3 студзеня Юлію Цімашэнка наведаў яе адвакат Сяргей Уласенка. Дачку экс-прэм'ера Яўгенію да маці не пусцілі. Уласенка заявіў, што за Цімашэнкай круглыя суткі сочаць і не выключаюць святло ў камеры. Умовы яе ўтрымання ён назваў нечалавечымі.
Аднак Дзяржаўная пенітэнцыярная служба заяўляе, што камера Юліі Цімашэнкі «адпавядае ўсім еўрапейскім патрабаванням і нормам ўтрымання».
«Памяшканне, у якім знаходзіцца Юлія Цімашэнка яшчэ з адной асуджанай, мае плошчу 37,5 метра. Камера адпавядае ўсім еўрапейскім патрабаванням і нормам; абсталяваная сучаснай тэхнікай, тэлевізарам, мікрахвалёўкай, халадзільнікам. Ёсць асобнае месца для прыгатавання ежы, ванны пакой з душавой кабінай і пральнай машынай, санвузел, бідэ», — гаворыцца ў заяве.
У якасці доказу яны выклалі фоты камеры.