Начальнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Эдуард Нікіцін у сваім інтэрв'ю, размешчаным на сайце ГУБЭЗ МУС, паведаміў, якія галіны эканомікі найбольш крымінагенныя.

Паводле яго слоў, да найбольш крымінагенных варта аднесці тыя сферы, дзе размяркоўваюцца і асвойваюцца сотні мільярдаў бюджэтных сродкаў; найперш гэта будаўніцтва, сельская гаспадарка, перапрацоўчая галіна.

"Паводле ацэнак міжнародных арганізацый, што ажыццяўляюць маніторынг за ўзроўнем карупцыі ва ўсім свеце, у сектары будаўніцтва хабар складае ад 5 да 30% ад агульных расходаў па ўзвядзенні аб'ектаў, — сказаў Эдуард Нікіцін. — У 2010 годзе, напрыклад, за кошт сродкаў бюджэтаў усіх узроўняў на будаўніцтва сумарна патрачана звыш 4,3 трыльёна рублёў. Нават калі браць сярэднюю ацэнку карупцыйнага складніка (17%), можна канстатаваць, што за год каля 730 мільярдаў рублёў бюджэтных грошай выведзены ў нелегальны абарот, а гэта крыху перавышае агульны кошт такога аб'екта, як "Мінск-Арэна", або роўны кошту 60 тыпавых панэльных дамоў у Мінску".

Эдуард Нікіцін зазначыў, што прысваенне або растрата, крадзяжы, учыненыя шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, унясенне заведама падманных звестак у фінансава-гаспадарчую дакументацыю, хабарніцтва — асноўныя злачынствы, што перашкаджаюць нармальнаму функцыянаванню гандлю. Тут у 2011 годзе было зарэгістравана 778 злачынстваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?