02.01.2012 / 22:58

Падманлівае яднанне 74

Анатоль Сідарэвіч адказвае Святлане Калінкінай.

Прызнаюся: Святлана Калінкіна — сярод маіх улюбёных публіцыстаў. Даў жа Бог ёй і пяро, і розум, і прыгажосць… З увагай прачытаў апублікаваны сёння яе артыкул «То, что нас объединяет». Нібыта і варт было б згадзіцца з паважанай аўтаркай, ды… усё ж я выкладаў і спрабую даследаваць гісторыю. Апроч таго, начытаўся Карла Маркса і марксістаў.

Слова «дэфіцыт», сапраўды, аб’яднала многіх з нас.
Перш за ўсё дэфіцыт грошай у кішэнях, каб купіць шалёна падаражэлыя харчы і лекі і аплаціць камунальныя паслугі. Не кожнай і не кожнаму ўдаецца выкраіць са сваіх заробкаў і пенсій што-кольвечы істотнае на абутак і вопратку. Зноў, як на пачатку 1990-х: даядаем, дапіваем, даношваем…
Дэфіцыт аб’яднаў многіх з нас, але не ўсіх.
Бяда ў тым, што няма ў нас адзінства ў думках пра тое, як адолець гэты дэфіцыт. Сама аўтарка паказвае, што, эканомячы на ахове здароўя грамдзян, на медыцыне, дзяржава важыцца ўмацаваць наша здароўе будаўніцтвам новых лядовых палацаў. Дадам: а нашу маральнасць — стварэннем новых падраздзяленняў АМАПа. Адно з іх ужо паказала сваю вывучку падчас рэйду па піцейных установах у Крупках.
Адны бачаць будучыню Беларусі ў інтэграцыі з Еўропай, бо там і навука, і тэхніка, і тэхналогіі, іншыя ж мараць сваю састарэлую матэрыяла- і энергаёмістую прадукцыю ўпіхнуць спажыўцам на Ўсходзе
праз сумнеўныя саюзы з навукова і тэхналагічна адсталымі Расіяй, Казахстанам ды іншымі азіяцкімі краінамі. І гэты падзел праходзіць не толькі паміж дэмакратамі і ўладнымі структурамі. Дыскусія, што разгарэлася летась паміж людзьмі з Урада і людзьмі з Адміністрацыі, выдатна паказала, што і там няма еднасці. Тым часам добра вядома, чый погляд перамог як самы правільны.

Каб пазбавіцца дэфіцыту наяўных, людзі ўцякаюць на заробкі за мяжу.

Лукашэнка павінен сто разоў цалаваць Пуціну ручкі і ножкі за тое, што Расія дала працу і прыстойныя заробкі сотням тысяч беларусаў і зняла сацыяльную напругу ў краіне.
Падзякаваць Еўропе, што яна прымае ў сябе моладзь і мае намер адкрыць для яе новыя месцы ва ўніверсітэтах.
Дарма, што з Расія высмоктвае з Беларусі кваліфікаваныя працоўныя кадры, дарма, што Еўропа і Штаты высмоктваюць інтэлект і тым самым пазбаўляюць нашу краіну будучыні. Рэжым можа быць задаволены: і Расія, і Захад дапамагаюць яму выжыць.

Не яднае грамадства і турма.

Тое, што Віктар Шаўцоў і дзясяткі падобных да яго прыўладных гешэфтмахераў трапілі за краты, што Уладзімір Пефціеў адседжваецца ў Эміратах, яшчэ не кажа, што яны загадаюць дастаць са спратаў энныя сумы на падтрымку апазіцыйных структураў,
недзяржаўных СМІ і незалежных устаноў адукацыі.

Гэтыя «бізнесмэны» нагадваюць мне славутых «артадоксаў»-бальшавікоў, якіх іхні пахан Іосіф Сталін адправіў у лагеры і ссылкі. Апынуўшыся ў мясцінах не гэтак аддаленых разам з сацыял-дэмакратамі і сацыялістамі-рэвалюцыянерамі, «артадоксы» былі цвёрда перакананыя, што і першыя, і другія сядзяць «правільна» і «законна», а вось яны, бальшавікі, — памылкова, бо яны заўсёды ішлі за Іосіфам Вісарыёнавічам і дапамагалі яму змагацца з паслядоўнікамі Пляханава і Мартава, Чарнова і Спірыдонавай. І бадай усе жонкі нашых «артадоксаў», якія стаяць у адных чэргах з жонкамі апазіцыянераў, перакананыя, што іхнія мужыкі сядзяць памылкова. Не тое, што мужыкі Марыны Адамовіч ці Ірыны Халіп.

Амаль усім прыўладным бізнесмэнам дэмакратыя і прававая дзяржава не патрэбныя, бо яны павінны былі б паказаць крыніцы свайго ўзбагачэння. Нават калі б дэмакратычны ўрад абвясціў фінансавую амністыю і легалізаваў нядобрасумленна нажытыя капіталы, многім прыўладным гешэфтмахерам дэмакратыя і прававая дзяржава ўсё адно непатрэбныя, бо яны не ўмеюць і не хочуць весці бізнэс сумленна і празрыста.

А дробныя і сярэднія бізнесмэны? Памятаеце, як у 2008 годзе яны кляліся ўладзе, што яны палітыкай не займаюцца?
Што ў іх толькі сацыяльна-эканамічныя інтарэсы? Вы думаеце, што бальшыня тых прадпрымальнікаў паразумнела? Страх, пра які піша Святлана Калінкіна, скоўвае іх розум і волю. Яны баяцца страціць і тое нямногае, што маюць.
Разам са Святланай Калінкінай я ўпэўнены: большасць грамадства бачыць, што парадкі ў краіне неразумныя.
Але большасць тых, хто бачыць, скаваная страхам. Не толькі перад уладай, але і перад будучыняй. Што, настаўніцы, якія тысячамі сядзяць ва ўчастковых выбарчых камісіях, не ведаюць, што яны твораць? Хіба калегі Святланы Калінкінай з Саюза журналістаў і дзяржаўных СМІ не бачаць, куды коціцца Беларусь? Ці мае калегі з Саюза пісьменнікаў Беларусі не бачаць? Выдатна бачаць. І сябры праўладнага Саюза палякаў таксама не пазбаўленыя зроку. І немалая частка моладзі з БРСМ.
Але ўсе яны скаваныя страхам.
Вякнеш — арыштуюць, звольняць, выключаць з універсітэта самога або сына ці дачку.

У дадатак да ўсяго гэтага футурафобія, боязь будучыні. Якая карысць работнікам дзяржаўных СМІ з таго, што прыйдзе да ўлады Андрэй Саннікаў ці Уладзімір Някляеў? Давядзецца ім, байцам ідэалагічнага фронту, самім дбаць пра хлеб штодзённы, бо дэмакратычная дзяржава не будзе трымаць на сваім балансе тузін газет і часопісаў ды некалькі радыё- і тэлеканалаў. А цяпер дзяржава абавязвае ўстановы, арганізацыі і нават салдацікаў у войску падпісвацца на газеты і часопісы, мабілізуе на забеспячэнне тыражоў паштарак, выдаляе з эфіру канкурэнтаў, падкідвае ў разе патрэбы датацыі, запрашае на дні пісьменнасці, на розныя фестывалі, дае някепскую зарплату…

Куды падзенуцца сотні (ці тысячы?) «ідэолагаў» з прадпрыемстваў, устаноў і арганізацыяў, з выканкамаў? Што будуць рабіць майстры палітычнага сыску і правакацыяў?

Грамадства атамізавана. І ў значнай меры паралізавана.

Стогн, дарагая Святлана, не аб’ядноўвае. Бо стогнуць ад болю і крыўды. А боль і крыўда ў кожнага свае. Няма пакуль што ў нашым грамадстве, у яго большыні агульнага болю і крыўды — за Беларусь, за яе цяпершчыну і будучыню.
І не ўпэўнены я, што гэтыя боль і крыўда з’явяцца.

Анатоль Сідарэвіч

0
awa / Адказаць
02.01.2012 / 23:22
Аптымістка і песіміст. Апошні бліжэй да ісьціны, хаця рэаліі ячшэ глыбей і жахлівей. Але каб выбрацца з гэтага "рэальнага балота", трэба супер-аптымізм ці нават апантанасьць.
0
закаранёны крыміналітэт / Адказаць
02.01.2012 / 23:47
нешта я не разумею перажываньняў сп.Сідарэвіча. Савецкая сістэма адноўленая на 101% . Былая абслуга КПСС (газэтчыкі СБ, ТБ) звычна займаюцца прапагандай і дэзінфармацыяй. Да іх далучылася новае пакаленьне камсамольцаў (брсм). Красьці і махлярыць у грамадстве не прывыкаць. Нічога новага. Яны будуць зубамі і кіпцямі трымацца за сістэму, якая забясьпечвае іхны дабрабыт. А на усіх астатніх ім на..раць. Зловяць на крадзяжах - адкупяцца, выйдуць на волю і зноў працягнуць красьці. Такая ў іх псіхалогія а ідэалогія. Ёсьць відочныя прыклады. Грамадства з часоў СССР настолькі цынічнае, што апэляваць да іхнага неіснуючага сумленьня выглядае ідыёцкай наіўнасьцю. Таксама савецкага паходжаньня, сп.Сідарэвіч.
0
Ліс / Адказаць
02.01.2012 / 23:50
Страх сапраўды паралізуе волю да рэальных дзеянняў. Грамадства атаміназавана,хутчэй так. Погляд Сідарэвіча больш рэалістычны. Мала хто гатоў дзейнічаць дзеля Беларусі
Паказаць усе каментары/ 74 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру