31.12.2011 / 12:55

Вынікі-2011. Чалавек года — Сяргей Міхалок 35

Па традыцыі ў апошнім нумары «Наша Ніва» вызначае людзей года. Тых, чые ўчынкі запомніліся, паўплывалі на гісторыю. Самыя яркія асобы года ў рэйтынгу «НН».

Ад Сяргея Міхалка сыходзіць магутная энергетыка.

21-гадовы Мікіта Ліхавід выйшаў з турмы пераможцам.

Блогер Яўген Ліпковіч прыдумаў жартаўлівую абрэвіятуру ШОС.

Адвакат Змітра Дашкевіча Марыяна Сямешка, за ёй - адвакат Эдуарда Лобава - Алена Аўсяннікава.

Дар'я Каткоўская - арганізатарка дапамогі затрыманым пасля Плошчы-2011 з сынам Алесем.

Сяргей Дарафееў прымусіў Лідзію Ярмошыну пакінуць у ноч на 20 снежнястудыю "Выбара".

Лідзія Ярмошына заклікае ўсіх варыць боршч.

З Сяргеем Румасам звязваюць надзеі на рынкавы курс эканомікі.

Арцём Шаркоў арганізаваў у Беларусі акцыі "Стом-бензін".

Вячаслаў Дзіянаў -- арганізатар "маўклівых акцый".

Інтэлектуал Віталь Сіліцкі памёр ад раку. Яму было 38 гадоў.

Руслан Салей разбіўся з яраслаўскім "Лакаматывам". Каманда ляцела ў Мінск на адкрыццё КХЛ.

Георгій Кандрацьеў вывеў моладзевую зборную на Алімпіяду-2012.

Актывісткі Femen правялі дзёркую акцыю каля беларускага КДБ.

Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў асуджаныя да смяротнага пакарання. 160 тысяч падпісаліся за адмену смяротнага пакарання.

У спікера савета рэспублікі Анатоля Рубінава не згасае паэтычны талент.

Жыццяпіс Франака Вячоркі лёг у аснову польскага блокбастара пра Беларусь.

Сёлета наш выбар паў на Сяргея Міхалка. Лідар гурту «Ляпіс Трубяцкой» праз некалькі дзён пасля Плошчы «выкінуў» у інтэрнэт песню «Грай». «Напілісь быкі, скачуць па краіне, топчуць ручнікі капытамі ў гліне», — спяваў Міхалок. Многія пабачылі ў кампазіцыі паралелі з тым момантам, калі штодня адбываліся арышты, ператрусы, гвалт.

«Ляпіс Трубяцкой» пачынаў як балаганны гурт, накіраваны на расійскую аўдыторыю. «Увязу цябе, увязу ў Сочы», — спяваў пухлы Міхалок. За апошняе дзесяцігоддзе лідар каманды не толькі накачаў мускулы, але і стаў бліжэйшы да беларускай рэчаіснасці і мовы.

У сакавіку «Ляпіс Трубяцкой» трапляе ў «чорны спіс» беларускіх выканаўцаў. Іх песні забароненыя на радыёстанцыях і тэлеканалах.

Міхалок дае рэзкія інтэрв’ю, дзе называе Лукашэнку «хлусам, злодзеем і непрэзідэнтам». Гэта выклікала скрыгат у Генеральнай пракуратуры,
якая выклікае Міхалка для тлумачэнняў выказванняў на адрас кіраўніка краіны.

Пры канцы года «Ляпіс» здымае кліп на класічны верш Янкі Купалы «Хто ты гэткі?». Кліп з вялізным бел-чырвона-белым сцягам паглядзелі на Ютубе ўжо паўмільёна разоў.

На сваіх канцэртах Міхалок гукае «Жыве Беларусь» і ШОС. Пад сэрцам ён выбіў татуіроўку «Не быць скотам», а на назе — Пагоню. Папулярны музыка мае вялікі ўплыў на сваю аўдыторыю.

Энтузіяст года — стваральнік сайта Пракапові’ч

Калі ў краіне прапала валюта, многія займалі чэргі ў банках, два разы на дзень адзначаючыся ў пераклічках. Зрэшты, разгубіліся не ўсе.

Група энтузіястаў стварыла віртуальны абменнік prokopovi.ch.
Дзеянне яго было простым: жадаючыя прадаць і набыць даляры дамаўляліся між сабой. Першы нёс валюту ў банк, а другі — адразу яе набываў, даплочваючы пасля розніцу між афіцыйным і неафіцыйным курсамі.

Сайт набыў шалёную папулярнасць у час крызісу. Працаваў не толькі абменнік, аператыўна абнаўляліся і навіны. Стваральнікі зачыняць «Пракаповіча» не збіраюцца і цяпер, калі валюта па новых цэнах вярнулася ў банкі. Дзе гарантыя, што паслугі сайта зноў не спатрэбяцца?

Героі года — Мікіта Ліхавід, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч ды іншыя

Пасля Плошчы паўсотні чалавек апынуліся за кратамі.
Гэтыя людзі праявілі асабістую мужнасць і гераізм. Чаго варты 21-гадовы хлопец Мікіта Ліхавід, які адмаўляўся выконваць загады турэмнага кіраўніцтва, не лічачы сябе вінаватым. За гэта
Ліхавід правёў у штрафных ізалятарах 81 суткі. Але яго так і не зламалі.
Усім палітвязням выкручвалі рукі, каб яны падпісалі прашэнні аб памілаванні на імя Лукашэнкі, каб быць вызваленымі. Большасць не падпісала нічога, у тым ліку кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Дзмітрый Ус, палітыкі Зміцер Бандарэнка, Павел Севярынец ды іншыя.

Узор адданасці дэманстравалі жонкі і мамы арыштаваных — Ірына Халіп, Марына Адамовіч, Наста Палажанка, Дар’я Корсак. Сукамернікі зайздросцілі палітвязням, што тыя маюць такіх спадарожніц жыцця.

Абаронцы года — адвакаты

Колькі іх ужо палохалі ў мінулыя гады за працу з палітвязнямі, але ўсё адно арыштаваныя на Плошчы без абароны не засталіся.
Хоць адвакаты рызыкавалі страціць сваю высокааплатную працу.

Мінская абласная калегія пазбавіла ліцэнзіі адваката Дашкевіча і Саннікава Паўла Сапелку.

Прыпынілі ліцэнзію Тамары Сідарэнцы (абаронца Някляева), Уладзіміру Тоўсціку, Тамары Гараевай (абое — Халіп), Алегу Агееву (Міхалевіча).

Прыклад з іншай палярнасці — суддзі. Ніводзін з іх не вынес апраўдальнага прысуду па справе Плошчы.
Усе штампавалі: 3, 4, 6 гадоў турмы.

Грамадскасць назірала, як выпускніца Коласаўскага ліцэя Вольга Комар (Канойка) адпраўляла на чатыры гады ў турму Васіля Парфянкова, а іншы выпускнік гэтай установы Зміцер Лаеўскі бараніў Алеся Бяляцкага.

Сэрца года — Дар’я Каткоўская

Ніхто не забыты, нішто не забытае.
Па такім прынцыпе дзейнічалі валанцёры, што дапамагалі вязням Плошчы. Без перадачкі на Новы год не застаўся ніхто. Праца каардынавалася на Сядзібе БНФ, а яе рухавіком была юрыстка Дар’я Каткоўская.

Слова года — ШОС

З лёгкай рукі блогера Яўгена Ліпковіча жартаўлівы трасянкавы скарот стаў папулярны не толькі на інтэрнэт-старонках.

ШОС пішуць на дамах і гаражах, слова выкарыстоўваюць як тост на застоллях.
Нават на радыёстанцыях замаўляюць віншаванне для ШОСа Аляксандра Рыгоравіча.

Журналіст года — Сяргей Дарафееў

Вядучы АНТ Сяргей Дарафееў правёў сумленны эфір у дзень выбараў, дзе даваў слова не толькі прадстаўнікам улады, але і апазіцыі.
За гэта месца вядучага ён страціў. Але доўга без працы Дарафееў не заставаўся, уладкаваўшыся ва Украіне.

Боршч года — Лідзія Ярмошына

Старшыня ЦВК гатова яшчэ шмат разоў паўтараць свае словы пра боршч,
які павінны варыць жанчыны замест удзелу ў мітынгах. Хаця гэта была не адзіная феерычная заява сёлета: «Я страшэнна расчараваная жаночай часткай маладога пакалення — яны агідныя маці, яны паскудныя жонкі, яны не добрыя, не міласэрныя людзі. Таму — як хутчэй — трэба іх заклікаць да баршча, дзяцей, кніжак і гэтак далей».

Аванс года — Сяргей Румас

З гэтым новым чалавекам ва ўрадзе звязвалі надзеі на рынкавы курс айчыннай эканомікі.
І Румас гэтыя спадзяванні шмат разоў сілкаваў сваімі словамі пра рэформы. Тым не менш, вялікіх зменаў Румасу ды іншым «рыначнікам» правесці так і не далі. Віцэ-прэм’ер пакуль застаўся адным вялікім авансам.

Новыя імёны ў палітыцы — Арцём Шаркоў і Вячаслаў Дзіянаў

У самы разгар эканамічнага крызісу, калі маўчала апазіцыя, на сцэну выйшлі новыя людзі.
Аўтааматар Арцём Шаркоў зарганізаваў акцыю «Стоп-бензін», якая ў чэрвені перакрыла праспект Незалежнасці і дабілася саступак ад уладаў.

На чэрвень прыпаў і пік «Маўклівых акцый» пратэсту — адной з найярчэйшых падзей года. Цяжка сказаць, ці можа належыць аўтарства гэтай ідэі аднаму чалавеку, але іх звязваюць з імем палітуцекача Вячаслава Дзіянава.

Страты года — Віталь Сіліцкі, Руслан Салей

Памёр ад раку выдатны інтэлектуал, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Віталь Сіліцкі.
Чалавек з заходняй адукацыяй і беларускім духам. Яму было 38 гадоў.
У авіякатастрофе пад Яраслаўлем разам са сваёй камандай «Лакаматыў» загінуў капітан хакейнай зборнай Руслан Салей.
Яму было ўсяго на год меней, чым Сіліцкаму.

Трэнер года — Георгій Кандрацьеў

Ураджэнец Талачынскага раёна Георгій Кандрацьеў вывеў моладзевую зборную Беларусі на Алімпіяду-2012.
Гэта пакуль найбольшы поспех нашага футбола на ўзроўні зборных. Пятровіча за геройства з маладзёжкай павысілі да трэнера нацыянальнай каманды.

Плыўчыха Аляксандра Герасіменя ўпершыню выйграла золата на чэмпіянаце свету. Кажа, ёй прапаноўвалі пераехаць у Расію на выгадны кантракт, але яна адмовілася.

Шафёр года — Міхаіл Захараў

Некалі ў гэтай намінацыі перамагаў цяжкаатлет Андрэй Арамнаў, які па п’яні трапляў у дарожныя прыгоды.

Сёлета адзначыўся хакейны трэнер Міхаіл Захараў, які разбіў свой Bentley Continental GT.
Цана такой машыны 200 тысяч даляраў. Лукашэнка потым публічна скажа, што Захараў быў нецвярозы, у выніку настаўніка пазбавілі правоў на тры гады.

Акцыя года — «Фемен»

Украінскія дзяўчаты з аб’яднання «Фемен» правялі смелую акцыю пад сценамі КДБ.
Агаліўшыся і начапіўшы вусы, яны гукалі «Жыве Беларусь» і «Свабода палітвязням». У адказ на акцыю дзяўчат вывезлі ў лес у Ельскі раён, збілі і пакоцалі валасы. Тым не менш, «Фемен» збіраюцца правесці ў Беларусі яшчэ акцыі.

Асуджаныя года — Канавалаў і Кавалёў

Тэракт у мінскім метро быў адной з цэнтральных тэмаў года.
15 загінулых, больш за сотню параненых у выніку выбуху 11 красавіка на «Кастрычніцкай».

Вярхоўны Суд прызнаў вінаватымі ў здзяйсненні тэракта віцебскіх хлопцаў Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Іх прысудзілі да расстрэлу. З лістом да Лукашэнкі аб памілаванні звярнуўся толькі Кавалёў.

Суд паставіў кропку, але ў грамадства застаецца яшчэ шмат пытанняў па гэтай справе.

Паэт года — Анатоль Рубінаў

У спікера савета рэспублікі Анатоля Рубінава на восьмым дзясятку гадоў не згасае паэтычны талент.
У выдавецтве «Літаратура і мастацтва» выйшлі адразу дзве ягоныя кнігі. Старшыня ПЭН-цэнтра, паэт Андрэй Хадановіч кажа, што гэта новае слова ў сусветнай літаратуры.

Ох, народ ты наш, народ,
Ох, народище!
Из полтысячи пород —
Одна породища!
Наш один — за ихних двух —
Только дай борща…
И раз в двадцать крепче дух…
Из туалетища.

«Шалёныя» года — «Будзьма»

Кампанія «Будзьма» стварыла пяціхвілінны пазітыўны кліп па гісторыі Беларусі,
які ў стылі рэп прачытаў музыка Аляксандр Памідораў. Ролік з «канкрэтным мажорам Францішкам Скарынам» атрымаўся сапраўды ўдалым і паспяховым.

Кінагерой года — Франак Вячорка

Ці стане блакбастарам фільм «Мірон. Жыве Беларусь», гаварыць яшчэ рана.
Яго здымкі толькі пачаліся ў Польшчы. У аснову сцэнара леглі некаторыя эпізоды з жыцця лідара моладзі Франака Вячоркі. Характэрна, што кіно для беларусаў здымаецца ў суседняй краіне. На «Беларусьфільме» сёлета вартых стужак не было.

Людзі мінулых гадоў па версіі «НН»

2003 — музычны прадзюсер Віталь Супрановіч

2004 — старшыня БАЖ Жанна Літвіна

2005 — палітык Аляксандр Мілінкевіч

2006 — чалавек Плошчы

2007 — маладафронтавец

2008 — трэнер Віктар Ганчарэнка

2009 — дабрачынца Наталка Васілевіч

2010 — былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў

Зміцер Панкавец

0
Anatol Starkou / Адказаць
31.12.2011 / 13:03
Чалавек года... На Беларусi iх два - гэта Аляксандр Лукашэнка i Мікіта Ліхавід.
0
Alejandro / Адказаць
31.12.2011 / 13:20
Чалавек года... На Беларусi iх два - гэта Аляксандр Лукашэнка i Мікіта Ліхавід. ** А ў Брукліне адзін:-). З новым годам, Толік. І хіба ж можна гэтага першага з тваяго сьпісу наогул чалавекам зваць. І як гэта можна
0
Novak / Адказаць
31.12.2011 / 13:22
Цікава, што у намінацыі Чалавек Года ў мяне ёсць жаданне вылучыць адразу некалькі чалавек. Сярод іх Міхалок, Ліхавід, Вус, Статкевіч, Саннікаў. Калі раней пра беларусаў казалі, што тут жанчыны больш ц'вярозыя, то ў гэтым годзе мы пабачылі што і сапраўдныя мужчыны яшчэ засталіся на Беларусі.
Паказаць усе каментары/ 35 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру