Набліжаецца дзень вяселля Ватсана (Джуд Лоў). Холмс (Роберт Даўні-мал.) ужо амаль змірыўся і страшыць таварыша жахамі жыцця ў шлюбе, хутчэй, па інэрцыі. Але ў шпіка ў запасе застаюцца хлапечнік, які можна ператварыць у казацкія скокі з нямытыя расейскім забойцам, і вясельнае падарожжа, з якога пад высакароднай падставай выратавання свету ад планаў прафесара Марыярці (Джарэд Харыс) можна выдаліць маладую (Кэлі Рейлі)… Пагоня за злыднем Марыярці ператвараецца ў ваяж па Еўропе з цыганамі, выбухамі, хуткастрэльнымі кулямётамі, гаўбіцамі і няўхільным рухам да вадаспаду ў Швейцарыі. А хто чытаў кнігі, ведае, чым гэта пагражае.

Гісторыі пра эксцэнтрычнага прыватнага следчага перайначваюць ў кіно не радзей за п’есы Шэкспіра. Але калі, напрыклад, аўтары выбітнага серыяла «Шэрлак» з Бенедыктам Камбербэтчам у галоўнай ролі змясцілі герояў Конан Дойла ў сучаснасць (калі хто не ў курсе, 29 снежня ў брытанскім эфіры пачынаецца другі сезон), дык

Гай Рычы здзяйсняе ў нейкім сэнсе зваротную аперацыю: пакідаючы Холмсу з Ватсану іх эпоху, напаўняе яе ўласным кінематографам — выбуховым, баявітым і дуркаватым.
І калі ў першай частцы рэжысёр яшчэ трымаўся прыстойнасці, дык у другой карціне пускаецца ва ўсе цяжкія. Ой, вяселле гудзе!
Жонка сябра, што недарэчы трапілася пад руку, ляціць з моста ў ваду. Рэўнасць Холмса адзявае Даўні-малодшага ў правакацыйную сукенку, а варожыя кулі ўкладваюць на падлогу купэ-люкс каля мілага сэрцу сябра. Уладальнік шматлікіх талентаў Стывен Фрай ў ролі Майкрfфта Холмса агаляецца, каб прачытаць лекцыю аб міжнароднай палітыцы.

Ну і якое вяселле без пары п’яных боек.

Зноў адпраўляецца ў кому сабачка, аднак атруты і іншыя ціхія гульні саступаюць месца цяжкай артылерыі і ўсё новым гаджэтам. Парачка лавіруе на аўтамабілі між конных экіпажаў, кожная наступная руля большая за папярэднюю ўдвая. Б’юць паўсоткаю гарматы… У такой гонцы нават фірмовы прыём Холмса Рычы — пралік двубою з дакладнасцю да ўдару — спатрэбіцца ўсяго пару разоў. Якая ўжо тут дэдукцыя — паспявай ухіляцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?