Падчас прэс-канферэнцыі СМІ 23 снежня Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне пра беларускі катынскі спіс, заявіў, што «ніводнага паляка на тэрыторыі Беларусі знішчана не было». «У нас аказаліся толькі перасыльныя пункты», — казаў кіраўнік дзяржавы.

Гэтыя словы абвяргаюць звесткі пра «беларускі катынскі спіс» з 3870 асобаў, які Польшча просіць ёй перадаць.
Паводле запіскі старшыні КДБ СССР Шалепіна Хрушчову, датаванай 1956 г., у турмах Заходніх Украіны і Беларусі ў выкананне «аперацыі, санкцыянаванай рашэннем Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 5 сакавіка 1940», было расстраляна 7305 польскіх ваеннапалоных і цывільных. Ва ўкраінскім «катынскім спісе», нядаўна перададзеным Польшчы, — 3435 прозвішчаў.
Значыць, рэшта — расстраляныя ў Беларусі.

У лістападзе 2010 г., падчас інтэрв’ю польскім журналістам, Лукашэнка паабяцаў асабіста заняцца справай «катынскага спісу» і зрабіў агаворку, што «многія дакументы былі вывезеныя ў Маскву». Дзіўна цяпер чуць, што дакументы пра расстрэл не знайшліся, кажа гісторык Ігар Кузняцоў.

Ускосныя сведчанні пра знішчэнне палякаў ёсць нават у адкрытым доступе. І згаданае рашэнне Палітбюро, і дырэктыва Берыі Кагановічу — прадаставіць 155 вагонаў для этапавання ў Мінск «польскіх зняволеных», датаваная 21 сакавіка 1940-га. І загад Берыі «Пра разгрузку турмаў НКВД УССР і БССР», дзе пазначана, што з Баранавіцкай, Вілейскай, Брэсцкай і Пінскай турмаў у Мінск мусілі этапаваць 3000 зняволеных. Куды іх «разгрузілі» з мінскай турмы?

Курапаты, Лошыца, Трактарны завод, Благоўшчына, Аэрапорт-1, Камароўка, Парк Чалюскінцаў, Масюкоўшчына — і гэта яшчэ не ўсе месцы пахавання ахвяр НКВД,
кажа І.Кузняцоў. У кожным з іх могуць ляжаць ахвяры «польскай» аперацыі красавіка-мая 1940 года.
Але, на яго думку, найверагодней — у Трасцянцы. «Вязняў грузілі ў вагоны на станцыі Мінск-Таварны і везлі ў Шабаны.
Так можна незаўважна перамясціць вялікую колькасць людзей у польскай форме». Дарэчы, на тым самым месцы пазней будуць знішчаць людзей нацысты. Цяпер на месцы трасцянецкіх пахаванняў — гіганцкі сметнік…

Ці можа быць, каб дакументы пра расстрэлы не захаваліся? Усе спісы, кажа Кузняцоў, дубляваліся мінімум у 2-х асобніках. Калі Служба бяспекі Украіны перадала Польшчы «ўкраінскі катынскі спіс», чаму беларускі прапаў? Было ж адзінае НКВД з ідэнтычнай дакументацыяй.

А нават без уліку расстраляных у 1940-м, згодна з пастановай Палітбюро, казаць пра тое, што ў Беларусі не знішчалі палякаў, — няпраўда, лічыць Кузняцоў. Былі расстрэлы вязняў турмаў у Заходняй Беларусі перад прыходам гітлераўцаў. Так, у Глыбокім энкавэдысты забілі больш за 700 чалавек. Частка іх, казалі відавочцы, была ў польскай вайсковай форме.

«Нават паводле афіцыйных звестак, 22% ад агульнай колькасці рэпрэсаваных у Беларусі — палякі», — падсумаваў І.Кузняцоў.

Дарэчы, сярод забітых па «Катынскім спісе» былі не толькі палякі. Былі там і беларусы, і ўкраінцы, якія служылі ў Войску Польскім ці належалі да заходнебеларускіх элітаў. Саветы дзейнічалі аналагічна нацыстам: яны хацелі абезгаловіць заваяваныя нацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?