1 лютага

Мінюст папярэдзіў левыя апазыцыйныя партыі

Міністэрства юстыцыі вынесла пісьмовыя папярэджаньні тром палітычным партыям — Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ), Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамада) і Беларускай партыі жанчын «Надзея».

Падставай стала правядзеньне названымі партыямі 17 сьнежня 2006 г. у Чарнігаве ва Ўкраіне ўстаноўчага зьезду палітычнага аб’яднаньня «Саюз левых партый» (СЛП). У папярэджаньні Мінюсту гаворыцца, што, паводле наяўнага заканадаўства, «дзейнасьць палітычных партый, зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь, можа распаўсюджвацца толькі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Палітычныя партыі ня маюць права арганізоўваць і праводзіць мерапрыемствы на тэрыторыі іншых дзяржаў».

Варта нагадаць, што першапачаткова ўстаноўчая канфэрэнцыя СЛП плянавалася ў Менску, аднак арганізатарам некалькі разоў адмаўлялі ў арэндзе.

Ператрус у сакратара ўправы партыі БНФ

А 22.30 у прыватную кватэру сакратара ўправы партыі БНФ Андрэя Саротніка, дзе таксама знаходзіўся кіраўнік цэнтральнай рады партыі Ўладзімер Кішкурна, прыйшлі асобы ў цывільным і зьдзейсьнілі ператрус.

Забралі аргтэхніку, носьбіты інфармацыі, а таксама некаторыя кнігі й брашуры. А.Саротніка і Ў.Кішкурну адвезьлі ў Цэнтральны РУУС, дзе пратрымалі да трэцяй гадзіны ночы. Актывістам партыі не патлумачылі прычынаў затрыманьня.

2 лютага

«Магілёўсаюздрук» адмаўляецца распаўсюджваць «Бобруйский курьер»

Бабруйскі філіял ААТ «Магілёўсаюздрук» адмовіўся падоўжыць дамову аб розьнічнай рэалізацыі грамадзка‑палітычнай газэты «Бобруйский курьер». У вуснай форме пра гэта рашэньне в.а. галоўнага рэдактара газэты Анатолю Санаценку паведаміла начальніца бабруйскага філіяла ААТ «Магілёўсаюздрук» Т.І.Бежалева.

Фармальная падстава адмовы ў падаўжэньні дамовы — нізкая рэалізацыя газэты. Да гэтага газэта рэалізоўвалася ў шапіках «Белсаюздруку» 16 гадоў.

4 лютага

Масавы хапун актывістаў «МФ»

Супрацоўнікі ПМНС затрымалі ў Менску каля 30 сяброў незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт». Гэта адбылося падчас паседжаньня цэнтральнай рады арганізацыі ў прыватнай кватэры на вуліцы Цнянскай. У гэты ж дзень на кватэрах актывістаў «МФ» адбыліся ператрусы.

Затрыманых адвезьлі ў пастарунак Савецкага РУУС.

А 22‑й гадзіне байцы спэцназу ў масках ўварваліся ў кватэру актывіста Алега Корбана і арыштавалі яго. Адначасова на кватэрах Аляксея Янушэўскага, непаўналетняй Насты Палажанкі, а таксама Яраслава Грышчэні з Баранавічаў прашлі ператрусы.

5 лютага

Справа Лукашова перададзена ў суд

Справа Кастуся Лукашова, брата Вячаслава Сіўчыка, 5 лютага зарэгістраваная ў судзе Ленінскага раёну Менску. Лукашова абвінавачваюць паводле арт. 364. КК («непадпарадкаваньне міліцыі»), што прадугледжвае да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Суд над Кастусём Лукашовым прызначаны на 15 лютага. Працэс пройдзе ў будынку суду Ленінскага раёну Менску і пачнецца ў 10 гадзін 30 хвілін.

6 лютага

Актывіста апазыцыі звольнілі зь беларуска‑нямецкага СП

Актывіст Свабоднага прафсаюзу, былы кіраўнік арганізацыі Партыі БНФ у Барысаве Анатоль Аскерка быў звольнены з беларуска‑нямецкага сумеснага прадпрыемстве «Фрэбор». З Анатолем Аскеркам заключылі кантракт на год і не працягнулі яго па сканчэньні тэрміну. Ён адпрацаваў на прадпрыемстве 15 гадоў.

Папярэджаньне за працу на замежныя радыёстанцыі

Пракуратура Гомельскай вобласьці вынесла афіцыйнае папярэджаньне сябру Беларускай асацыяцыі журналістаў Юнэлі (Юліі) Сальнікавай.

6 лютага Ю.Сальнікаву выклікалі ў пракуратуру паводле пазову начальніка аддзела агульнага нагляду Аляксандра Елісеева. Упраўленьне КДБ Гомельскай вобласьці закідае Ю.Сальнікавай працу на замежныя радыёстанцыі («Нямецкая хваля» і «Радыё Рацыя») без акрэдытацыі прадстаўніка замежнага СМІ, чым яна нібыта парушае пункт 9 Палажэньня аб працы карэспандэнтаў замежных СМІ , а таксама арт. 40 Закону аб друку. Для пераканаўчасьці сп.Сальнікавай былі прадэманстраваныя дыктафонныя запісы яе рэпартажаў.

Таксама было зазначана, што Ю.Сальнікаву могуць прыцягнуць да адказнасьці паводле арт. 369‑1 Крымінальнага кодэксу (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).

7 лютага

Алега Корбана і Зьмітра Хведарука вызвалілі

Актывісты незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Зьміцер Хведарук і Алег Корбан у 19.30 выйшлі са сьледчага ізалятару КДБ.

У хлопцаў узялі падпіску аб тым, што яны будуць зьяўляцца на допыты згодна з патрабаваньнямі сьледчых. Алег і Зьміцер маюць статус падазраваных у крымінальнай справе, якую распачаў КДБ паводле 193 артыкулу Крымінальнага кодэксу за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

8 лютага

Дзень народзінаў у спэцкамэндатуры

Палітвязень Артур Фінькевіч адзначыў дзень народзінаў у магілёўскай спецкамэндатуры, дзе адбывае пакараньне. Летась Артур быў пакараны двума гадамі абмежаваньня волі за палітычныя графіці.

Канцэрт з нагоды «Дня сьвятога Канстанціна» адмянілі па «тэхнічных прычынах»

Імпрэза мела адбыцца 13 лютага ў Доме літаратара, але адміністрацыя ўстановы ў сераду адмовіла ў яго правядзеньні па «тэхнічных прычынах».

Адзін з арганізатараў канцэрту Франак Вячорка паведаміў, што адміністрацыя Дому літаратара спасылаецца на распараджэньне Гаспадарчай управы Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта.

9 лютага

Суд апраўдаў актывістку «Моладзі БНФ»

Суд Фрунзенскага раёну Менску апраўдаў актывістку «Моладзі БНФ» Насту Александровіч. 12 студзеня, напярэдадні мясцовых выбараў, дзяўчыну затрымалі супрацоўнікі КДБ і адвезьлі ў міліцыю Фрунзенскага раёну. Насту зьвінавацілі ў дробным хуліганстве і трое сутак пратрымалі ў турме на Акрэсьціна.

Лідэр Саюзу палякаў абыйшоўся штрафам

Кастрычніцкі раённы суд Горадні прызнаў Мечыслава Яскевіча — аднаго з кіраўнікоў Саюзу палякаў — вінаватым у зьбіцьці мужчыны на тралейбусным прыпынку тры месяцы таму і прысудзіў штраф — 1 мільён 240 тысяч рублёў. Акрамя таго, спадар Яскевіч павінен заплаціць пацярпеламу 500 тысяч рублёў — як маральную кампэнсацыю. Справу Яскевіча разгледзела судзьдзя Жана Верхась.

У Магілёве затрыманыя 10 грамадзянаў ЗША

9 лютага ў адным з пратэстанцкіх малітоўных дамоў супрацоўнікі міліцыі затрымалі 10 грамадзянаў ЗША. Міліцыянты высьвятлялі, чаму амэрыканцы праводзілі заняткі ангельскай мовы без афіцыйнага дазволу. З гэтай прычыны на іх былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы.

10 лютага

Моладзь ушанавала памяць Кастуся Каліноўскага

Берасьцейская моладзь зладзiла вандроўку ў мястэчка Дамачава, каб адзначыць памяць паўстанцаў Кастуся Калiноўскага. У гэтыя днi дэмакратычная супольнасць на Беларусi адзначае 169‑я ўгодкi з дня народзiнаў Кастуся Калiноўскага, арганiзатара нацыянальна‑вызваленчага паўстання на беларускiх землях у 1863 годзе.

Ля памятнага крыжа моладзь усталявала лампадкi i ўсклала бел‑чырвона‑белыя кветкi.

12 лютага

Затрымалі актывістаў арганізацыі «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў» (ЗБС)

Каля 30 актывістаў арганізацыі, ліквідаванай у 2003 г. паводле рашэньня Вярхоўнага суду, сабраліся ў арэндаваным прыватным катэджы пад Менскам. У 16.30 туды ўварваліся супрацоўнікі міліцыі і КДБ. Свае дзеяньні яны растлумачылі тым, што нібыта маюць інфармацыю пра тое, што ў гэтым доме знаходзіцца прытон, а таксама тут хаваюць наркотыкі і нелегальны алкаголь. Пасля ператрусу ў доме моладзевых актывістаў адвезьлі ў адно з аддзяленьняў Менскага РУУС. З кожнага затрыманага былі ўзятыя пісьмовыя тлумачэньні. Ва ўсіх узялі адбіткі пальцаў, а таксама зьнялі на відэа. Пры гэтым якія‑небудзь абвінавачваньні і пратаколы аб парушэньнях складзеныя не былі. Апошніх затрыманых вызвалілі прыкладна а 23 гадзіне.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?