Узрослы націск на палітвязняў сведчыць пра тое, што ўлады гатовы выпусціць іх на волю. Такое меркаванне выказала 30 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску Вольга Бандарэнка, жонка каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрыя Бандарэнкі.

На яе думку, апошнім часам пачаўся «новы віток» націску на палітвзняў. «Іх ізалююць ад інфармацыі, не даюць сустракацца з адвакатамі і сваякамі. На іх будуць націскаць, з тым каб яны напісалі прашэнне аб памілаванні», — сказала Бандарэнка.

«Калі націскаюць — хочуць выпусціць, але на сваіх умовах. Каб яны напісалі прашэнне аб памілаванні, каб потым паказаць, што іх зняважылі, зламалі, каб іх дыскрэдытаваць»,
 — адзначыла Вольга.

У сваю чаргу Ірына Халіп, жонка былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, не разлічвае на хуткае вызваленне палітзняволеных. «Ніхто нікога не хоча выпускаць і не збіраецца выпускаць. Навошта націскаюць, навошта іх спрабуюць паставіць на калені і напісаць гэтыя паперкі з фразай: „Прашу мяне вызваліць“? Гэта вельмі проста. Калі хуліганы абрабуюць ваш дом, яны могуць нагадзіць і пасярод вашага пакоя ўжо пасля таго, як вынеслі ўсе рэчы. Гэтыя паводзіны абсалютна той жа лініі і таго ж парадку. Тыпу: давайце мы, мала таго што іх пасадзілі, ім яшчэ і нагадзім, прымусім іх напісаць прашэнне аб памілаванні, а потым не задаволім», — заявіла Халіп.

***

Нагадаем, 27 снежня Вярхоўны суд адмовіў у абскарджанні прыгавору Дзмітрыю Бандарэнку, які быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава. Бандарэнка, асуджаны на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 15 Магілёва. Адразу пасля арышту ў Бандарэнкі абвастрыліся хранічныя захворванні, і ў ліпені яму зрабілі аперацыю на пазваночніку ў 5-й клінічнай бальніцы Мінска. 20 жніўня закончылася траціна тэрміну зняволення Бандарэнкі, і, згодна з законам, ён меў права на змякчэнне пакарання, аднак у гэтым яму было адмоўлена.

Саннікаў асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за арганізацыю масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года. Адбываць пакаранне палітык павінен быў у папраўчай калоніі Наваполацка (Віцебская вобласць), куды прыбыў у канцы ліпеня, аднак пасля гэтага яго неаднаразова этапавалі ў розныя ўстановы. Цяпер Саннікаў знаходзіцца ў калоніі «Віцьба-3».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?