Былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў знайшоў сведак свайго затрымання вечарам 19 снежня мінулага года.

Людзі адгукнуліся на яго зварот праз незалежныя СМІ.

Яны гатовыя ў судзе пацвердзіць абгрунтаванасць прэтэнзій Казлова як да супрацоўнікаў у цывільным, якія яго затрымлівалі, так і да рашэння суда наконт арышту падпалкоўніка на 5 сутак.

«Яны патэлефанавалі, назвалі сябе. Чакаю зараз рэакцыі суда — яны мусяць паведаміць, калі будзе судовае паседжанне. Тое самае і наконт скаргаў у пракуратуру: яны пададзеныя на тых супрацоўнікаў, якія сфальсіфікавалі ўсё — ад першага да апошняга слова ў сваіх рапартах. Таксама чакаю рэакцыі, але пакуль няма ніякай».

Нагадаем, Мікалая Казлова затрымалі 19 снежня ў Мінску на пераходзе ля ўніверсама «Цэнтральны». Але ў міліцэйскім рапарце адзначана, што яго затрымалі ля Чырвонага касцёла за тое, што ён, нібыта, брудна лаяўся на адрас журналістаў і ўдзельнікаў несанкцыяванай акцыі.

За гэта падпалкоўніка міліцыі асудзілі на 5 сутак арышту.

Пасля адбыцця пакарання Казлоў напісаў скаргу ў пракуратуру на дзеянні супрацоўнікаў у цывільным і заяву ў суд. Падпалкоўнік не верыць, што пакараюць супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія, па яго словах, сфальсіфікавалі пратакол яго затрымання, ні ў перагляд рашэння суда. Але, кажа Казлоў, і ў суддзі, і супрацоўнікаў пракуратуры мусіць быць выбар.

Верагодна, кажа Казлоў, суд можа адбыцца ўжо на наступным тыдні.

***

Мікалай Казлоў — падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, які ў 2008 г. пасля парламенцкіх выбараў расказаў пра механізм фальсіфікацыі галасоў на выбарчым участку, які ён мусіў ахоўваць падчас датэрміновага галасавання.

Факт фальсіфікацыі ўлады расследавалі фармальна, а вось на прынцыповага міліцыянера пачалі сапраўдны ціск, пасля чаго Казлоў з міліцыі звольніўся. У 2010 годзе Мікалай Казлоў браў удзел ў акцыях маўчання на Кастрычніцкай плошчы і цудам пазбег затрымання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?