14.02.2007 / 22:08

Бурнае шэсьце "Маладога Фронту" на Дзень сьвятога Валянціна Онлайн, абнаўленьне 21:25, фотарэпартаж 29

На плошчы Свабоды перад моладзьдзю выступіў Мілінкевіч. Адбылося шэсьце праз цэнтар сталіцы. Усе затрыманыя ў Менску адпушчаныя.

На плошчы Свабоды перад моладзьдзю выступіў Мілінкевіч. Адбылося шэсьце праз цэнтар сталіцы. Усе затрыманыя ў Менску адпушчаныя.

Галоўнае пытаньне, якое турбавала перад пачаткам «маладафронтаўскай» акцыі любові: ці будзе разгон? Пачатак дня ў гэтым пляне не надаваў аптымізму, былі затрыманыя некаторыя моладзевыя актывісты, ля пад’ездаў дзяжурылі людзі ў цывільным, хлопцаў выклікалі на допыты.

За некалькі хвілінаў да пачатку акцыі плошча Свабоды была перакрытая міліцыянтамі. Гадзіньнік паказваў 18:10, а маладзёнаў на плошчы не назіралася. Усё пачалося, калі шасьцёра дзяўчат, апранутых ў саколкі «Малады фронт» і раздаючы бел‑чырвона‑белыя стужкі, накіравалася да Ратушы, за сьпінам паненак былі прымацаваныя сымбалічныя крыльцы. Міліцыянты, якія дзяжурылі дагэтуль, некуды зьніклі. Дзяўчаты прайшлі кола вакол Ратушы, людзей станавілася ўсё болей, нарэшце падцягнуліся хлопцы.

Пасьля ўжо былі разгорнутыя расьцяжкі ‑‑ «Акцыя любові» і «Малады фронт», удзельнікі абгарнуліся эўразьвязаўскімі сьцягамі. Пачалося скандаваньне «Жыве Беларусь!» Міліцыянтаў ужо не назіралася.

Удзельнікі спакойна прайшлі дарогу да францускага пасольства. Там да іх далучыўся Аляксандар Мілінкевіч. Ён быў адзіным з дарослых палітыкаў, хто прыйшоў падтрымаць маладзёнаў. Побач зь ім з прыгожай маленькай ружай стаяла Іна Кулей. Мілінкевіч сказаў: «Той хто мае ў сэрцы любоў, той непераможны. Той, хто кахае, той непераможны. Я ганаруся Вамі, мы пераможам! Жыве Беларусь!» Стала зразумела, што сёлета разгону ня будзе.

Праўда, ля Кастрычніцкай плошчы затрымалі Барыса Гарэцкага і яшчэ некалькіх удзельнікаў. Празь нейкую гадзіну іх ужо адпусьцілі. Сьвята каханьня ўдалося, нягледзячы ні на што.

* * *

21.20 Выпушчаныя з Цэнтральнага РУУС Барыс Гарэцкі і Сяржук Гумінскі, затрыманыя падчас акцыі. Паводле Барыса Гарэцкага, міліцыянты паставіліся да іх вельмі карэктна. Адпушчаныя таксама актывісты моладзевага крыла БНФ, што зьдзейсьнілі ўдзень акцыю на Плошчы Якуба Коласа

21.05 Удзельнікі акцыі павіншавалі супрацоўнікаў амэрыканскай амбасады з Днём сьв. Валянціна і невялікімі групамі разышліся.

Як паведамляе прэс-служба Маладога фронту, увечары на галоўным пляцы Салігорску пры спробе правесьці акцыю да Дня сьв. Валянціна, затрыманы Іван Шыла. Дакладнае месца знаходжаньня лідэра салігорскага МФ невядома.

Каля 21-й гадзіны з будынку КДБ выпушчаныя Алег Корбан і Зьміцер Хведарук, якіх адмыслова за дзьве гадзіны да пачатку акцыі выклікалі на допыт.

19.53

Удзельнікі ідуць да амэрыканскай амбасады. Прайшлі вуліцу Куйбышава.

19.40

Удзельнікі акцыі зьбіраюцца ісьці да амэрыканскай амбасады. У пераход мэтро пайшлі Аляксандар Мілінкевіч і Іна Кулей, за імі ўвязалася восем спэцназаўцаў. Ля пераходу ў аднаго з удзельнікаў акцыі міліцыянты выхапілі сьцяг.

19.35

Зь нямецкай амбасады ніхто ня выйшаў. Маладафронтаўцы перадалі віншаваньні і кветкі цераз ахоўніка пасольства.

19.24

Удзельнікі акцыі знаходзяцца ля нямецкай амбасады. Ёсьць зьвесткі, што амапаўцы зьбілі аднаго хлопца. Зьвесткі пра затрыманых вельмі розныя. Затрыманыя пяць чалавек, у тым ліку Барыс Гарэцкі.

Моладзь скандуе "Жыве Беларусь!", "Люблю Беларусь!".

19.15

Удзельнікі акцыі падышлі да Плошчы Перамогі, збочваюць на Захарава, каб накіравацца да нямецкай амбасады.

19.04

Удзельнікі акцыі ідуць насупраць цырку, ля парку Янкі Купалы. Вакол натоўпу "тусуюцца" ціхары. Машына ДАІ ветліва папрасіла пераходзіць праспэкт на зялёнае сьвятло.

18.59.

Удзельнікі акцыі дайшлі да Дому прафсаюзаў. На Пляцы Каліноўскага -- шмат амапаўцаў. Аж чорна ў вачох.

18.53

Ціхары напалі на аднаго маладога чалавека. Яго жорстка зацягнулі ў арку, што на вуліцы Леніна, ля гатэлю "Эўропа".

Дакладна вядома, што затрыманы Барыс Гарэцкі. Але ці пра яго гаворка была вышэй, не вядома.

Мілінкевіч зьвярнуўся да спэцназаўцаў, каб адпусьцілі хлопца. Безвынікова.

18.47

Удзельнікі акцыі кіруюцца да нямецкага пасольства. Нямеччына, як вядома, цяпер старшынюе ў Эўрасаюзе. Па вуліцы Леніна да Макдональдзу, у бок плошчы Перамогі. Колькасьць удзельнікаў акцыі большае.

18.34

Лунаюць сьцягі "Маладога фронту", Эўразьвязу, беларускі сьцяг.

Людзі трымаюць маленькія партрэцікі Казуліна ў выглядзе сардэчак, якія зрабіў барысаўскі журналіст і праваабаронца Алесь Абрамовіч.

Скандуюць "Жыве Беларусь" і "Міліцыя з народам".

18.30

Да Мілінкевіча, які прыехаў з жонкай Інай Кулей, падышлі два бамжаватыя мужчыны і пачалі "гутарку": "Браток, і ты тут!" Адразу падляцела здымачная група БТ на чале з Леднікам і пачала здымаць гэта.

Удзельнікі акцыі крычаць "Свабоду палітвязьням".

18.26

Удзельнікі акцыі сьпяваюць "Магутны Божа"

18.24

Прыехаў Мілінкевіч і здымачная група БТ. Удзельнікі акцыі скандуюць "Жыве Беларусь!"

"Той хто мае ў сэрцы любоў, той непераможны. Той, хто кахае, той непераможны. Я ганаруся Вамі, мы пераможам! Жыве Беларусь!" -- заявіў Мілінкевіч.

Удзельнікі акцыі фатаграфуюцца, раздаюць бэнгальскія агні. Міліцыі і "ціхароў" пакуль няма.

18.21

Удзельнікаў акцыі ля францускага пасольства сустракае першы сакратар пасольства Францыі.

18.19

Удзельнікі акцыі кіруюцца да францускага пасольства. Кіроўцы аўтамабіляў вітаюць удзельнікаў акцыі сыгналамі. Колькасьць удзельнікаў акцыі ўзрасла да ста чалавек.

18.17

Да прысутных зьвярнуўся прэс-сакратар МФ Барыс Гарэцкі. Мінакам раздаюць бэнгальскія агні. Удзельнікі мусяць запаліць гэтыя агні, што сымбалізуюць зоркі на сьцягу Эўразьвязу, а пасярэдзіне — запаліць "беларускую зорку".

Удзельнікі скандуюць "Жыве Беларусь", "Беларусь у Эўропу" Міліцыя пакуль ня ўмешваецца.

18.15

Расьцягнута расьцяжка "Малады фронт -- акцыя любові". Удзельнікі акцыі абгортваюцца сьцягамі: гішпанскі, італьянскі, румынскі, беларускі. Тыя, хто абгорнуты сьцягамі, сталі паўколам (сем чалавек).

Прысутным раздаюць стужачкі "Малады фронт"

18.11

Каля дзясятка дзяўчат у саколках з надпісам "Малады фронт" і крыламі анёлаў за сьпіной ідуць вакол Ратушы. Пройдзена адно кола. Разам з журналістамі ўдзельнікаў акцыі -- 80. Журналістаў палова.

Да 18:00 Плошча Свабоды была ачэпленая некалькімі дзясяткамі чалавек у чорным. Перакрыты ўсе падыходы. На Плошчу нікога не пускаюць. На пытаньне, чаму не пускаюць, міліцыянты адказваюць коратка: "Мерапрыемства".

А 18-й мела пачацца традыцыйная касьцюмаваная акцыя «Маладога фронту». Маладыя людзі мусілі абыходзіць пасольствы заходніх дязржаў, каб вінашаваць з днём сьв. Валянціна.

Перад акцыяй былі праведзеныя прэвэнтыўныя затрыманьні. Затрыманы на ўласнай кватэры адзін з кіраўнікоў «Маладога Фронту» Сяржук Лісічонак. Супрацоўнікі КДБ адвезьлі яго на допыт паводле справы Зьмітра Хведарука. Самога Зьмітра таксама сёньня вазілі на допыт.

На вуліцы затрыманая актывістка Людміла Атакулава. Міліцыя дзяжурыць ля дому, дзе жыве Наста Палажанка.

Фота Андрэя Лянкевіча

Рэдакцыя загадзя перапрашае за граматычныя і лексычныя памылкі ў тэксьце онлайнавага рэпартажу.

Фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч
Франтавы Валянцін

Зьміцер Панкавец, Глеб Сандрас

0
Паўлюк / Адказаць
14.02.2007 / 18:10
адліга, блін... перастройка...
0
Radykal / Адказаць
14.02.2007 / 18:39
Адліга ці перабудова, але ўвогуле пэўнае паслабленьне рэпрэсый сапраўды ёсьць. Трэба гэта бачыць, вітаць і заахвочваць улады да далейшай нармалізацыі палітычнага жыцьця й кансалідацыі грамадзтва. Пры гэтым трэба максымальна насьвятляць усе выпадкі рэпрэсый і парушэньня канстытуцыйных правоў. Прызнаньне адной групы фактаў не павінна засланяць супрацьлеглых фактаў.
0
Віталь з Менску / Адказаць
14.02.2007 / 18:54
А што, сэрца залезла ў міліцэйскі козлік?
Паказаць усе каментары/ 29 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру