Анатоль Яромленка — лідар гурту «Сябры». Таго самага, што разам з «Песнярамі» і «Верасамі» уваходзіць у тройку найбольш вядомых беларусам поп-калектываў. «Сябры» могуць усё — ад рок-н-ролаў з «Крамай» да пранікнёных балад на вершы Някляева і Гілевіча… За дзесяцігоддзі яны прайшлі шлях ад ВІА да музычнай дынастыі. У пачатку размовы з НН Анатоль Ярмоленка распавёў пра любімыя песні ўласнага выканання.

«Па-першае, «А я лягу-прылягу», якая стала нашым хітом на пачатку 80-х, дакладней у 1982 годзе, — кажа спадар Анатоль. — Выдатны верш Ніла Гілевіча. І гэтая песня стала ўсеагульна любімай. Мы ездзілі на гастролі ў Малдову і Кіргізію, і паўсюль яе спявалі хорам — не ведаю, што ў яе ўкладалі. І столькі анекдотаў пайшло! А песня мне вельмі блізкая — яна ж пра нашую Бацькаўшчыну.

І яшчэ знакавая для мяне песня — «Каханая», на верш Леаніда Пранчака, яна была створана на 25-годдзе нашага з жонкай вяселля.

Зараз мы разам ужо 41 год. І песня таксама ўсім падабаецца».

Якую не сваю музыку слухае Анатоль Ярмоленка?

«Я вельмі люблю песню Child in Time, ведаеце такую? Гэта ўсё з часоў нашай маладосці: ці Girl гурта The Beatles — усё гэта мы вельмі любілі, спявалі пад гітары. Я літаральна закаханы ў гэтую музыку, — кажа сп. Анатоль.

Яшчэ вельмі люблю Антонава, асабліва апошнім часам ягоныя песні вельмі трапляюць у настрой. Любімую абраць вельмі цяжка — хай будзе «Зеркало»

Ну, і «Не сыпь мне соль на рану», ці, як жартавалі, «Не сыпь мне соль на сахар». Дабрынін прапаноўваў мне спяваць гэтую песню, аднак я яму сказаў: «Спявай сам. Для гэтай песні твой голас пасуе лепей», — распавёў НН Анатоль Ярмоленка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?