06.01.2012 / 13:16

Набылі моц папраўкі ў заканадаўства наконт адказнасці за парушэнні ў інтэрнэце

6 студзеня ў Беларусі набылі моц папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія датычацца адказнасці за парушэнні ў сферы выкарыстання інтэрнэту.

Устанаўліваецца адказнасць юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў за ажыццяўленне імі дзейнасці па рэалізацыі тавараў, выкананні работ, аказанні паслуг на тэрыторыі Беларусі з выкарыстаннем інфармацыйных сетак, сістэм і рэсурсаў, якія маюць падключэнне да інтэрнэту і не размешчаны на тэрыторыі краіны і (ці) не зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку. Штраф у гэтым выпадку можа скласці ад 10 да 30 базавых велічынь.

Штраф ад 5 да 15 базавых велічынь можа быць прызначаны аператару перадачы даных, інтэрнэт-кафэ і камп’ютарнаму клубу ў тым выпадку, калі яны не ажыццяўляюць ідэнтыфікацыю абаненцкіх прылад пры аказанні інтэрнэт-паслуг і (ці) карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг у пунктах калектыўнага карыстання, улік і захоўванне звестак пра абаненцкія прылады, персанальных даных карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг, а таксама звестак пра аказаныя інтэрнэт-паслугі.

Ад 10 да 30 базавых велічынь — гэта штраф, які можа накладацца на інтэрнэт-правайдара за парушэнне патрабаванняў аб абмежаванні доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг да інфармацыі, забароненай да распаўсюджання ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі. Абавязковая інтэрнэт-фільтрацыя ўведзена для дзяржаўных органаў, выключаючы сілавыя ведамствы, і ўстаноў адукацыі. Для ўсіх астатніх інтэрнэт-доступ могуць абмежаваць толькі па жаданні самога карыстальніка.

Гэтыя новаўвядзенні ў заканадаўстве многія расцэньваюць як інтэрнэт-цэнзуру. Шэраг аналітыкаў, прадстаўнікоў інтэрнэт-супольнасці і карыстальнікаў сеткі асцерагаюцца ўзмацнення жорсткасці кантролю за непажаданымі ўладам апазіцыйнымі сайтамі.

Паводле неафіцыйных даных, ужо сёння ў спіс забароненых рэсурсаў акрамя сайтаў парнаграфічнага зместу ўключаныя сайты незарэгістраванага праваабарончага цэнтра «Вясна», «Белорусский партизан», «Хартыя’97» і блог Яўгена Ліпковіча ў «Жывым журнале».

Напярэдадні набыцця моцы папраўкамі ў КоАП і ПВКоАП Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце Беларусі (ААЦ) распаўсюдзіў каментарый. У ім адзначаецца, што «змяненні ў заканадаўства закліканыя стварыць спрыяльныя ўмовы для суб’ектаў гаспадарання Беларусі, забяспечыць празрыстасць інтэрнэт-гандлю, абараніць інтарэсы беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў ад забароненай да распаўсюджання заканадаўствам інфармацыі (гандаль людзьмі, парнаграфічныя матэрыялы, прапаганда насілля, бязлітаснасці і да т.п.), стварыць умовы для абароны гонару і годнасці».

Якіх-небудзь абмежаванняў па выкарыстанні інтэрнэт-рэсурсаў для грамадзян не прадугледжваецца, іх доступ да замежных інтэрнэт-сайтаў не абмяжоўваецца, а распаўсюджная некаторымі СМІ і інтэрнэт-рэсурсамі інфармацыя аб увядзенні ў Рэспубліцы Беларусь адказнасці за наведванне замежных сайтаў не адпавядае рэчаіснасці, сцвярджае ААЦ.

«Заканадаўства не перашкаджае дзейнасці беларускіх суб’ектаў гаспадарання па рэалізацыі тавараў, выкананні работ і аказанні паслуг за межамі Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем замежных інтэрнэт-рэсурсаў. Да адміністрацыйнай адказнасці могуць прыцягвацца толькі юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі Рэспублікі Беларусь за ажыццяўленне на яе тэрыторыі дзейнасці па рэалізацыі тавараў, выкананні работ і аказанні паслуг з выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсаў, размешчаных за межамі нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт», — гаворыцца ў паведамленні ААЦ.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру