31.12.2011 / 12:43

2011: Як гэта было, або Хроніка найбольш значных падзей 2

21 студзеня Аляксандр Лукашэнка ў чацвёрты раз афіцыйна заступіў на пасаду. Інаўгурацыйны картэж праехаў па незвычайна пустых вуліцах сталіцы...

Студзень

21 студзеня Аляксандр Лукашэнка ў чацвёрты раз афіцыйна заступіў на пасаду кіраўніка краіны. Інаўгурацыя прайшла на фоне нечуванай хвалі рэпрэсій, узнятай у ноч на 20 снежня 2010. Інаўгурацыйны картэж праехаў па незвычайна пустых вуліцах сталіцы. Лукашэнка прамаўляў падчас урачыстасці асіплым голасам, выглядаў знерваваным.

Пры канцы месяца Еўрасаюз увёў візавыя санкцыі ў дачыненні да 158 беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку Лукашэнкі і яго сыноў Віктара і Дзмітрыя. ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да шэрагу прамысловых прадпрыемстваў Беларусі.

14 студзеня прэзідэнт Туніса Бен Алі ў выніку народных хваляванняў, якія пачаліся ў снежні, пакінуў краіну. З Туніса пачалася «арабская вясна» — парад рэвалюцый, якія прывялі да крушэння тыраніяў, што трымаліся дзясяткі гадоў.

Люты

Нацбанк уводзіць новыя правілы набыцця банкамі валюты — першая ластаўка валютнага крызісу, які неўзабаве абрынецца на краіну. Гэта адбываецца на фоне імклівага скарачэння золатавалютных рэзерваў.

З турмы КДБ выходзіць былы кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, які неўзабаве робіць заяву пра катаванні ў СІЗА.

Першы прысуд за Плошчу-2010 — Васіль Парфянкоў атрымлівае 4 гады турмы строгага рэжыму.

10 лютага пад ціскам 18-дзённых шматтысячных акцый пратэсту з пасады кіраўніка Егіпта сыходзіць Хосні Мубарак, які кіраваў краінай 30 гадоў. Яго жаданне перадаць уладу ў краіне сыну выклікала велізарнае абурэнне ў грамадстве. Найперш сярод моладзі, якая за сваё жыццё не бачыла на палітычнай сцэне іншых лідараў.

Падзеі ў Тунісе і Егіпце натхняюць апазіцыянераў у Лівіі, дзе пачынаюцца масавыя дэманстрацыі.

Сакавік

На гродзенскага журналіста Андрэя Пачобута завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі. Пазней яго абвінавацяць яшчэ і ў паклёпе, журналіста арыштуюць да суда.

Працягваюцца працэсы над удзельнікамі Плошчы.

У Беларусі нарастае напружанасць на фінансавым рынку. Банкі перастаюць выдаваць крэдыты, з абменнікаў у другой палове месяца знікае валюта.

23 сакавіка ў Мінску прэзентавалі «гарадскую электрычку». У хуткім часе яна звяжа сталіцу з Заслаўем і Рудзенскам.

11 сакавіка ў Японіі адбываецца магутны землятрус. Ён правакуе ўтварэнне цунамі і прыводзіць да аварыі на АЭС «Фукусіма». Японія апынаецца на мяжы тэхнагеннай катастрофы.

Красавік

11 красавіка ў выніку тэракта на станцыі метро «Кастрычніцкая» загінулі 15 чалавек, сотні атрымалі раненні. Праз некалькі дзён следства заявіць пра затрыманне падазраваных. Імі апынуцца простыя рабочыя, 25-гадовыя Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў з Віцебска.

Міністэрства інфармацыі ініцыявала судовыя працэсы аб закрыцці незалежных газет «Наша Ніва» і «Народная воля». Справы былі распачатыя на розных падставах, але ішлі сінхронна, што выглядала як помста ўлады газетам за асвятленне выбараў 2010 г. і рэпрэсій.

У абменніках утвараюцца чэргі па валюту, у якіх людзі днююць і начуюць. Чуткі пра дэвальвацыю мацнеюць.

Май

23 мая Нацбанк правёў 30-працэнтную дэвальвацыю нацыянальнай валюты. На той момант у краіне фактычна дзейнічаў чорны рынак замежнай валюты. Укладчыкі беларускіх банкаў страцілі каля $1,5 млрд на абясцэньванні дэпазітаў.

У беларускіх крамах апусцелі паліцы. Знікла бытавая тэхніка, многія харчовыя прадукты, мяса.

У Мінску асудзілі анархістаў за шэраг акцый, у тым ліку напад на пасольства Расіі і падпал будынка КДБ у Бабруйску. Найбольш атрымаў Ігар Аліневіч — 8 гадоў турмы.

2 мая група амерыканскага спецназа на тэрыторыі Пакістана ліквідавала Асаму бен Ладэна. Пасля тэрактаў 11 верасня 2001 яго назвалі тэрарыстам №1.

Чэрвень

7 чэрвеня ў цэнтры Мінска прайшла маштабная акцыя «Стоп бензін!» Сотні аўто заблакавалі праспект Незалежнасці на некалькі гадзін. На наступны дзень Лукашэнка загадаў знізіць цану на паліва.

12 чэрвеня прымежныя гандляры правялі стыхійную акцыю пратэсту ў Брузгах і на Варшаўскім мосце. Іх абурыў загад, які абмежаваў вываз паліва за мяжу.

У Мінску і абласных цэнтрах па серадах пачынаюцца «маўклівыя акцыі».

Ліпень

3 ліпеня ў Мінску міліцыя гвалтоўна разагнала мірную акцыю пратэсту на Прывакзальнай плошчы. Месцамі асобы ў цывільным прымянялі супраць удзельнікаў акцыі і журналістаў балончыкі з газам. Толькі ў Мінску затрымалі каля 200 чалавек.

Міністэрства інфармацыі нечакана адклікала пазовы да «Нашай Нівы» і «Народнай волі».

На 2-м рудаўпраўленні «Бе-ларуськалія» ў шахту прарвалася вада. Ліквідацыя наступстваў аварыі заняла некалькі месяцаў, інфармацыю пра яе першапачаткова замоўчвалі.

22 ліпеня ў Нарвегіі тэрарыст-адзіночка Андэрс Брэйвік зладзіў выбух каля ўрадавых будынкаў. Загінулі 8 чалавек. Потым ён скіраваўся на востраў Утоя, дзе расстраляў 76 чалавек, пераважна моладзі, удзельнікаў летняга палітычнага лагера.

Жнівень

4 жніўня ў Мінску арыштаваны праваабаронца Алесь Бяляцкі. Яго абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў у асабліва буйных памерах. Як стала вядома пазней, афіцыйныя інстанцыі Літвы выдалі беларускаму КДК інфармацыю пра рахункі Бяляцкага ў літоўскіх банках, куды паступалі грошы для дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій.

На свабоду выйшлі першыя палітвязні, асуджаныя за Плошчу-2010.

6 жніўня ў Лондане ўспыхнулі масавыя беспарадкі, якія перакінуліся на іншыя гарады краіны. Прычынай стала смерць 29-гадовага гангстара ў перастрэлцы з паліцыяй.

У Лівіі абрынуўся рэжым Муамара Кадафі. Дыктатар і яго паплечнікі сышлі ў падполле, грамадзянская вайна на гэтым не спынілася.

Верасень

7 верасня ў Расіі пад Яраслаўлем разбіўся самалёт Як-42, у якім ляцела мясцовая хакейная каманда. Загінулі 44 чалавекі. У тым ліку і беларусы: Руслан Салей, Сяргей Астапчук і Мікалай Крываносаў.

14 верасня Нацбанк абвясціў «рынкавы курс» даляра — 8000 рублёў. У абменніках з’явілася валюта.

15 верасня пачаўся адкрыты судовы працэс па справе тэракту ў метро.

У Расіі было прынятае рашэнне аб вылучэнні кандыдатам на прэзідэнцкія выбары дзейнага кіраўніка ўрада Уладзіміра Пуціна.

Кастрычнік

Апублікаваны праект закона «Аб органах дзяржаўнай бяспекі» і змены ў Крымінальным кодэксе. Згодна з імі КДБ атрымаў нашмат шырэйшыя паўнамоцтвы для здушэння палітычных апанентаў.

Рост цэнаў і падзенне заробкаў выклікалі шэраг забастовак на прадпрыемствах краіны. Адна з іх прайшла ў Барысаве. Каля сотні працаўнікоў УП «Жыллё» два дні не выходзілі на працу і дамагліся павышэння заробкаў.

20 кастрычніка ў Лівіі ў перастрэлцы быў паранены і потым схоплены Муамар Кадафі. Ён памёр ад ранаў, не даехаўшы да бальніцы.

Лістапад

Лукашэнка, Мядзведзеў і Назарбаеў падпісалі дэкларацыю аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі.

«Белтрансгаз» канчаткова перайшоў ва ўласнасць Расіі. У абмен Беларусь атрымала істотныя зніжкі цаны на прыродны газ.

9 лістапада ў Беларусі набыць валюту стала магчымым толькі па пашпарце — краіна вярнулася да практыкі 1997—2006.

30 лістапада Вярхоўны Суд прыгаварыў Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва да смяротнага пакарання.

Снежань

Гадавіна падзей 19 снежня 2010 года ў Мінску абярнулася затрыманнямі дзясяткаў людзей, якія выйшлі на плошчы сталіцы.

Актывісткі ўкраінскага руху Femen зладзілі перформанс з раздзяваннем на прыступках КДБ у Мінску. Акцыя скончылася для дзяўчат выкраданнем і вывазам на мяжу з Украінай. МУС, КДБ і Памежны камітэт заявілі пра сваю недатычнасць да гэтага.

16 снежня ў казахскім горадзе Жанаазэн успыхнулі масавыя беспарадкі. Паліцыя і войскі разагналі акцыю пратэстаў нафтавікоў, які, пратэставалі 7 месяцаў. Па афіцыйнай інфармацыі падчас разгону загінулі 13 чалавек, паводле неафіцыйнай — да 70 чалавек.

17 снежня памерлі былы прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл і кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Ір Сэн.

Амерыканскі часопіс Time назваў «чалавекам года» абагулены вобраз «Пратэстоўца» (The Protester). Менавіта ён — незадаволены ўладай чалавек — сёлета наймацней паўплываў на развіццё свету. Нікому не вядомыя людзі дамагліся звяржэння дыктатараў у Егіпце, Лівіі і Емене, працягваюць барацьбу супраць іх у Сірыі, Бахрэйне. 2011 год адзначыўся масавымі пратэстамі і ў Беларусі.

Падрыхтаваў Сямён Печанко

0
Аляксей / Адказаць
31.12.2011 / 14:53
Выбачайце, але Кім Ір Сэн памер даўно. Цяпер памер яго сын Кім Чэн Ір
0
grub / Адказаць
31.12.2011 / 15:44
>> 20 кастрычніка ў Лівіі ў перастрэлцы быў паранены і потым схоплены Муамар Кадафі. Ён памёр ад ранаў, не даехаўшы да бальніцы. Чаму не напісаць праўду "Схоплены, катаваны і забіты"? Здаецца ж, зараз ніхто з бакоў гэтага факту не адмаўляе. Толькі ў першыя дні былі спробы заявіць пра раны ў перастрэлцы як прычыну сьмерці.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру