У сувязі з эпідэміяй адру ў краінах Еўропы Міністэрства аховы здароўя Беларусі засцерагае суайчыннікаў ад небяспекі заражэння гэтым інфекцыйным захворваннем.

Як паведамляе сайт Міністэрства аховы здароўя, асабліва высокая рызыка захварэць на адзёр і распаўсюджвання інфекцыі сярод людзей 20–29 гадоў. Згодна з праведзеным у Беларусі ў 2011 годзе вывучэннем папуляцыйнага імунітэту супраць адру, яго ўзровень сярод моладзі 20–29 гадоў складае 84,2%, сярод усіх жыхароў — 91,4%. Пры гэтым парогавы ўзровень імунітэту, які лічыцца дастатковым для кантролю над інфекцыяй, — 90%.

У сувязі з гэтым Міністэрства аховы здароўя настойліва рэкамендуе ў выпадку першых сімптомаў захворвання — насмарк, кан’юнктывіт, кашаль, сып — неадкладна звяртацца да дактароў.
Пры выездзе за мяжу грамадзянам трэба ўдакладняць, ці рабілі ім у дзяцінстве прышчэпкі. У выпадку адсутнасці прышчэпак або звестак аб іх медыкі рэкамендуюць прышчэплівацца. Асобам 20–29 гадоў, якія не прышчэплены, або атрымалі адну дозу вакцыны супраць адру, або не маюць звестак аб прышчэпках, таксама рэкамендуецца вакцынавацца.

Міністэрства аховы здароўя нагадвае,

што эпідэміялагічная сітуацыя па адры ў краінах Еўропы працягвае ўскладняцца.
У дзяржавах ЕС зарэгістравана больш за 31 тысячу выпадкаў гэтага захворвання. У васьмі выпадках захворванне скончылася смерцю, у 24 — ускладнілася энцэфалітам. Найбольшая колькасць выпадкаў адру выяўлена ў Францыі — амаль 15 тыс., Італіі — больш за 4,5 тыс., Румыніі — больш за 2,7 тыс., Іспаніі — амаль 1,9 тыс., Германіі — амаль 1,5 тыс. Згодна з прагнозамі Еўрапейскага цэнтра па кантролі за захворваннямі, пік захворвання чакаецца ў лютым-маі 2012 года.

Пра працяг рэгістрацыі ўспышак адру паведамляецца з Украіны, дзе зарэгістравана прыблізна 1,5 тыс. выпадкаў інфекцыі,

у тым ліку ў Львоўскай вобласці — 959, Івана-Франкоўскай — 296, Валынскай — 59, Роўненскай — 50, Закарпацкай — 31, Кіеве — 9. Рост захворвання на адзёр ва Украіне звязваюць не толькі з неспрыяльнай сітуацыяй у Еўропе, але і з масавымі адмовамі ўкраінцаў ад вакцынацыі.

У Расіі таксама працягваецца рост колькасці выяўленых выпадкаў адру. Больш за 400 выпадкаў інфекцыі зарэгістравана ў 27 суб’ектах краіны, самае складанае становішча ў Паўночна-Каўказскай і Паўднёвай федэральных акругах. У зоне рызыкі насельніцтва, якое не атрымала прышчэпкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?