Царкоўна-дзяржаўнае партнёрства ў Беларусі становіцца больш сталым і плённым, напаўняецца новым зместам. Аб гэтым заявіў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі на сходзе Мінскай епархіі. Тэкст выступлення Яго Высокапраасвяшчэнства размешчаны на афіцыйным сайце БПЦ.

«Тое, што яшчэ 20 гадоў таму магло здацца немагчымым, сёння — звычайныя факты нашага жыцця. Ц

арква не толькі заявіла пра сябе, пра свае правы, але і стала паўнапраўным удзельнікам грамадскіх адносін у Беларусі. Больш таго, яна актыўна ўплывае на фарміраванне грамадзянскай супольнасці»,
 — адзначыў Уладыка.

Кіраўнік БПЦ адзначыў, што традыцыйнымі сталі сустрэчы Сінода Беларускай царквы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, на якіх у дружалюбнай і давернай атмасферы абмяркоўваюцца самыя важныя тэмы царкоўна-дзяржаўных узаемаадносін. У 2003 годзе было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве Беларускай праваслаўнай царквы з Рэспублікай Беларусь. «У мэтах прадаўжэння пабудовы прававой базы царкоўна-дзяржаўнага ўзаемадзеяння ў Беларусі былі прыняты пагадненні паміж Царквой і большасцю рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў адпаведных сферах», — сказаў ён.

Для выканання практычных задач у тых ці іншых галінах жыцця былі створаны сумесныя царкоўна-дзяржаўныя органы — каардынацыйныя саветы або рабочыя групы. Гэтыя структуры прызначаны ўвасабляць у жыццё пагадненні паміж Царквою, міністэрствамі і ведамствамі. Рэгулярна праводзяцца пасяджэнні каардынацыйнага савета па супрацоўніцтву Царквы і дзяржавы, кожнае з якіх прысвечана тым ці іншым важным напрамкам узаемадзеяння. Напрыклад, у мінулым годзе падпісана Праграма супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквы на 2011–2014 гады.

«Супрацоўніцтва Царквы і дзяржавы развіваецца і паглыбляецца, што, зрэшты, не выключае і асобныя непаразуменні на месцах. Часам даводзіцца сутыкацца з памылковым разуменнем прынцыпу свецкасці, які можа трактавацца ў духу антыцаркоўнасці і выказвацца пры дапамозе ідэалагічных штампаў даўно мінулых гадоў!

Частай памылкай з’яўляецца сцвярджэнне, згодна з якім Царква, нібыта, аддзелена ад дзяржавы»,
— сказаў Мітрапаліт. Пры гэтым ён падкрэсліў, што «не адчужэнне, а партнёрства дзяржавы і Царквы з’яўляецца кіруючым прынцыпам дзяржаўнай палітыкі ў рэлігійнай сферы».
«Упэўнены, што будучае — за такой формай адносін.
Мы шчыра спадзяёмся, што супрацоўніцтва Царквы і дзяржавы прывядзе да больш актыўнай асабістай накіраванасці да Евангелля кожнага члена нашага грамадства. Трэба помніць, што справа захавання міру і ўнутранага адзінства ў нашым грамадстве ёсць агульная справа Царквы, дзяржавы, усіх грамадзян — разам узятых або паасобку», — рэзюмаваў Патрыяршы Экзарх.

***

Беларускі Экзархат — гэта 11 епархій, 14 архірэяў (3 з іх вікарныя), 1555 прыходаў і 34 манастыры.
Усяго ў Царкве служыць 1485 свяшчэннікаў і 166 дыяканаў. У Экзархаце дзейнічаюць Мінская духоўная акадэмія, Мінская і Віцебская духоўныя семінарыі, Мінскае, Слонімскае і Віцебскае духоўныя вучылішчы, 654 нядзельныя школы, больш за 100 царкоўных арганізацый, якія займаюцца сацыяльнай дзейнасцю.
Мінская епархія з’яўляецца самай буйной у Беларусі і налічвае 392 прыходы, на якіх нясуць послух 401 свяшчэннік і 56 дыяканаў.
Дзейнічаюць 7 манастыроў (2 мужчынскія і 5 жаночых). Па стану на студзень 2011 года, у епархіі налічваецца 167 нядзельных школ, у якіх навучаецца 7113 дзяцей і 2121 дарослы. Выдаецца 17 найменняў царкоўных газет і часопісаў, дзейнічае каля 40 праваслаўных інтэрнэт-сайтаў. Працуюць больш за 30 прыходскіх сястрыцтваў міласэрнасці і звыш 40 маладзёжных брацтваў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?