Міністэрства спорту і турызму Беларусі прапаноўвае адмяніць з 2013 года візавы рэжым для турыстаў з Еўрасаюза. «Мы неаднаразова выходзілі з гэтай прапановай у Саўмін»,
 — заявіў дырэктар дэпартамента па турызме Мінспорту Вадзім Кармазін.

Як паведаміў Кармазін, адпаведны ліст накіраваны ў Саўмін. «З 2013 года мы прапанавалі адысці ад віз або выдаваць візы бясплатна», — сказаў ён. Дагэтуль прапаноўваецца спрасціць пытанні, якія тычацца працэдуры афармлення віз, зняць тарыф за кратнасць і за тэрміновасць выдачы віз. У 2012 годзе прапаноўваецца спрасціць візавы рэжым для адной з краін ЕС, напрыклад Польшчы. Гэта дазволіць ацаніць плюсы і мінусы новаўвядзення.

На прэс-канферэнцыі 27 снежня Кармазін паведаміў, што пазіцыя Мінспорту адносна візавага рэжыму адназначная: гэта адзін з фактараў, якім кіруюцца турысты, выбіраючы краіну для наведвання. Турыстычны прадукт Беларусі падобны на турпрадукт Расіі, Польшчы, Украіны. Разам з тым па візавым рэжыме амаль усе суседзі Беларусі маюць перавагу, у хуткім часе таксама плануе адмяніць візавы рэжым з ЕС Расія.

Паводле яго слоў, канчатковае рашэнне па пытанні адмены візавага рэжыму з краінамі ЕС будзе залежаць ад Міністэрства замежных спраў і прэзідэнта. Пакуль асноўныя аргументы супраць новаўвядзення — «эканамічны складнік, такі як збор ад віз, і бяспека краіны». Як зазначыў Кармазін, асабліва цяжка сёння даказаць, што адмена або спрашчэнне візавага рэжыму больш выгадна, чым візавы збор.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?