Максім Багдановіч у сваіх рэцэнзіях, якія ён пісаў для расійскай перыёдыкі, заўсёды надаваў увагу афармленню аналізаваных кніг, даведнікаў. Між тым сучасныя крытыкі неяк забываюцца на гэтую важкую рэч, лічаць яе малаістотнай — калі толькі гаворка ў іх не ідзе пра мастацкія альбомы, дзіцячую літаратуру. Між тым для чытачоў, асабліва беларускіх, для якіх кніга з 2011 года зрабілася падарункам, запланаванай пакупкай, гэтыя звесткі маюць істотнае значэнне. Таму пачну з іх: аўтар «Міларусі» адначасова з’яўляецца мастаком кнігі, і ў яго добра атрымліваецца спалучаць абедзве спецыяльнасці — выданне багата ўпрыгожваюць невялікія густоўныя малюнкі-акенцы, своеасаблівыя знакі прыпынку, якія добра пасуюць да тэксту, акцэнтуюць увагу на асобных момантах аповеду. Прыклад гэтага выдання сведчыць, што беларуская літаратурна-мастацкая кніга можа ўдала выкарыстоўваць рэсурс прафесійнай графікі (хоць сам аўтар «Міларусі» прызнаецца, што маляванне не зрабілася ягонай асноўнай прафесіяй).

Пукаты шрыфт кнігі зручны для чытання, папера якасная — кажу пра гэта, бо цяпер такія часы, што расійская група кампаній «АСТ» нават звышпапулярныя інтэлектуальныя раманы накшталт «Пражскіх могілак» Умбэрта Эка друкуе на паперы другога гатунку, якая патыхае цвіллю, а насамрэч — цяжкімі металамі… Імпануе і сцісласць, прадметнасць інфармацыі на двух «клапанах» да вокладкі выдання Лявона Вольскага: на першай — нязмушаны зварот да чытача і ўласнаручны подпіс аўтара (ён, як і подпіс Адама Глобуса, выдае ў аўтары чалавека з не абы-якімі мастацкімі здольнасцямі), на другой — аўтабіяграфія з прыкрай памылкай у апошнім сказе (карэктару «Міларусі» Ядвізе Зінкевіч стаўлю «7-» за памылкі ў кнізе: то «дз» пры пераносе падзеленае, то кропкі няма на месцы).

Вонкава кніга выглядае прывабна, а што знутры? 13 апавяданняў і аповесць, напісаныя аўтарам у розныя гады. Некаторыя з іх ужо друкавалася ў СМІ. Так, апавяданне «Новая кватэра Казімера» можна было прачытаць у «калядным» нумары «Нашай Нівы» за 2000 год.

Усе тэксты аб’ядноўвае спрадвечная для літаратуры тэма пошуку чалавекам свайго месца ў жыцці. Тут аўтар, які працуе ў жанры магічнага рэалізму, не дае гатовых рэцэптаў, і шчаслівых канцовак у зборніку няшмат. І адкуль ім наагул узяцца: персанажы кнігі — «страчанае пакаленне», гэта пераважным чынам мяккія, неваяўнічыя маладыя беларусы творчых прафесіяў, на вачах якіх сябрукі адзін за адным з’язджаюць за мяжу, а Беларусь усё больш паглыбляецца ў чорныя задушлівыя штольні дыктатуры. І што «героі» могуць зрабіць у такіх варунках, асабліва калі іх аб’ядноўвае роспач і дабрыня? Аўтар не ўплывае на хаду падзей, толькі зрэдчас дапамагае персанажам: быццам літасцівы Бог, ён спасылае ім крышачку ўдачы і надзеі, кіруючы сіламі прыроды. Прыкладам, юнака Званіцкага выратоўвае ад беларускага ваенкамату… камета, якая трапляе акурат у гэты паскудны будынак. «Новая эра спусцілася на Зямлю. Наступныя ваенкаматы з’явяцца тут не раней чымсьці праз тысячу гадоў», — канстатуе нехта пасярод новаўтворанай пустэчы, пажараў і землятрусаў. Але Званіцкі здолеў прадэманстраваць сваю волю як чалавек: у адказ на запыт маёра, за секунду да падзення каметы, маладзён паспеў паслаць падалей і афіцэра, і ваенкамат, «і ўсё ягонае гаўнянае войска». Аўтар толькі паставіў тут важкую кропку нябесным целам.

Прыродныя катастрофы ў Вольскага не заўсёды трагічныя — яны могуць падарыць «героям» магчымасць новага жыцця. Так, калі ў горадзе пачалася паводка («Улады сцвярджаюць, што асаблівых падставаў для неспакою няма, сітуацыя знаходзіцца пад дзяржаўным кантролем»), і пяціпавярховікі апынуліся пад вадой, Віталь уратаваўся пры дапамозе кузава ад грузавога аўтамабіля. Больш за тое, у той кузаў паспела заскочыць невядомая дзяўчына, а яшчэ — сабакі, каты, хамячкі, іншыя дамашнія жывёлы. Гэтую амаль біблейскую гісторыю асвятляе зыркі веснавы месяц — у дадзеным кантэксце ён выглядае знакам аўтара.

Падтэмаю, якую даследуе Вольскі, з’яўляецца гатоўнасць людзей да пераменаў у асабістым жыцці. Тут, канечне, «героі» найчасцей губляюць свой шанец — ім не хапае рашучасці, замінае кволасць характараў, пачуццяў. Як радыёжурналісту Мар’яну Адольфавічу, напрыклад. Чалавек пабачыў папараць-кветку, выгульваючы сабаку ўвечары, але чаму не сарваў? Не наважыўся, бо жаданняў акрэсленых, мараў запаветных не меў, а толькі сквапнасць і прыроджаную беларускую разважлівасць-памяркоўнасць — вось магічнай кветкаю і скарыстаўся хуценька ягоны сусед Рыгор, і краіна на наступны дзень займела новага прэзідэнта.

Іншым разам аўтар кнігі ператвараецца ў Д’ябла і заблытвае дарогі і лёсы, не даючы сваім персанажам змяніць жыццё ў лепшы бок, зрабіцца шчаслівымі: Раман Рымар на сваю бяду займеў пасаду міністра артылерыі і па сумяшчальніцтве міністра жывапісу Малога Альгаміна; Літаратар, які наважыўся-такі з’ехаць з Беларусі, гіне ў аварыі; Казімер, зрабіўшы рамонт у новай кватэры, вяртаецца ў яе, аднак там чамусьці жывуць чужыя людзі…

Толькі не падумайце, што ў кнізе Вольскага спрэс прыродныя катастрофы і няўцешнасць, неўладкаванасць чалавечых жыццяў. «Міларусь» — найперш гумарыстычная мастацкая кніга, паўнюткая смешных вобразаў і вясёлых, трапных назіранняў над беларусамі. Адзін толькі парадыйна-сатырычны аповед «Жывёльны сьвет Беларусі багаты і разнастайны» (апісваюцца бусел, крот, курыца і камар — і ўсё!) здольны ператварыць звыклы пахмуры краявід за акном у дзівоснае, фантастычнае відовішча, дапамагчы ўбачыць сваю краіну загадкавай, больш прывабнай, прымусіць вас аж калаціцца ад рогату, забыўшыся і на добрага Бога, і на злога Д’ябла, і на клятую дыктатуру.

Ці ж гэта не магія літаратуры?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?