Ёсэф Шкворэцкі.

Ёсэф Шкворэцкі.

88-гадовы патрыярх чэшскай літаратуры памёр у Таронце.

Ён эміграваў у Канаду ў 1968-м, пасля акупацыі Чэхіі савецкімі войскамі.
Выкладаў там англійскую і амерыканскую літаратуру. Але справай жыцця для яго было выдавецтва.
Разам з жонкай ён стварыў найбуйнейшае выдавецтва на чэшскай мове, што публікавала эміграцыйных і апазіцыйных аўтараў.
Каланіяльная ЧССР прызнала ягоныя заслугі: у 1978 годзе ён быў пазбаўлены чэшскага грамадзянства. Ненадоўга: яно вярнулася да яго пасля рэвалюцыі 1989 года. Ён атрымаў таксама найвышэйшыя ўзнагароды незалежнай Чэхіі.

Самы вядомы раман Шкворэцкага «Гісторыя інжынера людскіх душаў» перакладае цяпер выдатны беларускі багеміст Сяргей Сматрычэнка.

Выдавецкая справа Шкворэцкага — прыклад таго, як шмат можа зрабіць эміграцыя для сваёй нацыі.
Праўда, у наш час важнейшым за папяровае кнігавыданне стаў інтэрнэт.

* * *

Дзівосная гісторыя пра 500 даляраў, або Як Сматрычэнка перакладае Шкворэцкага

Са smatrycenka.livejournal.com:

У 1997 годзе студэнтам я семестр быў у Плзэні, і амаль выпадкова трапіў на лекцыю літаратуразнаўца Іржы Станека, прысвечаную навэле Ёзэфа Шкворэцкага «Легенда Эмёке». Дакладней, нельга сказаць, што трапіў я на тую лекцыю зусім выпадкова, бо за некалькі месяцаў да таго прачытаў «Легенду Эмёке» і пачаў быў яе перакладаць, а ў Плзэні ва ўніверсітэце пабачыў абвестку пра адкрытую лекцыю і вырашыў на яе схадзіць. Лекцыя была шыкоўная, дапамагла мне адшукаць ключ для перакладу — і таго твора Шкворэцкага, і іншых. «Легенда Эмёке» ўжо гадоў дванаццаць як амаль цалкам у мяне перакладзеная (толькі раз перачытаць і паправіць сёе-тое), але надрукаваць яе дагэтуль не ўдалося. А гадоў сем таму я прачытаў вялікі раман Шкворэцкага «Гісторыя інжынера людскіх душаў» і загарэўся перакласці таксама яго.

Гэтая ідэя проста вылежвала ў маёй галаве, чакаючы свайго часу, пакуль я летась не пазнаёміўся з Анджэем Ягадзінскім, перакладчыкам Шкворэцкага на польскую, які акурат за пераклад «Гісторыі інжынера…» атрымаў Ангелуса (вядома, разам з аўтарам), пакінуўшы ні з чым нашага Ігара Бабкова. Анджэй распавёў мне такую гісторыю. Калі на пачатку 80-х ён, малады дысідэнт і хіпі, які ў Польшчы застаўся без працы (натуральна, з палітычных прычынаў, як тады там бывала), яго адшукаў нейкі чалавек, каторы перадаў яму канверт, сказаўшы, што гэта ад Шкворэцкага (той эміграваў яшчэ ў 1969-м і заснаваў у Таронта выдавецтва, у якім выдаваў многіх і многіх чэшскіх аўтараў, забароненых на радзіме). У канверце была пісулька і 500 даляраў. У цыдулцы гаварылася, каб гэтыя грошы ён прыняў як стыпендыю для працы над перакладам «Гісторыі інжынера…», чым ён самастойна, у вольныя хвіліны, на той момант ужо нейкі час займаўся. Прайшлі гады, у вызваленай ад камунізму Польшчы Анджэй зрабіўся шанаваным і заслужаным чалавекам, працаваў у польскім пасольстве ў Празе, кіраваў Вышаградскім фондам, цяпер узначальвае Польскі інстытут у Браціславе. Аднойчы ён напісаў свайму аўтару ў Канаду. Напісаў пра сваё жаданне вярнуць 500 даляраў, якія некалі атрымаў. У адказ Шкворэцкі параіў перадаць грошы нейкаму іншаму перакладчыку, якому такая стыпендыя таксама магла б дапамагчы. Такім чынам я ад Ёзэфа Шкворэцкага — праз Анджэя Ягадзінскага — атрымаў стыпендыю і ў адзін цудоўны дзень, відаць, перадам яе па ланцужку далей. А праца над перакладам пачатая, з паўгода таму. Яна зойме яшчэ нямала часу, але даведзеная да канца будзе, абавязкова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?