Разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да віцебскага актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргея Каваленкі перанесены на 12 студзеня.
Аб гэтым БелаПАН паведаміла яго жонка Алена Каваленка.

Паводле яе слоў, Каваленку абвінавачваюць у дробным хуліганстве — нібыта ён аблаяў матам супрацоўнікаў дэпартамента выканання пакаранняў. Гэта ж інкрымінуецца яму як парушэнне рэжыму адбыцця пакарання.

Як паведаміла Алена Каваленка, 28 снежня адбылося пасяджэнне суда Кастрычніцкага раёна Віцебска. «Каваленка запатрабаваў выклікаць сведку — аднаго з міліцыянераў. Але гэтага сведку на працягу дзвюх гадзін міліцыя не магла знайсці. У сувязі з гэтым пасяджэнне было перанесена на 12 студзеня», — сказала Алена.

Яна адзначыла, што

Сяргей Каваленка працягвае галадоўку пратэсту супраць свайго затрымання, якую ён пачаў 19 снежня, і «выглядае кепска».
«У суд яму выклікалі хуткую дапамогу, аднак міліцыянеры з аховы ўрачоў да яго не дапусцілі. Таксама міліцыянеры не дазволілі перадаць яму пітную ваду. Пасля таго як Сяргея павезлі з суда, мы адправіліся ў следчы ізалятар Віцебска, дзе ён цяпер знаходзіцца. Там ваду таксама не прынялі», — адзначыла Алена Каваленка.

Нагадаем, Сяргей Каваленка арыштаваны ў рамках распачатай у дачыненні да яго справы па артыкуле 415 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі).

Актывісту пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Падставай для гэтага сталі нібыта чатыры парушэнні, якія Каваленка ўчыніў, адбываючы пакаранне.

Каваленку неаднаразова затрымлівала міліцыя за арганізацыю розных акцый. У маі 2010 года суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай ёлцы Віцебска 7 студзеня. Гэты ўчынак быў кваліфікаваны ўладамі як «наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць яўную непавагу да грамадства».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?