26 сьнежня ў магілёўскай ратушы адбылася прэзентацыя старадрука «Часоўнік». Кніга была выдадзена для рэлігійных патрэбаў старавераў у магілёўскай друкарні пры Багаяўленскай царкве блізу 1773 году. Выданне выкупілі з аўкцыёну на грошы сабраныя магілёўцамі талакой.

Паводле гісторыка, супрацоўніка Нацыянальнага архіва Беларусі Змітра Яцкевіча кніга ўнікальная для Беларусі. Такія выданні толькі два. Адно з іх захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы, другое ў Навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа. Як зазначае гісторык, дзейнасць магілёўскай брацкай друкарні амаль не даследаваная. У гарадскіх музеях захоўваюцца толькі дзве кнігі гэтай друкарні.

«Друкарня працавала на працягу двухсот гадоў, а вось яе выданняў мы маем адзінкі.
Гэтая друкарня больш за ўсіх выдала кірылічных кніг у Беларусі, але мы не маем нават навуковых манаграфій пра яе. Прэзентаваная сёння кніга – гэта вельмі цікавы выпадак кантрафактнага выдання выдрукаванага ўжо ў Расійскай імперыі для старавераў. Брацкая друкарня ў Магілёве такімі выданнямі займалася ад 1701 года.
Можна казаць, што гэта падпольнае выданне.
У той час такія выданні былі забароненыя ў Расійскай імперыі. Гэта ўсё надае ўнікальнасць кніжцы. У “Часоўніку” змешчаныя малітвы, якія трэба было выконваць вернікам пагадзінна.
Для старавераў гэта кніга на кожны дзень. Калі сям’я старавера не мела такой кнігі яна павінна была яе перапісаць.
Мова кнігі пераважна стараславянская», — зазначае Зміцер Яцкевіч.

Колькі магілёўцаў ахвяравалі грошай на кнігу невядома. Яе цана вядомая — 500 даляраў. Захоўвацца старадрук будзе ў музэі гісторыі Магілёва. Пабачыць і пагартаць кнігу ў канферэнц-залу ратушы прыйшлі больш за пяцьдзясят чалавек. На прэзэнтацыі прысутнічаў і ініцыятар збору сродкаў на старадрук студэнт гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта Андрэй Радкоў.

«Я не хачу выглядаць дужа пафасным чалавекам, але сэрца мне падказала зрабіць менавіта гэтак. У кніжцы змешчаныя рэлігійныя тэксты старавераў.

У кніжцы — гісторыя пакут старавераў, людзей, якія адстойвалі свае рэлігійныя погляды, адстойвалі права быць вернымі традыцыям.
Стараверы вымушаныя былі ўцякаць у наш край і яны зрабілі добры ўнёсак у гісторыю й культуру нашага народа. Яны сталі часткай нас саміх», — зазначае Андрэй Радкоў.

Магілёўскі старадрук другі, які выкупілі талакой з ініцыятывы Андрэя Радкова. Летась дзякуючы яму ў Беларусі засталася метрычная кніга Ішкальдскага касцёла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?