Выставачны праект «Company & Цэслер» адкрыецца 3 студзеня ў Мінску ў вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47).

Экспазіцыю складуць аб’екты Уладзіміра Цэслера, лялькі Алены Байрачнай, скульптуры Мікалая Байрачнага і Віктара Мінько.

Галоўны аб’яднальны акцэнт у экспазіцыі пабудаваны на спалучэнні высокага прафесійнага майстэрства з індывідуальнымі аўтарскімі аранжыроўкамі, якія праз тонкую гульню з сэнсамі выходзяць за межы банальнасці і ператвараюць іх у эстэтычна паўнацэнныя мастацкія аб’екты. Прынцып сінтэзу, злучэнне незлучальнага пакладзены ў аснову практычна ўсіх твораў, прадстаўленых у экспазіцыі. З эстэтычнага пункту гледжання кожная з работ чатырох мастакоў аб’ядноўвае мінулае з сучаснасцю.

У прадстаўленых арт-аб’ектах стыль Уладзіміра Цэслера можна пазнаць з першага погляду. Яго работы вызначае іранічная гульня з кантэкстамі і стэрэатыпамі нашага ўспрымання. Скульптурныя кампазіцыі Мікалая Байрачнага выступаюць у сваю чаргу як спроба стварыць выраб, які не проста існуе ў інтэр’еры, але арганізуе і нават у нейкай ступені падпарадкоўвае яго.

Малады скульптар Віктар Мінько ў сваіх работах выбірае знешне вельмі эфектны шлях сінтэзу фантазійнага і рэальнага. Яго невялікія па памерах бронзавыя кампазіцыі нясуць адбітак лаканізму і манументальнасці. Парадаксальная вобразнасць кожнай з іх нараджаецца дзякуючы валоданню скульптарам нюансамі асаблівай візуальнай і пластычнай гульні з гледачом.

Лялькі Алены Байрачнай таксама арганічна ўпісваюцца ў кантэкст выстаўкі. Спалучаючы ў сабе скрупулёзную дакладнасць рэканструкцыі гістарычнага касцюма са зваротам да несвядомага ў чалавека, яны ўносяць непаўторны гульнявы акцэнт у экспазіцыю, якой Музей сучаснага выяўленчага мастацтва пачынае новы выставачны год.

Выстаўка «Company & Цэслер» прадоўжыць працаваць да 21 студзеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?