і іншае. Я кажу: заўтра пачынайце будаваць. — Як у нас, няма ні дамовы, нічога. Заўтра, кажу, пачынайце будаваць. Вось мае гарантыі.

Газаправод, каторы Шушкевіч фактычна пахерыў

І ён пачаў будаваць. І мы паралельна толькі стваралі нарматыўную базу пад гэты... Я ж сумленна зрабіў. І пабудавалі разам зь ім, хроніка ёсьць, мы адкрываем гэты Ямал-Эўропа газаправод. Пабудавалі нітку, я побач пад другую трубу фундамэнты, станцыі. Пуцін, выступаючы, раньні Пуцін у нас у Беларусі кажа: вось вы памажыце нам, вам гэта выгадна Ямал-Эўропа. Мы будзем праз вас пампаваць столькі газу ў Заходнюю Эўропу, што вы за транзыт можаце купіць цалкам патрэбу свайго газу. Прайшоў пэўны час, ён адмовіўся будаваць другую нітку. Пад Шродэра-такі трапіў. Пачалі гэта будаваць. Я кажу: навошта. Гэта бязглузды дурны праект. Вось вам Беларусь. Хочаце, дарма, толькі ня цісьніце нас. Так яны пахерылі ўсё, што для другой ніткі было створана на сотні мільёнаў даляраў, усё гэта... А мы ж разьлічвалі, мы ільготы вам давалі пад гэты газаправод, меркавалі, што вы нам хоць за транзыт потым заплаціце. Мы ж усё зрабілі і нават з свайго бюджэту фінансавалі гэты газаправод. Усё было на маіх вачох. Я думаю, нашто я гэта зрабіў. А я ж думаў, што мы свае людзі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0