Маці Уладзіслава Кавалёва, асуджанага да смяротнай кары за саўдзел у тэрарызме, амаль месяц не можа дабіцца ад КДБ вяртання ёй даверанасці сына, каб ад яго імя яна магла звяртацца ў праваабарончыя і іншыя міжнародныя арганізацыі.

Як сказала Любоў Кавалёва, у адказах на яе скаргі і заявы ў КДБ, Генеральную пракуратуру і Вярхоўны суд Беларусі няма ні слова пра гэту даверанасць. Дакумент быў складзены Уладзіславам і яго адвакатам Станіславам Абразеем, падпісаны асуджаным і накіраваны на подпіс начальніку СІЗА КДБ, дзе цяпер утрымліваюцца Кавалёў і абвінавачаны ў тэрарызме — выбуху ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года — Дзмітрый Канавалаў. Пасля гэтага лёс даверанасці невядомы.

Скаргу начальніку СІЗА КДБ на знікненне дакумента Любоў Кавалёва перадала яшчэ 7 снежня.

Маці Уладзіслава Кавалёва таксама паведаміла, што 28 снежня яна атрымала трэці пасля абвяшчэння 30 лістапада прыгавору ліст ад сына. На тэксце ліста ўпершыню, як заўважыла Кавалёва, стаіць штамп «Праверана».

Ён піша, што «самаадчуванне выдатнае», яго вельмі падтрымала сустрэча з абаронцам, яму вядома, што перадачы дазваляюцца адзін раз у тры месяцы.
«Ліст — аптымістычны», — сказала Любоў Кавалёва. Мяркуючы па лістах, у сына ёсць магчымасць рабіць закупы ў краме СІЗА, дзе, акрамя сродкаў асабістай гігіены, ёсць пэўны набор прадуктаў, у тым ліку слодычы. Таму цяпер маці высылае Уладзіславу грошы.

28 снежня Любоў Кавалёва, якая цяпер знаходзіцца ў Віцебску, безвынікова спрабавала звязацца па тэлефоне з Генеральнай пракуратурай, каб запісацца на асабісты прыём да генпракурора Аляксандра Канюка. Такія сустрэчы з грамадзянамі праводзяцца адзін раз у месяц. Калі дазваніцца так і не ўдасца, яна збіраецца прыехаць у Мінск, каб асабіста запісацца на прыём.

Любоў Кавалёва таксама паведаміла, што азнаямленне яе сына і яго абаронцы з пратаколамі судовых пасяджэнняў пачнецца 4 студзеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?