Дзякуй усім за пытаньні, наступная онлайн-канфэрэнцыя праз тыдзень.

Посьпехаў : )))

Вольга

Посьпехаў усім Вам! Дзякуй за пытаньні. Заставайцеся з “Нашай Нівай”.

Чаму не пайсці адзіным "фронтам" на наркамаўку, каб урэшце перамагчы?

Аскерка

А калі яна — на нас? : )

Тут не ваяваць трэба, а дамаўляцца. Мы ж адной мовай гаворым.

Дзень добры, спадар Скурко!
Маё пытаньне - таксама "моўнае". Як вы лічыце, чаму сьвядомыя беларусы ( тут я кажу перш-наперш пра выдаўцоў, журналістаў, рэдактараў), што карыстаюцца клясычным правапісам, не прытрымліваюцца нават прынятых імі самімі правіламі (БКП)?

Аскерка

Відаць, у кожнага з тых, хто не прытрымліваецца, тут нешта сваё, асабістае. : )

Калі ж сур’ёзна, для мяне непрымальны момант можа быць толькі адзін: калі мову прыдумляюць, замест таго, каб ёй карыстацца. Калі яе зьбядняюць, напрыклад, баючыся ўжываць словы, падобныя да расейскіх (перагібы, кшталту “карандаша” ў савецкіх расейска-беларускіх слоўніках я ня маю на ўвазе). Тут нічога дзіўнага няма. Гэта болесная рэакцыя чалавека, які ня можа 24 гадзіны ў суткі жыць у арэале сваёй мовы. Гэта дыскамфорт. Гэта падсьвядомае ўзгадненьне свайго стылю маўленьня зь не сваім. Доўга нам яшчэ ад гэтага пазбаўляцца. Але я аптыміст.

U aposhni chas na staronkah NN zjavilasja adnosna shmat materyjalau pra seksusalnyja menshasci - heta neshta asabistae? :)

S

Не, гэта праява таго, што грамадзтва робіцца больш талерантным. Газэта ж — люстэрка грамадзтва.

Сп. Андрэй. Вы кажаце, што мяжа за Ашмянамі зьнікне, калі Беларусь увойдзе ў Эўразьвяз. Ці ёсьць у рэдакцыі еўраскептыкі? Ці ўсе еўрааптымісты

Еўравораг-каталік

Ад эўраскептыкаў нідзе не схаваешся. Нават у рэдакцыі : )

Спадар Скурко, ці пойдзеце Вы 25 сакавіка на плошчу і чаго чакаеце ад гэтага дня сёлета?

Лабановіч

Пайду. Чакаю сьвята.

Колісь НН друкавала праграму тэлеперадач з рознымі там расейскімі каналамі. Хай цяпер гэта немагчыма, але ж ёсць пяць радыёстанцый (DW, РС, ЕРБ, РР, РП), якія вяшчаюць на Беларусь. Чаму б не друкаваць іх праграму? Ці будзеце вы друкаваць праграму спадарожнікавага тэлебачання для Беларусі?

Слухач НН

На жаль, ня ўсюды, дзе жывуць чытачы "НН", чуваць незалежныя радыестанцыі. А мы кожную сераду патыліцу скрабем: як бы нам у 48 (32) старонак(кі) утоўпіць усе матэрыялы? Але ў той ці іншай меры стараемся незалежнае радыё папулярызаваць. Як будзе тэлеканал — будзем бачыць.

Што такое свабода?

віктар

Мера адказнасьці, якую можаш на сябе ўзяць і мець спакойнае сумленьне.

Ці хапае ў раёне вашага пражываньня альтэрнатыўнай прэсы?
Ці варта развіваць мясцовы незалежны друк, хай сабе і незарэгістраваны?

Art

У раёне майго пражываньня — Рэспубліцы Беларусь — альтэрнатыўнай прэсы не хапае. Усім тым, хто робіць малыя газэты для мястэчак і мікрараёнаў — зычу здароўя, вытрымкі, сьмеласьці і разважлівасьці. Інфармуйце, уздымайце балючыя пытаньні, пазьбягайце контрпрапагандысцкіх прыёмаў — і людзі вам павераць.

Як вы ставіцеся да т.зв. грамадзянскіх шлюбаў? Дзякуй

віктар

Кожны чалавек сам выбірае сваю свабоду.

вы писали пра беларуски пераклад байцоўскага клюбу. дык гэта нн збираецца яго выдаваць?

лоер

Пакуль не зьбіраецца. Не было яшчэ такой гутаркі.

Мы толькі напісалі, што ёсьць па-беларуску поўны тэкст раману, які можа нармальна прадавацца. Хто з выдаўцоў першы ўхопіць ініцыятыву?

Ці будзе павялічвацца журналісцкі склад газэты? Як Вы ўвогуле ацэньваеце працу сваіх журналістаў? Дзякуй.

Дзед

Сёньняшнім журналісцкім складам мы ўжо здольныя ахопліваць асноўныя тыднёвыя падзеі з жыцьця краіны. Але як будуць новыя рукі — знойдзецца праца і для іх.

Спадару рэдактар! Ці зьявіцца ў газэце рубрыка, прысьвечаная культуры мовы? Сёньня гэта вельмі актуальна і патрэбна. Каб тыя, хто карыстаецца беларускай, маглі дасканаліць свае веды. Мова ажывае і мусіць пераадольваць як наступствы русыфікацыі, так і спробы яе штучнае беларусізацыі. Хай пойдзе дыскусія і хай сваё слова скажуць мовазнаўцы і актыўныя карыстальнікі. Гэта ж справа №1 :)) Мова нас зьяднае. А недахопы будуць, спадзяюся, пераадоленыя. Патрэбныя якасныя слоўнікі, даведнікі, падручнікі. Найперш для тых, хто хоча вярнуцца да свайго. А ўсё-ткі вернемся :)) Не сумуйце!

Ulryk

Выдатная ідэя, дзякуй.

1. Сп. Андрэй, як на Вашу думку, наколькі адрозная аўдыторыя газэты і сайта (узроставая, у прафэсійным, адукацыйны цэнз)?

цікаўны

Газэту болей чытаюць за Менскам, болей сярод чытачоў папяровай вэрсіі сталых людзей.

2. Калі "нашы" прыйдуць у горад, ці вернецца папяровы варыянт да фармату А3?

цікаўны

Можам нават на А2 з дадаткам на А1.

3. Узор газэты, часопісу (апроч НН, натуральна), на які хацелася б арыентавацца

цікаўны

У навінах і аналітыцы -- Financial Times, GW, у ідэях -- кіеўская Критика.

сп. Андрэй, ці мае нейк зьмяніцца моўная палітыка "НН"? ці будуць экспэрымэнты? як вы наагул бачыце моўную палітыку газэты? дзякуй.

вялікі і магучы

Моўная палітыка газэты можа зьмяніцца хіба што разам зь беларускай мовай.

Ня так даўно партал tut.by праводзіў апытаньне пра мову, на якой наведвальнікі хочуць чытаць навіны. Выявілася, што да 37% хочуць чытаць толькі па-беларуску, а яшчэ 30% - дзвюхмоўныя. У міжчасе іншы партал, naviny.by, перастаў падаваць па-беларуску нават навіны культуры (вяршыня зьдзеку з чытача: Председатель общественного объединения "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Олег Трусов обратился к мэру Минска Михаилу Павлову с предложением назвать одну из улиц столицы именем белорусского художника, композитора, пианиста, педагога и писателя Наполеона Орды).

Апытаньне на tut.by паказала, што да 70% наведвальнікаў хоча інфармацыі па-беларуску. На здаровы розум, любая камэрцыйная структура нават для 10% наведвальнікаў зрабіла-б вэрсыю на той мове, на якой ім зручней альбо прыямней спажываць інфармацыю. Чаму, на Вашую думку, камэрцыйны разьлік не працуе ў беларускіх камэрцыйных інтэрнэт-рэсурсах? Ці, можа, яны ўвогуле не скіраваныя на камэрцыйны посьпех? Калі так, то хто і навошта іх трымае?

Radykal

Законы маркетынгу ў краіне зь вяршэнствам ідэалёгіі выкрыўляюцца. Але вынікі апытаньняў даюць надзею на перамогу ўсё ж законаў маркетынгу : )

Ці НН разглядала мэтазгоднасьць стварэньня камэрцыйнага (у сэнсе з рэклямай, а не платнага) інтэрнэт-рэсурсу? Калі верыць акавіце, рэйтынгі НН мае добрыя. Саўбелцы саступае, але гэта, мусі, таму, што Лёлік Ушкін там бязвылазна сядзіць :))) Аўдыторыя вашая плацёжаздольная, безграшовыя беларусы пра інтэрнэт толькі ў тэлевізары чуюць. Вы спрабавалі зацікавіць сайтам НН рэклямадаўцаў?

Radykal

Рэклямадаўцы сайтамі незалежных выданьняў не цікавяцца вымушана.

Спадар Скурко !
Калі ўжо "Наша Ніва" вернецца да нармалёвага вонкавага выгляду ?
Каму стала горш , ад таго , што вы сталі выходзіць "як за царом " ?
Уладзе? "Белсаюздруку"? Наўрадці.
А дапрыкладу мне было б прыемна зноў трымаць у рукох газэту , а ня баявы аркушык.

Кшталт

“Баявы аркушык” – гэта не памер, а стан душы. Гэта якраз выданьне, якое займаецца контрпрапагандай. Яго можна і фарматам А2 выдаваць. А “НН” да “нармалёвага вонкавага выгляду” вернецца толькі тады, калі незалежная прэса вернецца ў дзяржаўную сетку распаўсюду. Або калі зьнікне дзяржманаполія на распаўсюд прэсы.

І апошняе пытаньне: як вы ставіцеся да стварэньня й функцыянаваньня мэдыйных праектаў (радыё і тэлевізіі), што працуюць для бел.аўдыторыі з-за мяжы?Наколькі гэта мэтазгодна і эфэктыўна?
Дзякуй за адказы.

w

Чым больш крыніцаў, зь якіх беларус можа атрымліваць незалежную інфармацыю, тым лепш. Чым больш працоўных месцаў для незалежных журналістаў, тым лепш. Чым больш выданьняў – тым большая канкурэнцыя, тым вышэйшая якасьць прадукту. І тым лепш для незалежных выданьняў.

Сп.Рэдактар, як вы ацэньваеце стан сучаснай беларускай журналістыкі? Маю на ўвазе незалежны цэх. Ці гэта журналістыка ў клясычным разуменьні гэтага слова? Ці магчыма, на вашую думку, у сёньняшніх варунках захоўваць галоўны прынцып жур-кі -- аб'ектыўнасьць, трымацца прафэсыйнай этыкі? Якая сёньня галоўная функцыя, роля, задача бел. журналістыкі (ізноў жа размова пра незалежныя мэдыі)?

w

У сытуацыі, калі дзяржаўныя СМІ займаюцца прапагандай, задача незалежных — дапамагаць чытачу зарыентавацца, дзе праўда, дзе не. І якраз галоўная небясьпека, якая падсьцерагае незалежныя выданьні, — скатваньне ў контрпрапаганду.

Спадар рэдактар, ці ёсць верагоднасць таго, што "Наша ніва" перастане існаваць як друкаванае выданне, і калі так, то што будзеце рабіць асабіста Вы - шукаць новыя варыянты існавання газэты ці шукаць новую працу?
І яшчэ адно пытанне - ці верыце Вы у лёс?

Dr. Almost

“НН” – выданьне з стогадовай гісторыяй. Выданьне, якое ў пачатку стагодзьдзя выгадавала клясыкаў беларускай літаратуры і бацькоў беларускай дзяржаўнасьці. Газэта – кандыдат у Сьпіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва ЮНЭСКА. Яе закрыцьцё было б злачынствам перад беларускай культурай.

Калі паўстане патрэба шукаць новыя варыянты існаваньня газэты – гэта і будзе новай працай.

А дзе Дынько?

ШЧАСНЫ №13

Андрэй Дынько застаўся ў калектыве. Ён рэдагуе гэты сайт.

Андрэй, спадзяюся, з музыкай-та не "завяжаце"?

джынджэр

Не зьбіраюся. Хоць спаць давядзецца меней :)

Паважаны спадар Скурко. Мне не толькi як студэнту гiстфака але i як простаму грамадзянiну нашай Беларусi хочацца ведаць,цi вернем мы калi небудзь, не пабаюся гэтага слова, мекку нашай дзяржавы Вiльню. Дзякуй.

ЮРА

Мяжа за Ашмянамі зьнікне, калі Беларусь увойдзе ў Эўразьвяз.

Не пытаньне, а хутчэй пажаданьне: больш даваць матэрыялаў пра сучасны стан навукi - што робiцца ў шматлiкiх беларускiх НДI, ВНУ, якiя вядуцца даследаваньнi i iхнае месца ў мiравой навуке. Беларусь - не аграрная, а навуковая краiна!

omu

Дзякуй, улічым.

Андрэй Генадзьевіч, ну як яно, галоўна-рэдактарскае жыцьцё?

Бабіна

ок

Паболей хацелася б бачыць на старонках НН інтэрвію з новымі цікавымі людзьмі... Ці гэтакіх нямашака?

Трамлямэн мармытанскі

Стараемся. З гэтага году пастанавілі даваць штонумар па такой гутарцы. Во Павал Касьцюкевіч, напрыклад, у сьвежым нумары. Гутарка са Зьмітром Бабіцкім -- у мінулым, зь Янкам Саламевічам -- два нумары таму.

Скажыце, калі ласка, дык што ж у Рэдакцыі здарылася з распаўсюднікам з knihi.net? А то на форумах зьявілася згадка, і адразу ж зьнікла:(

Кацярына Храсіч

Да Рэдакцыі распаўсюднік knihi.net ня мае ніякага дачыненьня.

Шаноўны спадару Скурко!
Зьмена рэдактараў адбылася. Ці будзе мяняцца "Наша Ніва"? Калі так, то як?

akuj

Здаецца, ужо адказваў вышэй на гэта пытаньне.

Сп. Андрэй, ці ня лічылі б Вы мэтазгодным выдаць аўтарскія зборы артыкулаў заснавальнікаў НН? Хаця б -- галоўных рэдактараў (нябожчыкаў, зразумела, бы тыя, хто жывы, паклапоцяцца, спадзяюся, самі).

Дзякуй, АіФ.

Лічу мэтазгодным. Тым больш, што праблемы, уздыманыя Луцкевічамі, Уласавым, Ластоўскім, Купалам, Дварчаніным актуальныя дасёньня.

Што-нішто і перавыдаецца сіламі незалежнага грамадзтва. Вось летась выйшаў грунтоўны том выбраных твораў Антона Луцкевіча, укладзены гісторыкам Анатолем Сідарэвічам.

Перавыдаць найлепшае з Купалы і Коласа лічым справай гонару.

Spadar Skurko. Skazhycie kali laska chamu adbylasia zmena galounaga redaktara NN i chamu menavita na Vashuju asobu. Dziakuj.

Ad zacikaulennaj

Мае быць ратацыя.

Мне прапанавалі – я многа думаў. Урэшце згадзіўся.

Яшчэ пытаньне, сп. Скурко, пра нежаданьне беларусаў размаўляць па-беларуску. Добра вядома параўнаньне нашых абставiн з Iрляныяй, але што наконт Тыбету, якi ў вынiку кiтайскай акупацыi апынуўся пад жудасным этнакультурным прэсам? Чаму рэшткi тыбетцаў здолелi захаваць мову й традыцыю нават ў iндыйскай эмiграцыi, чаму Ягонае Найсьвятарства Далай-Лама менавiта ў выгнаньнi стаў сапраўдным духоўным лiдарам 21 стагоддзя? Цi безгвалтоўны шлях тыбеццаў не добры прыклад для беларусаў?

omu

Прыклад цудоўны, але ня дай нам Божа такога. У беларусаў ёсьць нацыянальная дзяржава – гэта галоўны набытак нацыі за ХХ ст. Дзяржаўнасьць не звалілася зь неба, як часам пішуць. Яна аплочаная ў ХХ ст. потам і крывёй сотняў тысяч людзей. Постсавецкія каляніяльныя тэндэнцыі з кожным годам усё драбнеюць. Растуць пакаленьні, якія ня памятаюць ужо іншага быцьця, апроч быцьця ў сваёй дзяржаве. Дыктатары ж сыходзяць а краіна застаецца.

Што да “нежаданьня гаварыць па-беларуску”. Захад Украіны меў 120 гадоў канстытуцыйнай манархіі з асобным парлямэнтам у складзе Аўстра-Вугоршчыны; літоўцы, латышы, эстонцы мелі дваццаць гадоў міжваеннае дзяржаўнасьці. беларусы нічога гэтага ня мелі. Мы адстаем ад суседзяў у нацыябудаўніцтве.

Прабачце, спадар Андрэй! Але адказваючы на камэнтар наконт Маладэчна, зусім запамятаваў пакінуць тут сваё філязоўскае пытаньне да Вас:
Ці вялікая гэта адказнасьць - быць рэдактарам "Нашай Нівы"? Дзякую.
P.S. Хутка чакаем рэдакцыю зь яе сябрамі да нас ў Маладэчна!

Юрась, сябра супольнасьці "За Маладэчна"

Дастаткова вялікая. І рамантыкі ў гэтым нямнога.

Паважаны спадар рэдактар, я ў вас веру!

Вы робіце вельмі патрэбную справу.Дзякуй вялікі, чытач з Варшавы

Люты

І Вам дзякуй. Пішэце нам пра жыцьцё беларусаў у Варшаве.

Пан рэдактар, у каментарах проста засілле праціўнікаў lдэмсілаў. Здзекуюцца над імі, як могуць. І наадварот, амаль няма крытыкі улады. Атрымоўваецца, што пачытаўшы іх, хутчэй станеш прыхільнікам апошняй. Але ж мэта газеты - выхаванне, вярбоўка, агітацыя якраз апанентаў рэжыму. Можа неабходна болей уважліва усе ж адбираць каментары, а не даваць чым пабольш?

Нашая

Мэты газэты – аб’ектыўнае інфармаваньне і якасная аналітыка. Агітацыяй займаюцца агітатары. Вярбоўкай – кампэтэнтныя органы.

Чаго ж нам не стае, каб рэзка перахапіць ініцыятыву і пераламіць сытуацыю на карысьць беларусаў?

Лукашэнка за 13 гадоў здолеў начыста зрусіфіаваць краіну. Цяпер той, хто жыве звыклым жыцьцём -- машына-праца-гіпэрмаркет-хата-кабэльнае ТВ -- можа жыць і месяцамі нідзе ня чуць і ня бачыць слова па-беларуску, не сутыкацца ні зь якімі праявамі беларускай культуры. Чым гэта ўсё скончыцца? Калі Лукашэнка зьнікне, пустку зароўніць беларуская культура, што выйдзе з нораў і шчылінаў, ці расейская дзяржаўнасьць, пад скіпэтрам якой будуць ратавацца беларусы? Ваш прагонз?

Якуб Рыдлёўка

Не стае геніяльнага зьбегу абставінаў.

Міт “спачатку ўсё было ідэальна, а пасьля прыйшоў Лукашэнка і ўсё сапсаваў” распаўсюджваецца тым шырэй, чым далей 1994-ы. Як і контрміт пра “рускіх на чамаданах” :) Між тым, 13 гадоў таму Менск быў нашмат менш талерантным да беларускага, чым зараз. Так, цяпер за белмову могуць забраць у міліцыю, але звычайныя людзі рэагуюць без агрэсіі.

Ужо само тое, што мы тут з Вамі дыскутуем онлайн, сьведчыць: краіна не зрусыфікаваная цалкам. За 13 гадоў у Беларусі калясальна разьвіўся Інтэрнэт. Зазірніце на інтэрнэт-лічыльнікі — у першых дзясятках стаяць беларускамоўныя музычныя, навінныя сайты. Пачытайце пытаньні ніжэй — на tut.by 70% аўдыторыі — за навіны па-беларуску.

Пабачыце: ледзь толькі аслабне ціск – адкуль што возьмецца. Беларушчыне нават спрыяньня ня трэба будзе з афіцыйнага боку: абы не заміналі.

Спадар гал. рэдактар, я спадзяюся, вы вернік? Калі так, то практыкуючы?

Павал

Я хрышчаны ў праваслаўе. Бог ёсьць. Ён усё бачыць.

Спадар Скурко, 1) якія істотныя зьмены ды новыя праекты чакаюць газэту? 2) ці зьбіраецеся больш друкаваць пра рэлігійную сытуацыю ў Беларусі? 3) ці плянуюцца ў друк чарговыя рэпартажы аб падарожжах па Беларусі? 4) ці маеце вы карціну таго, хто вас чытае сёньня - ня сайт, а друкаванае выданьне? 5) што робіце, каб павялічыць тыраж? - цяжка паверыць, што сёньня "Наша ніва", арыентаваная на шырокую аўдыторыю, цікавіць усё менш і менш чытачоў.

Ігар

1.Увесь вольны час зараз аддаем кніжнай сэрыі “Кнігарня “Наша Ніва”. Сёньня во выйдзе з друку трэцяя кніжка з сэрыі “Кнігарня “Наша Ніва” – “Беларусь за дзесяць падарожжаў”.

2.Друкуем адразу, ледзьве зьяўляецца інфармацыйная нагода, цікавая для чытачоў па цэлай краіне.

3. На правох рэклямы: у той новай кніжцы, пра якую казаў, ёсьць адзін рэпартаж, што не друкаваўся ў газэце. :)

4. Спэцыяльнага дасьледаваньня не праводзілі. Толькі зьбіраемся разаслаць чытачам такую анкетку. Пэўныя зьвесткі ёсьць па суадносінах менскай і няменскай чытацкай аўдыторыі — 50 на 50%.

5.павялічваць наклад ва ўмовах забароны на распаўсюд складана. Затое радуе “наклад” сайту. Зара ён сягае 1500 наведваньняў на дзень паводле рэйтынгу "Акавіты". Рэальна - болей.

Дык Скурко начшчадак Танка ці не?

лопата

З аднаго тэйпу, хіба што.

Спачатку пара заўваг.
У газэце ёсьць перабор з забаўляльнымі-выпадковымі-неабавязковымі матэрыяламі (Ушкін, Каіса, Літаратура, Крыжаванкі, Газэтка дзеткам). Цяпер сытуацыя такая, што Наша Ніва не павінна друкаваць таго, што мае магчымасьць зьяўляцца ў іншых газэтах. Місія Нашай Нівы мусіць быць -- ідэі. Фармуляваць ідэі, даваць аналіз падзеяў, адсочваць тэндэнцыі.

ёпс

Да ідэяў, аналізу і тэндэнцыяў я б дадаў яшчэ проста інфармаваньне. Зь Менску часта не заўважаецца, які інфармацыйны голад пануе на рэгіёнах. У вёсках і мястэчках ня заўжды ёсьць хуткі Інтэрнэт. І ўвогуле Інтэрнэт. Спутнікавыя талеркі – таксама далёка ня ў кожнага. Таму папяровая газэта мусіць быць у меру сілаў і тэлеканалам, і радыекропкай, і – немалаважна -- сьвятам на цэлы тыдзень.

Вось вы кажаце “іншыя газэты”. Але колькі спатрэбіцца рук, каб на пальцах іх пералічыць? Тыя, у якіх магла б друкавацца несэрвільная літаратура? Або фэльетаністыка, вастрыні Лёліка Ушкіна? А ці многа сёньня выходзіць якасных дзіцячых выданьняў па-беларуску, якія маглі б узяць верх у канкурэнцыі з расейскамоўнымі? А колькі зь іх можна набыць у кнігарні ў райцэнтры? Ад нашаніўскага ж Капітана Танакі дзеці проста пішчаць. Я сам чуў :)

А вось сайт наадварот цяпер можа быць як тая Наша Ніва 100 гадоў таму -- каб друкаваў і пра надвор'е, і гаспадарку, і крымінальную хроніку. Таксама на маю думку лепей каб на сайце было чым больш інфармацыі. Лепей давайце пару радкоў, абы болей навінаў. А то бывае што завялікія навіны (пра камэнтары, аналітычныя артыкулы я ня маю на ўвазе, я гавару пра інфармацыйныя матэрыялы). Чатыры-пяць радкоў, каб нічога лішняга, ніякіх пераліваньняў з пустога ў парожняе. Таксама на сайце ў разьдзеле Вольны час усё спрэс ТВ ды падзеі культуры. Чамусьці журналісты не адсочаюць, не анансуюць падзеяў спорту, грамадзтва, палітыкі. Тады выходзіць аднабока. Таксама конча даваць два пункты гледжаньня на падзеі -- і лукашэнкаўскі, і незалежны. Тады прасьцей разумець сутнасьць падзеяў.
Дзякуй, прапановы ўлічым. Што да непаўнаты асобных разьдзелаў: “Ніва вялікая, а работнікаў мала”. Ёсьць журналіст, здольны пісаць па-беларуску пра кіно, адсочваць і аналізаваць падзеі — ёсьць у“НН” такая рубрыка. А няма – то шукаем аўтараў.

Не зусім разумею, навошта ў “НН” паўтараць “лукашэнкаўскі пункту гледжаньня”. Для яго дастаткова трыбунаў. У газэце яго выкладаем, калі супадае з нашым :)

Нарэшце (дзякуй за ўвагу) пытаньні. Колькі яшчэ часу краіна можа праіснаваць у цяперашнім стане? Адкуль могуць прыйсьці перамены, калі не з дысыдэнцкага асяродку? Чаму Лукашэнка так і дэлегалізуе апазыцыі?
Апокрыф: напярэдадні “аксамітнай рэвалюцыі” ў Вацлава Гаўла спыталі: колькі яшчэ пратрымаюцца ў Чэхаславаччыне камуністы? “Гадоў пятнаццаць-дваццаць”, -- адказаў той... Сытуацыя ў Беларусі пачала зьмяняцца імкліва. Параўнайце сытуацыю сёлета з тым, што было год таму. А тое, што было год таму, з 2005-м. Цяжка нешта прадказаць. Пэўна адно: канчатковае рашэньне будзе прымаць не Масква, не Брусэль і не Вашынгтон, а беларускае грамадзтва.

Напэўна, Вы хацелі спытацца “чаму так і не легалізуе апазыцыі”. Бо легальная апазыцыя – гэта апазыцыя, што мае магчымасьць данесьці свае ідэі да шырокай грамадзкасьці. Аўтаматычна маем легалізацыю незалежных сродкаў масавай інфармацыі. А незалежныя СМІ ўплываюць на грамадзкую думку, а празь яе – на законатворчасьць і вынікі выбараў. Астатняе дадумайце самі.

Андрэй, як вы ставiцеся да лiста Мiлiнкевiча?

Ецi

Мілінкевіч ніводным словам свайго ліста не адступіў ад прынцыпаў, агучаных год таму. А такама ясна даў зразумець: калі новая рыторыка ўлады супадае з мэтамі дэмакратычных сілаў – гэта ня мінус для дэмакратычных сілаў. Гэта плюс для ўлады. Але аднае рыторыкі недастаткова. Трэба канкрэтныя справы: вызваленьне палітвязьняў, свабода прэсы etc.
Удакладніце, як вашае прозьвішча будзе правільна па-беларуску Скурка ці Скурко. Бо Дынько так і не наважыўся пісацца Дынькам. А вось Зьміцер Саўка ніколі ня згодзіцца на расейскае Саўко.

ihar

Яшчэ гадоў 100 таму мы былі Скуркамі. Так дагэтуль кажуць на Мядзельшчыне, так стаіць на старых надмагільлях. Але ўжо за польскім часам у дакумэнтах зацьвярджаецца форма Скурко. Так падпісваў лісты зь нямецкага палону мой дзед, так пішуцца мае бацькі. Таму застаюся Скурком. Але як хто Скуркам называе — таксама не крыўдую.
Вось скажыце, калi ласка, паважаны спадар Скурко, навошта я, чистокровный русак, ажанiўся на беларуске й нараджаў тут дзяцей - каб кожны дзень чуць ад хатнiх "не смей разговаривать по-белорусски"? Мусiць, лепш бы было карэйку знайсцi?

omu

Ну, чым Вас суцешыць? Хіба тым, што нават Францішак Багушэвіч меў падобныя праблемы. Каляніяльныя комплексы ў беларусаў зьявіліся ня ўчора і зьнікнуць ня заўтра. Чым яны лечацца? Спажываньнем якаснага культурнага прадукту.

А карэйкі – яны таксама розныя бываюць, напэўна.

Добры дзень! Андрэй, вы робіце вялікую справу. Але з другога боку ваша рэдакцыя пляжыць беларукую мову, прычым без сістэмы і правілаў. Чаму пафас у вас патас, а факультэт філялягічны, гук Ф -- гук не беларускі, тады трэба было б пілялягічны пакультэт, дзе пасьлядоўнасьць? І чаму ў кожным замежным слове вы зьмякчаеце гук Л? І атрымліваецца нешта пачварнае: ляўрэат (дрэва ляўр?), лякальны, Ляпяляндыя, энцыляппэдыя. Адны ляпы. Чаму Маладэчна? заўсёды было Маладзечана. Можна не прызнаваць правілаў "наркомаўкі", але што тады рабіць з Быкавым, Караткевічам, Барадуліным? Можа мы хутка станем бэлярусамі?

Якуб Лапатка

А што рабіць з Купалам, Коласам, Гарэцкім, чые творы дагэтуль не перавыдадзеныя клясычным правапісам, якім пісаліся? Пытаньне правапісу для “Нашай Нівы” істотнае. Клясыкай газэта выходзіла на пачатку ХХ ст., у многім Тарашкевіч і ствараў свой правапіс на матэрыяле мовы “НН” 1906—1915 г. А ў канцы ХХ ст. “Наша Ніва” адстаяла ў судзе права выходзіць клясычным правапісам.

Закіды ж, што тычацца напісаньня запазычаных словаў адрасуйце мовазнаўцам — стваральнікам Зводу правілаў клясычнага правапісу. Мы ім карыстаемся. Ствараць свой “нашаніўскі” — было б не на карысьць. У ідэале правапіс увогуле мусіць быць адзін, як адна мова, я лічу. Якія спрэчкі разгарацца падчас пераходу да адзінага беларускага правапісу – сынтэзу наркамаўкі і тарашкевіцы — можна сабе ўявіць.

«Наша Ніва» на 101-ым годзе існаваньня... Кніжная сэрыя ў гонар стагодзьдзя газэты... «Наша Ніва» ў Інтэрнэце...
Андрэй Скурко, галоўны рэдактар «Нашай Нівы», нарадзіўся ў 1978 у мястэчку Крывічы Мядзельскага раёну ў сям’і настаўнікаў. Скончыў Крывіцкую сярэднюю школу (1995) і філялягічны факультэт БДУ (2000). Пісаць у «НН» пачаў у 1999. На сталую працу ў газэту прыйшоў у 2001. Ад 1 сьнежня 2006 галоўны рэдактар «Нашай Нівы». Неўзабаве мае выйсьці ягоная кніга (у суаўтарстве з Андрэем Дыньком) «Беларусь за дзесяць падарожжаў»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0